– Не хочаце дакурыць, таварыш Кецка? – Мікіцін адарваў мокрае з цыгаркі, паднёс рэўкамаўцу недакурак да самага рота. – Цягніце, я патрымаю!
– Хай ужо, – адмахнуўся Кецка. – Не дакурыў – што з дзеўкаю не даляжаў. Потым, у цяпле, накуруся…
Мішка скоса зірнуў на яго, тады, відаць, па аналогіі: скалечаныя рукі – антысаветчыкдоктар – банда, спытаў, паказваючы на хату, каля якой стаялі:
– Адсюль таксама?
Кецка як бы задумаўся, адказаў не адразу.
– Мабыць… Тут два хлопцы вялікія, старэйшы жанаты, меншы – гімназіст, у Слуцку вучыўся…
– А цяпер ў лесе вучыцца?
Кецка паціснуў плячыма:
– Разбярэш тут, хто ў лесе, хто дзе…
– Разбярэмся.
– Бацька іхні стары ўжо… І баба хворая, на печы ляжыць, год не ўстае… Нявестка з дзіцям малым таксама…
– Што таксама? З печы не ўстае?
– Ды не, проста жыве з імі…
– Разбярэмся! – паўтарыў Мішка. Ён растаптаў недакурак. Раптам выцягнуў у Мікіціна заціснутую пад пахай пугу, размахнуўся і гучна «стрэліў».
Шарахнуліся спужаныя коні, Мікіцін ледзь утрымаў нацягнутыя лейцы. У двары глуха і як бы здалёк адкуль забрахаў сабака. Чакаюць, значыць, раз сабаку схавалі, ведаюць, што з кім з кім, а з сабакамі ў іх размова кароткая – расстрэл без суда і следства. Таму і ціха так – і на гэтай вуліцы, і на ўсім сяле.
Мішка каленам піхнуў незашчэпленыя веснічкі, пайшоў на двор. За ім пацягнуліся астатнія, пакінуўшы каля падводы аднаго Мікіціна.
У двары, акружаным хлявамі і хлеўчыкамі, дрывотняй і пуняю, не было ні душы. Толькі сабака не зразумець дзе скавытаў і шкробся лапамі аб дошку – прасіўся на волю. Ідучы паўз вокны, Мішка па чарзе пастукаў пугаўём у шыбіны, крыкнуў знарок, як часта любіў, ламаючыся пад паляка:
– Матка, яйкі, млека нясі!
Ён узбег на ганак і ўжо працягнуў руку, каб націснуць на клямку, як нечакана дзверы расчыніліся самі.
– Далёка сабраўся? – спытаў чыйсьці ціхі, страшначужы голас.
З цёмных сенцаў на Мішку глянула круглая, як вока, дзірка рулі абрэза.
– Стой!!! – хапаючыся за кабуру імяннога маўзера, адзінае, што паспеў крыкнуць Мішка; ці то чалавеку з абрэзам, ці каб папярэдзіць сваіх.
Лопнуў стрэл, у адначассе з сянец выбліснуў да сляпучага яркі агеньчык, які навылёт прабіў Мішку грудзі, і ён адразу асеў, дзе й стаяў, на ганку, а тады скаціўся долу, пад сцяну, затрымцеў у сутаргах, заграбаючы рукамі гразкі снег. І апошняе, што ўхапілі рэшткі яго свядомасці, было адчуванне гэтага снегу пад шчакою і млявы, прыкры пах уласнае крыві.
ІІ
У першы міг ашаломленыя чырвонаармейцы апамяталіся і чамусьці не ўрассыпную, а што тыя куры – усе разам – замітусіліся па двары, шчэрачыся вінтоўкамі ва ўсе пабудовы, адкуль маглі прагучаць новыя стрэлы. Толькі вопытны Кецка ірвануўся быў назад, на вуліцу, але напярэймы яму зза сцяны дрывотні выскачылі двое, у світках і са стрэльбамі, равучы ў дзве глоткі нямым крыкам, ад якога закладала вушы: «Вінты усім пад ногі!!! Быстра!!!» – і навялі зброю адзін на Кецку, другі – на чырвонаармейцаў, нібы сабраўшыся «зрэзаць» іх усіх адным стрэлам.
З сянец, трымаючы руляю ўніз абрэз, абачліва прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан – у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.
Велікан зірнуў перш на нерухомага Мішку пад сцяною, затым на чырвонаармейцаў. Тыя са спалатнелымі тварамі збіліся ў кучу, стаялі, кінуўшы пад ногі вінтоўкі і задраўшы над галовамі рукі.
– Стой! – паўтарыў велікан да іх Мішкава апошняе слова, толькі з іншай інтанацыяй – без адчаю, як у Мішкі, а спакойна, нават весела, нават з нейкай зухаватасцю; атрымалася як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!»
– А то страляць буду! – прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя, і не збіраліся нікуды ўцякаць.