— А што, я кепска трымаю сябе ў руках?
— Як табе сказаць...— дыпламатычна пачаў Сенбернар.— Для Ваўкалака ты, відаць, трымаешся цудоўна. Але як... кавалер... Ну, уяві сабе, што я — гэта ты, а Даберман — гэта Луіза.
Сенбернар накіраваўся да Дабермана і з усёй ветлівасцю, на якую толькі быў здатны, сказаў:
— Мілая Луіза, ці не зробіш ты нам ласку і ці не паснедаеш разам з намі?
Даберман расплыўся ва ўсмешцы.
— Чаго ты скалішся, боўдзіла лапавухае? — ускіпеў Сенбернар.— Ты адказвай, калі ў цябе пытаюцца.
— Я з радасцю з вамі паснедаю,— пакланіўся Даберман.
— О, на табе сёння такая прыгожая аксамітная сукенка. Яна табе так пасуе,— працягваў Сенбернар.— Дзе ты яе купіла?
— Мне падарыў яе адзін французскі дыпламат,— заўсміхаўся Даберман.
— Дурань,— уздыхнуў Сенбернар і звярнуўся да Ваўкалака: — Карацей, усё павінна выглядаць прыкладна так. Ты павінен расцякацца перад ёй, як марожанае ў саракаградусную спякоту. Гавары, гавары і гавары з ёю. Чым больш яна будзе размаўляць, тым большая верагоднасць, што яна нарэшце скажа чароўныя словы.
— Добра,— паціснуў плячыма Ваўкалак,— я паспрабую. Хоць...
— Ну, што яшчэ? — нахмурыўся Сенбернар.
— Я не самая лепшая кампанія для такой дзяўчынкі. I варта мне толькі будзе ўсміхнуцца, вось так...— Ваўкалак выскаліўся, паказваючы свае страшныя іклы. Сенбернар, які стаяў побач, ад нечаканасці адскочыў убок,— як ёй захочацца не размаўляць са мной, а ўцякаць ад мяне куды вочы глядзяць,— закончыў Ваўкалак.
Сенбернар пачухаў галаву і прамовіў:
— Вядома, ёй давядзецца прывыкнуць да цябе... Мы таксама не адразу... Але, у рэшце рэшт, ты сам сказаў ёй, што яна застанецца тут назаўсёды.
— Я не магу чакаць доўга! — зароў Ваўкалак.— Яшчэ некалькі месяцаў, і ўжо ніякія чароўныя словы не дапамогуць нам зноў стаць людзьмі.
— Слухайце,— умяшаўся ў размову Даберман,— так мы будзем спрачацца бясконца. Я пайшоў клікаць дзяўчынку снедаць, а там будзе відаць, што нам рабіць далей.
Ваўкалак нічога не адказаў на гэта, адно цяжка ўздыхнуў.
Праз паўгадзіны ўсе сабраліся на кухні. Тут, як і ва ўсім доме, гарэлі свечкі. Іх было шмат, і зыркае святло даставала ва ўсе закуткі. Сіямская Кошка завіхалася каля газавай пліты, разлівала па талерках гарохавы суп. Папугай Лоры наразаў хлеб.
— Добрай раніцы! — сказала Луіза, выбіраючы позіркам месца, куды б ёй сесці.
Яна ўбачыла папугая, які наразае хлеб, з усмешкай кіўнула яму галавой, і паўтарыла:
— Добрай раніцы!
Сенбернар нахіліўся да самага вуха Ваўкалака і прашаптаў:
— Скажы ёй "добрай раніцы"!
Ваўкалак у нерашучасці пачаў круціцца ў крэсле, быццам сеў на нешта гарачае.
— Ну, давай жа, хутчэй! — падганяў яго Сенбернар.— А пасля скажы: "Як табе спалася, дзяўчынка?"
— Як вам спалася? — раптам спытала Луіза і абвяла ўсіх вясёлым позіркам.
Ваўкалак, які ўжо сабраўся з духам і раскрыў рот, каб задаць ёй тое ж самае пытанне, ад нечаканасці аж здрыгануўся і закашляўся.
— Вы не прастудзіліся часам? — спагадліва спытала Луіза.
— Так... хоць не... хоць... добрай раніцы... як табе спалася, дзяўчынка? — як заведзены, замармытаў Ваўкалак.
— О, мне сніўся цудоўны сон,— летуценна прамовіла Луіза.— Быццам прыгожая фея, уся ў белым і зіхоткім адзенні, паслала мяне ў далёкую краіну, каб я расчаравала там аднаго юнага каралевіча, якога злая Вядзьмарка ператварыла ў мядзведзя.
Пачуўшы гэта, Папугай Лоры ўпусціў нож, а Сіямская Кошка ледзьве не звалілася з услончыка, пры гэтым чарпак з гарохавым супам пацэліў міма талеркі. Даберман раптам закашляўся, а Сенбернар падскочыў, быццам яго выцяла токам. Ваўкалак вырачыў вочы і разявіў рот. "Ура!" — зразумеўшы словы дзяўчынкі па-свойму, запляскала ў ладкі Маленькае Сіямскае Кацяня, пасля чаго ўсе ўтаропіліся ў Луізу.
Луіза стаяла з заплюшчанымі вачыма, быццам у гэтае імгненне зноў апынулася недзе там, у сваім начным сне. Нарэшце яна расплюшчыла вочы, уздыхнула і сказала:
— Шкада, што гэта быў усяго толькі сон. Я так люблю розныя прыгоды.
— Толькі сон? — расчаравана перапытаў Сенбернар.
— Толькі сон? — як рэха, паўтарыў Даберман.
— Значыць, табе гэта ўсё прыснілася,— ціха прамовіла Маленькае Сіямскае Кацяня,— і ты не зможаш...
— Хопіць! — раптам крыкнуў Ваўкалак і з усяе моцы стукнуў кулаком па стале.— Больш ні слова! Есці! Я хачу есці!
Раздзел дзевяты
НЯЎДАЛЫ ВІЗІТ
— Яна знікла! Яна збегла ад нас! — мамачка Тарэза нервова хадзіла з кутка ў куток.— Я ўчора паўдня прасядзела каля яе дома, але там так ніхто і не з'явіўся!