Апошнім часам у ейную крамку захаджваў высокі стройны брунет у вайсковай форме. У яго былі цёмныя вочы, чорныя бровы і смуглая скура. Чалавек Усходу. Цэлымі гадзінамі ён сядзеў у крамцы са шклянкай гарбаты і не зводзіў з Паўкі палкага позірку. Ён кепска размаўляў па-расейску, а польскай мовы не ведаў зусім. Таму ён з горам напалам укладаў ёй кампліменты і недарэчна жартаваў. Калі Паўця даведалася, што ён афіцэр і выконвае функцыі начальніка чыгуначнай аховы, таксама пачала ім цікавіцца, наўмысля прыкідваючыся абыякавай.
З цягам часу камандзір роты Грыша — як ён прадставіўся — пачаў бавіць у Паўкі ўвесь свой вольны час. Здаралася, што ён праводзіў яе дадому, але Паўця ніколі не дазваляла яму зайсці ўсярэдзіну. Апраўдвалася, што яна замужняя і жыве з сям’ёй, таму не можа яго запрасіць да сябе. Некалькі разоў яна згадзілася пайсці з ім у рэстаран і кіно. На гэтым усё звычайна заканчвалася. Відавочна, камандзір усім гэтым знудзіўся, бо аднойчы ён выправіўся на Захар’еўскую вуліцу пад нумар 157. Там, зрабіўшы выгляд, што шукае кватэру, даведаўся ад Любы Пажарскай, што Паўка жыве цяпер адна, бо яе жаніх, шавец, некуды знік і не паказваецца ўжо некалькі месяцаў. А можа, нават кінуў яе. Паўцы яна дала найгоршую характарыстыку. Гэта не зменшыла імпэту камандзіра — нават яшчэ больш яго распаліла. Ён пастанавіў дзейнічаць рашуча. Дапамагла яму сама Паўка. Адбылося гэта назаўтра пасля Грышавай размовы з Пажарскай.
Паўка папрасіла камандзіра застрэліць сабаку, які ёй страшна назаляў: «Не дае спаць, вые па начах, жарэ як вол».
— Для цябе то я і з сотні сабак духі дастану… Чаго б я толькі не зрабіў для такой красуні!
І вечарам пасля закрыцця крамы яны разам, пад руку, пайшлі да Паўлінкі. Было позна. Вуліца амаль пустая. Павяваў вецер. Сыпанула снегам. Камандзір моцна прыціскаў да сябе Паўлінчыну руку.
Стоячы на ганку, Паўця паказала Грышу будку Мілага. І папярэдзіла:
— Не страляй, пакуль я ў дом не ўвайду. Страх як баюся!
Камандзір геройскім жэстам выняў з кабуры на поясе рэвальвер. Паўця забегла ў дом. Грыша накіраваўся да будкі. Але ступаў памалу. Баяўся, што сабака яго ўкусіць. У будзе было ціха. Грыша асцярожна нахіліўся і пасвяціў унутр ліхтарыкам. Будка была пустая. Каля яе ляжаў ланцуг і ашыйнік.
«Пэўна, выдумала сабе сабаку, каб мяне сюды прывабіць. Хітрая жанчына!»
Пасля гэткіх разваг камандзір рушыў да дзвярэй Паўлінчынага дома. Дзяўчына таропка выйшла яму насустрач, з ляскатам прычыніўшы за сабой дзверы.
— А чаму ты яго не застрэліў?
— Дык там няма ніякага сабакі!
— Як няма?
Паўця на дыбачках падкралася да будкі. Грыша прысвечваў ёй ліхтарыкам. Дзяўчына пераканалася, што жывёліны сапраўды няма.
— Мусіць, здзёр сабе ашыйнік і ўцёк, — зрабіла выснову Паўка. — Тым лепей. Не трэба будзе застрэленай падліны прыбіраць. Сам недзе здохне. Дзякуй табе. Усяго добрага.
Камандзір падаў ёй руку, але замест таго, каб адысці, рушыў да дзвярэй. Паўлінка заступіла яму дарогу.
— Я ж казала табе, што нельга.
— Камандзіру можна ўсё.
І Грыша, не зважаючы на Паўчын адпор, улез у дом. Ён упэўніўся, што Паўка жыве адна, і застаўся ў яе. Спалі яны разам. Назаўтра Паўка прачнулася вельмі рана. Ейны новы палюбоўнік яшчэ спаў. Паўця была незадаволеная. Яна спадзявалася, што гэткі статны і прыгожы мужчына падаруе ёй шмат уражанняў. Але як жанчына яна была расчараваная. Камандзір так хутка запальваўся і перагараў, што не быў у стане зрабіць гэтак, каб і Паўця паспела адчуць асалоду.
Раздражнёная, злосная, яна адчыніла дзверы і аканіцы. Пачала прыбірацца ў памяшканні. З неахвотай яна паглядала на ложак, дзе гучна хроп Грыша. З-пад коўдры тырчалі брудныя, смярдзючыя ногі, густа пакрытыя доўгімі чорнымі валасамі. Смурод крывых, брыдкіх ступакоў разносіўся па ўсёй кватэры.
Паўця пачала мыцца ў іншым пакоі. Грышыны пяшчоты яе нібы запэцкалі. Яна пачувалася абражанай і ашуканай. З суседняга пакоя раздалося:
— Ты! Паўка!
— Чаго там?
— Зрабі чаго з’есці!
— Няма ў мяне нічога.
— Тады я сам пашукаю!
— Няма чаго шукаць. Есці атрымаеш у краме.
— Такая пані! У каракулевых футрах ходзіць, а дома не мае нават крошкі, каб на зуб пакласці. Дзе ты грошы дзяеш?
— А што табе да гэтага? Уставай давай, бо трэба ісці краму адчыняць.
— Дык ідзі, я пазней прыйду.
— Не, не… Пойдзем разам. Мне трэба мець ключы ад кватэры… Ну, варушыся…
У гэты момант з парога прагучала энергічнае:
— Добры дзень!
Ясь устаў раней. Ён прыкінуў, што гэткай парою Паўлінка мусіць быць удома, калі, канешне, не змяніла кватэры. Дзверы ў Баранаву майстэрню хлопец знайшоў паўадчыненымі. Таму ўвайшоў і, стоячы цяпер у парозе, пераводзіў сканфужаны позірк з Паўлінкі на Грышу і назад.