Выбрать главу

— Не трэба, не памірай!.

Яна гладзіла яго па густой поўсці і шаптала:

— Ну адзавіся! Я не хачу, каб ты паміраў! Ты такі харошы. I Ў ЦЯБЕ ДОБРАЕ СЭРЦА!

Толькі Луіза прамовіла апошнія словы, як Ваўкалак здрыгануўся, з цяжкасцю падняў галаву і страшна зароў.

Луіза з жахам адхіснулася ад яго. Ваўкалак зароў яшчэ мацней. Ён усхапіўся з падлогі. Затуліўшы лапамі твар, забегаў па пакоі з кутка ў куток і раптам з разгону перакуліўся цераз галаву і... тут жа ператварыўся ў чалавека.

На шум з суседняга пакоя выскачылі астатнія жыхары дома. Яны таксама на хаду куляліся цераз галаву і ператвараліся ў людзей, гасцей Гая. Сенбернар зрабіўся Нілам, а Даберман — Карнілам. Сіямская Кошка ператварылася ў маладую жанчыну, а Маленькае Сіямскае Кацяня — у яе дачушку. Папугай Лоры зрабіўся высокім элегантным мужчынам.

Мамачка Тарэза стаяла на верхніх прыступках лесвіцы і глядзела на ўсё гэта вырачанымі вачыма.

Ура! — падхапілі адразу некалькі галасоу.— Ура! Мы зноў людзі!

Усе пачалі абдымацца, цалавацца, танцаваць. Луіза апынулася ў самым цэнтры шумнай кампаніі. Яе таксама абдымалі, ёй дзякавалі, а яна ніяк не магла зразумець, за што.

Мамачка Тарэза, пакуль у доме стаяў вэрхал, палічыла за лепшае знікнуць. План яе праваліўся з трэскам, і цяпер трэба было думаць, як хутчэй адсюль выбрацца.

Каля варотаў яна ледзь не сутыкнулася лоб у лоб з бабулькай, на выгляд жабрачкай, якая, пазіраючы, як мамачка Тарэза з усіх ног імчыцца да машыны, што чакала наводдаль, адно ўсміхнулася, а пасля доўга прыслухоўвалася да шуму, які даносіўся з дому. Нарэшце яна знікла гэтак жа нечакана, як і з'явілася.

У той жа дзень Луіза вярнулася ў горад, як ні ўпрошваў яе Гай і яго госці застацца ў іх хаця б да заутра.

— Не магу,— сказала Луіза.— Там жа Гардзей. Але я... але мы абавязкова прыедзем сюды. Вы ж усе цяпер мае лепшыя сябры.

Гардзей ляжаў на ложку, уткнуўшыся галавой у падушку. Калі ён пачуў голас сястры, то спачатку падумаў, што яму гэта падалося ці ў яго пачаліся слухавыя галюцынацыі.

— Гардзей! — пяшчотна паклікала Луіза.

Хлопец падняў галаву і не мог паверыць сваім вачам. Пакуль Луіза сама не падбегла і не абхапіла яго за шыю.

— Луіза,— нарэшце прамовіў Гардзей,— ён адпусціў цябе?! Луіза не адказала. Ды і як адразу адкажаш на такое пытанне?..