Гардзей схіліўся, каб сабраць іх, і раптам здрыгануўся. У пакоі пачуўся страшны, нечалавечы стогн, і ў той жа момант над Гардзеем навісла чорная вялізная пачвара. У цемры яе было цяжка разгледзець, але Гардзею ад гэтага зрабілася яшчэ страшней — здавалася, чорная тара вось-вось абрынецца на яго.
Пачвара схапіла Гардзея калматай лапай за горла і зараўла:
— Ты разбіў мой фотаздымак! Як ты трапіў сюды? Што табе трэба ад Ваўкалака? Цябе падаслала Вядзьмарка, так? Не маўчы, адказвай!
Гардзей, хоць нічога не разумеў і ледзьве дыхаў са страху, быў зусім не супраць адказаць на якія заўгодна пытанні, але Ваўкалак так моцна сціскаў яго горла, што ён не мог вымавіць ніводнага слова.
Луіза пачула ў суседнім пакоі страшны голас Ваўкалака і кінулася туды. Даберман, Сенбернар, Сіямская Кошка і Маленькае Сіямскае Кацяня падаліся следам.
Апынуўшыся ў пакоі, Луіза разгублена застыла на месцы, не разумеючы, што тут адбываецца. Нехта вялізны, чорны схіліўся над яе братам.
Затое адразу ўсё зразумелі астатнія.
— Калі ласка, адпусці яго! — таропка прамовіў Сенбернар.— Так атрымалася... на гэтых дваіх напалі ў нашым лесе.
— Хто ім адчыніў вароты? — незадаволена зароў Ваўкалак.
— Мы не адчынялі! — пакруціў галавой Сенбернар.
— Мы нават не выходзілі з дому,— дадаў Даберман.
— Яны самі адчыніліся,— няўпэўнена прамовіла Сіямская Кошка.
— Мы з мамай былі на кухні,— спалохана прапішчала Маленькае Сіямскае Кацяня.
— Хто вы? Што вы тут робіце? — грозна звярнуўся Ваўкалак да Луізы.
— Прабачце, мы тут зусім выпадкова... Мы не хацелі... Калі ласка, адпусціце майго брата! — пачала маліць Луіза.— Ён ні ў чым не вінаваты.
— Ён разбіў мой любімы фотаздымак,— зароў Ваўкалак.— Я павінен пакараць яго за гэта. Ён назаўсёды застанецца тут.— Ваўкалак зірнуў на Гардзея і, зрабіўшы паўзу, дадаў: — Калі з яго мне будзе якая-небудзь карысць. Калі не — я кіну яго ў склеп, няхай памірае з голаду.
— Ну як жа...— Луіза ледзьве не плакала.— Гэта ж я ва ўсім вінавата. Гэта я ўгаварыла яго зайсці ў гэты дом, а ён не хацеў. Вазьміце лепей мяне замест яго.
— Цябе? Ты згодна заняць яго месца? — ад здзіўлення Ваўкалак нават расціснуў калматыя пальцы сваей учэпістай лапы, чым зрабіў вялікую ласку Гардзею, які праз некалькі імгненняў зусім бы задыхнуўся.
— Не, Луіза, не! — адразу закрычаў Гардзей ахрыплым голасам.— Ты сама не разумееш, што ты гаворыш! Я не дазволю табе!
— Калі я пагаджуся, вы адпусціце яго? — спытала Луіза ў Ваўкалака, быццам не чуючы брата.
— Адпушчу,— адказаў Ваўкалак.
— Я згодна.
— Але я хачу папярэдзіць цябе, што ты застанешся тут назаўсёды,— змрочна сказаў Ваўкалак.
— Не, Луіза, я не дазволю! — у адчаі крычаў Гардзей.
— Я згодна,— паўтарыла Луіза.— Але... Я амаль не бачу вас. Хто вы?
Зноў пачуўся страшны, нечалавечы стогн, і Ваўкалак паволі падышоў бліжэй да свечак на сцяне.
Луіза ўскрыкнула. Пад чалавечай вопраткай гаспадара дома было звярынае цела, пакрытае густой чорнай поўсцю. На знявечаным твары яго расла такая ж чорная поўсць, з якой выглядалі толькі хіжыя вочы ды вялікія воўчыя нос і пашча.
Зірнуўшы на твар Ваўкалака, Луіза са страху засланіла вочы рукамі.
Ваўкалак зноў застагнаў, і ў гэтым стогне чуліся боль і адчай.
— Я не дазволю вам здзекавацца з нас! — закрычаў Гардзей.— Зараз жа выпусціце нас адсюль!
Ад гэтых слоў Ваўкалак зусім раз'юшыўся.
— Выкіньце яго з майго дома! — зароў ён страшным голасам.
Даберман і Сенбернар тут жа накінуліся на Гардзея і пацягнулі яго да дзвярэй. Не паспеў ён апамятацца, як апынуўся за варотамі, якія тут жа з грукатам зачыніліся за ім. Лежачы на дарозе, Гардзей доўга яшчэ спрабаваў сцяміць, што рабіць далей.
Раздзел сёмы
ПАКОЙ ДЛЯ ПАЛАНЯНКІ
— Ты яго хоць не пакусаў? — спытаў Даберман Сенбернара, калі яны вярталіся ў дом.
— Я ж табе не якая-небудзь галодная псіна,— пакрыўдзіўся Сенбернар.
— Здаецца, яны неблагія людзі,— уздыхнуў Даберман, прапускаючы міма вушэй апошнія словы сябра.— Мне іх шкада. Невядома, чым уся гэтая гісторыя скончыцца.
— Хто яго ведае. Але ў нас з'явілася надзея.
— Якая надзея? — не зразумеў Даберман.
— Магчыма, гэта тая дзяўчына, якая ведае чароўныя словы, і яна здыме з нас закляцце.
— О, каб жа! — соладка ўздыхнуў Даберман.
— Ва ўсялякім разе, трэба заўсёды спадзявацца на лепшае,— сказаў Сенбернар.
Так яны дайшлі да пакоя, у якім знаходзіліся Луіза і Ваўкалак. Дзяўчынка адвярнулася ад Ваўкалака і стаяла з нізка апушчанай галавой.