– Мікола – таго, каля падводы! – паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу. – Гнат – з гэтымі разбярыся! Дзяніс, – да маладога, – вяроўку!..
Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў – з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.
– Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..
Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўнеры шынялёў, пастроіў усіх у рад, тварамі да сцяны.
– Ногі шырэй, рукі вышэй!..
Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:
– А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..
Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзнач, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях…
З трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх:
– Ыч, шчанюкі, – прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава… Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам: – Ваякі – голыя сракі!
У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар. Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам; крыкнуў:
– Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ужо, вылазь!..
З сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках:
– Каму, Чуб? – задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.
– Дай сюды… – Чуб перавесіў вяроўку на плячо. – А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ, ды венік… і бацьку пакліч, скажы, хай не баіцца… Скажы, усё тут скончана.
– Не ўсё яшчэ, – сказаў Гнат, падыходзячы да Кецкі.
Ён запанібрата паляпаў па плячы збялелага, без крывіначкі ў худым, няголеным твары рэўкамаўца, падштурхнуў бліжэй да ганка. Пасміхнуўся з’едліва: – Ну што, Косцік? І ўеўся ж ты тут у пячонкі ўсім… Маліся цяпер свайму карлумарлу барадатаму, у Бога ж не верыш, прадаў Бога! – відаць, яны з Кецкам даўнія былі знаёмыя, добра ведалі адзін аднаго.
Кецка зглынуў камяк у горле, хрыпата выціснуў:
– Бога я не прадаваў… і людзям не ўядаўся…
– Яшчэ і не баіцца! Пагавары мне тут!
– Зброя ёсць? – лагодна спытаў Чуб, падступаючыся. Як і ва ўсіх мажных, высокіх, з моцным фізічным здароўем людзей яго рухі, ды і словы здаваліся нейкімі як бы расцягнутымі, задужа марудлівымі.
– Ёсць…
– Дык аддай нам, – працягнуў Чуб руку. – Яшчэ пальнеш са страху, бяды толькі наробіш.
– Са страху не пальну…
– Пагавары мне яшчэ!
Нязграбна, непаслухмянымі пальцамі левай рукі ў рукавіцы Кецка пачаў адшпільваць гузікі на палітоне. Гнат з нянавісцю глядзеў на яго.
– Хутчэй, чорт бязрукі! – не вытрымаў, сам залез яму за пазуху, выцягнуў з унутранай кішэні наган з барабанчыкам, падаў Чубу. Той абыякава апусціў зброю ў глыбокую кішэню шыняля.
– Што, прымерзлі рукавіцы? – не адчапляўся Гнат. – Ану, здымай! Ды варушыся трохі!..
Крывячыся ад болю, рэўкамавец сцягнуў рукавіцы, выдаўжыў рукі – маўляў, наце, любуйцеся… І правая, з кульцямі замест двух пальцаў, і левая – не на рукі больш падобныя, а на гусіныя лапы, былі пасечаны трэшчынкамі, пакрытыя нейкімі шнарамі, крывянілі, з белымі крохкімі пазногцямі, што не адраслі яшчэ заместа сагнаных, скура лушчылася, злазіла проста шматкамі з далоняў і з пальцаў, а новая, свежая – была ружовая і тонкая, не дзіва, што не зажывала, балела і трэскалася.
Чуб з Гнатам пераглянуліся.
– Аддай назад, ну яго на… – сказаў Чуб. – Яшчэ заразу якую схопіш.
– А яны яму ўжо не спанадабяцца! – умяшаўся Мікола, які пільнаваў палонных і ўадначас паспяваў слухаць і глядзець, што тут робяць з Кецкам. – На тым свеце цёпла! – і зарагатаў падурному.
Кецку, як ні дзіўна, сцэна гэтая памагла, ён справіўся з сабою. Быццам гэты здзек з яго, палоннага, зараз узвысіў яго, а мучыцеляў прынізіў.
– Дурань, – павярнуўся да Міколы, сказаў даволі смела, – ды я б адно захацеў, дык і левай паспеў бы адправіць цябе туды, куды ты мяне адпраўляеш! Быў момант, вы ж усе спінамі да мяне стаялі!..
– Глянь ты на яго – герой! – здзівіўся Гнат і тут жа, заўважыўшы Кецкаў міжвольны рух, закрычаў: – Я табе дам рукі хаваць!! Хай праветрацца трохі – палезна!