— Ты бачыў, хто ў нас кідаўся? — спытала мамачка Тарэза ў Капітона.
— Ды яны, здаецца, самі паляцелі,— разгублена адказаў той, прыспешваючы хаду.
— Ну і вядзьмарка! — прашыпела мамачка Тарэза.— Каб за ёй самой усё жыццё талеркі ды патэльні лёталі!
Раздзел дзесяты
НОВЫЯ КЛОПАТЫ
— Яна спускаецца па лесвіцы,— ціха сказаў Сенбернар Ваўкалаку, асцярожна высоўваючы з-за дзвярэй пысу.
Ваўкалак нервова хадзіў па сваей спальні, і ў яго вачах былі неспакой і насцярога.
— Яна прайшла міма кухні і накіравалася ў пярэдні пакой,— праз некалькі імгненняў паведаміў Сенбернар, стоячы каля лесвіцы.
Ваўкалак уткнуўся галавой у дзверы і нервова зашкроб па іх кіпцюрамі.
— Яна разглядае на сцяне карціну. Яна азіраецца па баках... Яна...
Сенбернар спалохана змоўк.
— Ну?! — глуха зароў Ваўкалак.— Што яна робіць?
— Яна адчыніла дзверы... і выйшла з дому,— разгублена прамовіў Сенбернар.— Спыніць яе?
— Не трэба,— пасля хвіліннай паўзы змрочна адказаў Ваўкалак.— Хай...
У голасе яго чуліся боль і безнадзейнасць.
Луіза выйшла на ганак і азірнулася навокал. Да гэтага часу і дом, і сад яна бачыла толькі ў цемры, і тады яны здаваліся ёй змрочнымі і таемнымі. Цяпер усё ззяла ў сонечных промнях, ласкава спявалі птушкі, ціха шумелі дрэвы.
Дзяўчынка крыху пастаяла на ганку, а пасля няўпэўнена ступіла на сцяжынку, якая вяла ў сад. Вакол расло шмат дрэў: яблыні, грушы, вішні, слівы. Паміж дрэвамі былі раскіданы клумбы, але, Бог мой, на іх было сумна пазіраць. Усе яны зараслі пустазеллем ледзьве не ў чалавечы рост, праз якое адно зрэдку праглядвалі кветкі.
Затое якія гэта былі кветкі! Каля іх немагчыма было прайсці абыякава, яны маглі сагрэць і расчуліць самае халоднае сэрца.
— Які жах! — усклікнула Луіза. Яна вельмі любіла кветкі.— Бедненькія мае! Як вы пакутуеце тут! Вам трэба хутчэй дапамагчы!
I дзяўчынка кінулася ў дом.
— Што здарылася? — спалохана спытаў Сенбернар, на якога ледзь не наскочыла з парога Луіза.
— Там... гінуць...— цяжка дыхаючы, пачала тлумачыць дзяўчынка.
— Гінуць? — усклікнуў Сенбернар.— Хто гіне? Дзе гіне? Чаму гіне?
— Там гінуць кветкі! — нарэшце вымавіла Луіза.— На клумбах.
— Кветкі? — з палёгкай уздыхнуў Сенбернар.— На клумбах? Фу ты, а я ўжо спалохаўся, што на нас хто-небудзь напаў.
Ён пакруціў галавой і, ціха насвістваючы сабе пад нос матыў нейкай песенькі, накіраваўся ў суседні пакой. Яму насустрач тут жа выскачыў Даберман і незадаволена буркнуў:
— Не свішчы! Колькі разоў я цябе прасіў?! Мяне гэта раздражняе!
Сенбернар нічога не адказаў і знік за дзвярыма.
— Хіба вам зусім не шкада кветак? — разгублена спытала Луіза.
— Чаму не шкада? — спакойна адказаў Даберман, які, стоячы за дзвярыма, чуў размову дзяўчынкі і Сенбернара.— Вядома, шкада.
— Але ж трэба што-небудзь рабіць,— жаласліва сказала Луіза.— Яны зусім загінуць!
— Эх, ведала б ты, колькі тут некалі было кветак! А якія! — уздыхнуў Даберман.— Але мы наогул стараемся не выходзіць на двор, не тое што даглядаць клумбы.
— Тады я буду даглядаць іх! У вас ёсць якая-небудзь рыдлёўка?
— Нават не адна,— сказаў Даберман.— Праўда, я не ведаю... Зрэшты, пайшлі.
I ён першы праз кухню накіраваўся ў невялікую каморку. Там аказалася шмат розных інструментаў — граблі, матыкі, рыдлёўкі. Луіза выбрала сабе лягчэйшую і рушыла назад. Даберман застаўся ў каморцы, разгублена пазіраючы ўслед дзяўчынцы.
Зямля была настолькі цвёрдая, а пустазелле так пераплялося, што прайшло ўсяго хвілін дзесяць, а Луіза ўжо зусім выбілася з сіл.
I тут нечакана з'явіўся Даберман — таксама з рыдлёўкай.
— Я падумаў,— неяк няўпэўнена прамовіў ён,— што ўдвух мы справімся хутчэй. Мне ўсё роўна зараз няма чым заняцца.
Працаваць стала весялей, і Луіза зусім забылася на стому. Раптам паказаўся Сенбернар. Ён таксама нёс з сабой рыдлёўку.
— Вось,— сказаў Сенбернар,— гляджу, вы тут нешта ўсё корпаецеся. Дай, думаю, і я дапамагу вам.
Затым падышлі Сіямская Кошка і Маленькае Сіямскае Кацяня.
Сіямская Кошка прынесла граблі, а Маленькае Сіямскае Кацяня — маленькую матыку.
— Мы таксама хочам вам дапамагчы,— сказалі яны.
Пасля прыляцеў Папугай Лоры.
— А я магу насіць у кучу пустазелле,— радасна заявіў ён.
I толькі адзін Ваўкалак не выйшаў з дому і змрочна глядзеў у сад праз шчыліну паміж чорнымі шторамі ў акне спальні.
Раздзел адзінаццаты
ХВАРОБА ЛУІЗЫ
На наступную раніцу Луіза прачнулася ад болю ў горле. Яна паспрабавала падняцца, але ў яе тут жа закружылася галава.