Выбрать главу

Увесь, мабыць, Слуцк, ад старога і да малога, высыпаў на ўзбочыны цэнтральнай Шасэйнай («Шасовай») вуліцы, якой маршыравалі вайскоўцы. Услухоўваючыся ў словы песні, узіраючыся ў гэтыя пабольшасці маладыя, амаль хлапечыя, радасныя твары, жанчыны прыкладалі да вачэй ражкі хустак, а дзядзькі нервова смалілі цыгаркі, кракталі, адварочваліся і бурчэлі на дужа едкую махорку… Каля кургузага будынка аптэкі шчыльнай кучкай стаяла з дзесятак старых слуцкіх яўрэяў, ацалелых пасля пагромаў, – аднолькавыя, усе падобныя на рабінаў, у старэнькіх чорных лапсердаках, з пейсамі, стаялі моўчкі, з застылай скрухай у вачах – і не зразумець было, радуюцца яны, што з’явіліся нарэшце такія ваенныя, якіх можна не баяцца, ці, наадварот, засмучацца.

Адбываўся нейкі гістарычны нонсенс. Войска, якое не зрабіла ніводнага стрэлу, якое нават не паспрабавала арганізаваць абарону роднага горада, з песнямі чаканіла крок па слуцкай шасэйцы і пакідала гэты самы горад з годнасцю напалеонаўскай арміі, што заваявала паўсвета, і людзі са слязамі радасці праводзілі яго – так, як звычайна толькі сустракаюць пераможцаў.

Гэта была тая самая, на скорую руку сабраная з добраахвотнікаў – слуцкіх міліцыянераў, чырвонаармейскіх і белагвардзейскіх дэзерціраў, кадравых афіцэраў, вакольных сялян, парэштак атрада інтэрніраванага БулакБалаховіча, партызан«зеленадубцаў», навучэнцаў трох слуцкіх гімназій – і ўсё адно няпоўная яшчэ Слуцкая брыгада, першае за ўсю беларускую гісторыю вайсковае фармаванне, якое прамым тэкстам на ўвесь свет аб’явіла, што з гэтага часу ўзброеным чынам збіраецца выступаць на абарону не нейкай аморфнай «Бацькаўшчыны ў складзе матухныРасеі ці Польшчы», а менавіта Беларускай Рэспублікі як самастойнай юрыдычнадзяржаўнай адзінкі.

Тая самая брыгада, якая неўзабаве разрасцецца да трох палкоў і больш чым на месяц прыкуе да сябе ўвагу Еўропы11, брыгада, што ў многім прымусіць свет лічыцца з Беларуссю як з краінаю і дакажа, што любое змаганне, падмацаванае ідэяй і вераю (якім бы няроўным і бессэнсоўным адносна канчатковага выніку яно ні здавалася), абавязкова – рана ці позна – дасць плён.

Тая самая брыгада, салдатам і афіцэрам якой удзячныя, «шчырыя а мудрыя» нашчадкі адплацяць дзесяцігоддзямі магільнага забыцця, брыгада, якая пакіне пасля сябе столькі блытаніны, столькі загадак, і адна з іх – вось гэты на мышастага колеру гладкай і жвавай кабылцы афіцэр, зусім малады, на падлетка падобны, з заклееным бурым кавалачкам газеціны свежым парэзам на барадзе, у новенькай, адпрасаванай, падагнанай форме капітана царскай арміі, толькі што без пагонаў і без кукарды на фуражцы, з дэманстратыўна вывешаным на грудзях «іканастасам» дзесятка царскіх ордэнаў і медалёў – «за асабістую мужнасць». Ён стаіць на ўзбочыне дарогі, прапускаючы калону, і ў напятай постаці яго, і ў неспакойных шэрых вачах, якімі ўзіраецца ён кудысь далёкадалёка праз гэты ранні лістападаўскі перадвячэрні зморак, праз гэтых гарланячых песню людзей, праз голыя слуцкія дрэвы і хаты ў прысадах, – бачыцца прытоеная нерашучасць, сумненне; ён нібы прадчувае, які след наканавана пакінуць яму ў беларускай гісторыі і ўсё не адважваецца зрабіць першы крок гэтага следу… Тонкія, пахлапечы рухавыя вусны яго крывіць усмешка… А хаця, магчыма, малады афіцэр проста так спыніўся: робіць агляд свайму рознашэрснаму войску і пасміхаецца сам сабе з гэтай яго стракатасці. Вось ён ужо прышпорвае ў гладкія бокі кабылку і, пазвоньваючы «іканастасам» узнагарод, скача паўз калону ўперад…

І

Худзенькі, з пугаю ў руцэ чырвонаармейчык нацягнуў лейцы і гучна скамандаваў, закапыліўшы губу:

– Тррр!

Запрэжаная параю коней падвода спынілася каля чарговай хаты. Падаў рэдкі, макраваты снег, таму дабро на падводзе было прыкрыта брызентам.

З веснічак раптам выбег на вуліцу і з гарачкі, паслізнуўшыся, ледзь не паляцеў коням пад ногі нейкі хлапчук гадоў дзесяці. Убачыў падводу, чырвонаармейца, застыў, потым шмыгнуў назад у двор, а адтуль праз агароды, прыгінаючыся, даў драла да суседняе хаты…

– Атату! Лаві яго! – закрычаў чырвонаармейчык, лопаючы, бы певень крыламі, рукамі сябе па баках, і засмяяўся. На ім быў старэнькі, яўна чужы шынель даўжынёю да пят, на галаве – паношаная, таксама наўрад ці свая шапка з адкасанымі на вушы бакавінамі. За спінаю целяпалася вінтоўка на доўгім рамяні.