— Мяне завуць Тарэза, я мамачка вось гэтага прыгажуна... Фокачка, любачка, пакажыся.
Жанчына ўзяла сына за карак і выпхнула наперад.
— Што прывяло вас сюды? — глуха спытаў Гардзей, думкі якога былі ўсё яшчэ далека адгэтуль.
— Мы адны? — азірнуўшыся па баках, амаль шэптам спытала мамачка Тарэза і, адхіліўшы Фоку, падышла бліжэй да Гардзея.
— Адны,— паціснуў плячыма хлопец.— А...
— Тым лепш,— задаволена сказала мамачка Тарэза.— Вы чалавек, па ўсім відаць, сур'ёзны. Мы таксама людзі сур'ёзныя. Думаю, мы легка дамовімся.
— Аб чым? — недаўменна спытаў Гардзей.
— Мой сын,— мамачка Тарэза кіўнула галавой у бок Фокі,— хоча ажаніцца.
— Віншую. Але пры чым тут я?
— Гм, мой сын хоча ажаніцца з самай прыгожай дзяўчынай у нашым горадзе. А самая прыгожая дзяўчына ў нашым горадзе, як вядома, Луіза, ваша сястра. Вось мы і прыйшлі, каб разам з вамі абмеркаваць, як гэта лепш зрабіць.
— Гэта не смешна,— нахмурыўся Гардзей.— Тым больш цяпер.
— А мы і не збіраліся жартаваць!
— Тым горш для вас.
— Што гэта значыць? — усклікнула мамачка Тарэза.
— Гэта значыць, што вы зусім дарэмна сюды прыйшлі,— спакойна адказаў Гардзей.
— Але вы яшчэ не выслухалі нашы прапановы!
— Ды не хачу я слухаць вашы прапановы і ўвогуле гаварыць аб гэтым. Луіза ў палоне ў Ваўкалака, а вы тут са сваей жаніцьбай!..
Некалькі хвілін у пакоі было незвычайна ціха. Пачуўшы пра Ваўкалака, Фока ад страху часта-часта залыпаў вачыма і спінай адступіў да дзвярэй.
Мамачку Тарэзу апошнія словы Гардзея так здзівілі, што яна доўга не магла вымавіць ні слова.
Гардзей маўчаў, пра сябе разважаючы, ці не сказаў ён чаго лішняга.
Першай парушыла маўчанне мамачка Тарэза.
— Гэта ў якога такога Ваўкалака яна ў палоне? — ачомалася яна і грозна дадала: — Здаецца, нас тут збіраюцца абвесці вакол пальца!
— Ды ніхто не збіраецца вас вакол чаго-небудзь абводзіць,— уздыхнуў Гардзей і расказаў, як яны з Луізай трапілі ў незвычайны дом пасярод лесу.
— Відаць, я ўжо ніколі не ўбачу Луізу,— амаль са слязамі на вачах закончыў ён сваю гісторыю.
— А як жа цяпер мая жаніцьба? — усклікнуў Фока.— Дзе я цяпер знайду нявесту? Я не хачу...
— Фока! — перабіла сына мамачка Тарэза.— Памаўчы!
I на яе твары, на якім яшчэ хвіліну таму былі разгубленасць і здзіўленне, з'явілася і тут жа пагасла хітраватая усмешка.
— Ах, як гэта жорстка — трымаць чалавека ў палоне ўсё жыццё! — падроблена трагічным голасам сказала яна і цяжка ўздыхнула.— Тым больш, дзяўчыну. А яна ж такая маладзенькая, такая прыгожанькая!
Гардзей нізка апусціў галаву і нічога не сказаў.
— Я б сама пагадзілася да канца сваіх дзён застацца ў палоне ў Ваўкалака, абы ён адпусціў Луізу.
— Праўда?! — узрадавана крыкнуў Фока.— А ты паспрабуй, можа, Ваўкалак і пагодзіцца памяняць Луізу на цябе!
— Ідыёт! — зашыпела мамачка Тарэза.— Замаўчы!
— Не,— уздыхнуў Гардзей,— не пагодзіцца, я ведаю. Ды і ў дом Ваўкалака трапіць, здаецца, немагчыма. Вакол яго высокая цагляная агароджа з адзінымі варотамі, якія выпадковаму чалавеку адчыніць немагчыма. Я ўжо некалькі разоў хадзіў туды, стукаўся, крычаў, і ўсё дарэмна, ніхто не падышоў да іх, не адгукнуўся.
— Божа мой,— зноў падроблена трагічным голасам сказала мамачка Тарэза,— як гэта несправядліва — такую харошанькую дзяўчынку трымаць у палоне! Вы, відаць, многае зрабілі б для таго, хто змог бы яе вызваліць!
— О, я зрабіў бы ўсё, што ў маіх сілах! — усклікнуў Гардзей.— Я б выканаў любое яго жаданне! Я... Але... Я перабраў у галаве тысячы варыянтаў — Луізу немагчыма вызваліць адтуль.
— Ну, сказаць "немагчыма" прасцей за ўсё,— хітра прыжмурыла вочы мамачка Тарэза.— А калі гэтага Ваўкалака пераможа прыгожы, разумны юнак, ну, скажам, як мой сын,— жанчына кіўнула галавой у бок Фокі,— я думаю, вы былі б не супраць, каб яна выйшла за яго замуж?
— Эх, каб жа знайсці такога чалавека, які б змог вызваліць Луізу,— уздыхнуў Гардзей, не вельмі ўнікаючы ў сэнс апошніх слоў мамачкі Тарэзы.
— Здаецца мне, што гэты чалавек стаіць перад вамі,— урачыста прамовіла мамачка Тарэза і павярнулася ў бок Фокі.— Што скажаш на гэта, Фокачка?
— I яна непрыкметна пачала падміргваць яму, маўляў, згаджайся.
Але Фоку такі паварот падзей зусім не спадабаўся.
— Я? Я павінен змагацца з Ваўкалакам? — спалохана спытаў ён і заматляў галавой.— Ну, не! Я збіраўся жаніцца, а не паміраць! Прабач, мамачка, але мне надакучыла цэлымі днямі бегаць за табой па ўсім горадзе, уцякаць ад каструль і патэльняў, якія чамусьці лётаюць самі па сабе. А цяпер я яшчэ павінен і рызыкаваць сваім жыццём?! Ну, не! Калі б я напачатку ведаў, што жаніцьба — такая нялёгкая і небяспечная справа, я б ніколі не паслухаўся цябе!