Выбрать главу

Гнат з вяроўкаю падступіўся да палонных, пачаў з Кецкі:

– Лапы давай, калека… Ды дзякуй Богу, і праўда, што нам патрапіўся – рэгулярнай арміі! – сказаў з нядобрым нейкім смехам, дыхаючы на Кецку перагарам добра знаёмай і самаму рэўкамаўцу мясцовай самагонкі, зіркаючы на яго сваімі прыгожымі пукатымі вачыма, і зірканні гэтыя не абяцалі нічога добрага…

Адзін з палонных, крайні, раптам рыўком адштурхнуўся ад сцяны і матлянуў за вугал хаты, з трэскам паваліў хіленькі тын і знік з вачэй.

– Назад!

– Стаяць, курва!! – паляцела яму ўслед.

– Пільнуйце гэтых! – Чуб, выплюнуўшы цыгарку, якую Карпа адразу ж падабраў і прытушыў у снезе, ірвануўся следам, лемантуючы нечакана тонкім голасам, галосячы ледзь не пабабску:

– Гнат, давай хутчэйчэйчэй!!! Сюды з вінтом, абрэз не даб’е! – і ў гэтым ляманцегалашэнні чуўся азарт, была непрыхаваная радасць паляўнічага, які выцікаваў звера.

Падбег Гнат, трушчачы ботамі спарахнелыя калкі тына. Чуб бухнуўся на калені:

– Кладзі!

Гнат уладкаваў на яго плячы вінтоўку, прыліп шчакою да прыклада. Занадта доўга, як падалося нават марудліваму Чубу, пачаў цэліцца…

– Не патрапіш самога заб’ю, – сур’ёзна паабяцаў Чуб, аблізваючы вусны.

Уцякач, падхапіўшы аберуч крысы шыняля, нязграбна, пятляючы між абвязаных саломаю дрэўцаў, спатыкаючыся на прысыпаных снегам разорах, бег падпараным полем к далёкаму лесу. Суха шчоўкнуў стрэл. Чырвонаармеец бег як ні ў чым не бывала. Гнат перасмыкнуў затвор, вылецела і шпокнула ў снег гільза, ізноў стрэліў.

Перш падалося, прамазаў. Але Чуб, які ўвесь час стрымліваў дыханне, шумна, з палёгкаю выдыхнуў, а сам Гнат выпрастаўся:

– Я цябе навучу!.. – адно прамовіў.

Уцякач спатыкнуўся, бы з разбегу наляцеў на туга нацягнуты дрот, заплёўся нагамі і грымнуўся вобземлю – тварам уніз…

Чуб ўстаў, абціраючы мокрыя накаленнікі. Моўчкі, з любоўю паглядзеў на Гната і паціснуў яму руку вышэй локця.

ІІІ

Дзяніс не бачыў, толькі чуў, як страляюць, чуў, як Мікола, мацюкаючыся, гнаў чырвонармейцаў, каб хутчэй цягнулі сюды, у двор, яшчэ аднаго забітага.

Забітага чалавека! – і гэта тут, у двары, знаёмым да кожнай трэсачкі ў дошках плота; двары, дзе адно свіней пад Каляды ці авечак рэзалі, – дык і тады ён, Дзяніс, усімі праўдамі і няпраўдамі стараўся схавацца, перастаяць дзе за сцяною, заплюшчыць вочы, затыкнуць пальцамі вушы!.. Зрабіць тое, што ён і цяпер зрабіў – проста ўцёк, схаваўся па другі бок хаты, стаіўся ў зацішку паміж хлявом і прыбіральняю.

Як таму сабаку, яму захацелася раптам падціснуць хвост, заскуголіць і ўпароцца ў пуню, забегчы ў хату або прытаіцца хоць тут, прысеўшы на карачкі, у гэтым закутку… Хай здагадваюцца, хай расказваюць пасля ў Семежаве, у атрадзе, што ён сцыкун, што не вытрымаў, што ў яго слабыя нервы, што ён не мужчына яшчэ, а смаркач… Хай!

Яго трэсла ўсяго. Ён расшпіліў шынялёк, зачэрпнуў снегу – шурпатых уледзянелых крупак, і хутчэй разагнуўся, баючыся, каб не зблажыла сагнутага. Пацёр лоб і шыю. Халодная макрата папаўзла па твары, па грудзях, адразу стала лягчэй. Узяў раптам і крадком выглянуў зза прыбіральні на агарод, і хоць на імгненне, на хвільку толькі зрабіў гэта, але ж угледзеў, і запомніў нават, як чырвонаармейцы нясуць забітага: двое справа, двое злева, сашчапіўшы рукі «замкамі», бы насілкі зрабіўшы… Крысо шыняля валачылася па снезе, матлялася з боку ў бок нежывая галава, целяпаліся рукі, на мокрыя расквашаныя чаравікі наліплі круглякі гразі, абмотка з аднае нагі развязалася і цягнулася ззаду брудным доўгім бінтам… І кроў, зноў кроў, праклятыя чырвоныя кропелькі на снезе, як рассыпаныя брусніцы!..

За спіной пачуліся крокі. Дзяніс уздрыгнуў і не адразу, нясмела азірнуўся. Чуб стаяў побач, пад сцяною, і корпаўся ў крэсле галіфэ. Зацурчэў струмень. Чуб скасавурыўся на хлопца, толькі і сказаў:

– Калі млосна, не цярпі, засунь два пальцы ў рот – паможа.

І пайшоў сабе.

На дварэ нікога ўжо не было. Адзін стары Карпа шкрабаў сухім, сцёртым да таго, што акурат у руку ўзяць, венікам каля сцяны і пры ганку, зграбаў брудначырвоную кашу ў кучку…

Чуб моўчкі сабраў у абярэмак вінтоўкі, падаўся на вуліцу.

Натоўп вяскоўцаў сабраўся каля плота насупраць Карпавай хаты, па той бок вуліцы, – стаялі, ціха перагаворваліся, бы ў чаканні звычайнай будзённай хаўтурнай працэсіі, пазіралі, як Гнат загадзя ачышчае, прыбірае задок падводы, скідваючы проста долу мяшкі і кошыкі, як пасцілае падон паловаю брызента – другая звесілася з воза да зямлі; як чырвонармейцы, іхнія нядаўнія рабаўнікі, упэўненыя ў сваёй сіле і беспакаранасці, а цяпер пакорлівыя і безадказныя, выносяць і ўзвальваюць на падводу сваіх нежывых таварышаў… Узвалілі, Гнат прыкінуў трупы брызентам, паправіў неастылую яшчэ, падатлівую нагу, што высунулася праз дзірку драбіны, тую самую нагу, з расквашаным мокрым чаравікам, з доўгай, на бінт падобнай, абмоткаю.