Выбрать главу

— Не, — цвёрдым голасам запярэчыла Паўка. — Калі праз мяне мерзнеш, то я табе і напалю. Зараз яшчэ дроваў прынясу.

Паўка пайшла да сябе. Там паспешна зняла з сябе ўбранне, абцёрла цела парфумай, напудрыла твар, надзела найлепшую споднюю кашулю. Накінула на плечы паліто і ў галёшах на босую нагу вярнулася ў Ясеву кватэру. Прынесла яшчэ некалькі паленаў і ўсунула іх у печ.

— Глядзі, як я пра цябе дбаю. Шкадую цябе. А ты як сцяна. А я ж такая гаротная.

Паўця прыкрыла качаргой дзверцы ў печы. Затым спешна скінула з сябе паліто, падышла да Ясевага ложка і ўлезла пад коўдру Прытулілася да яго. Хлопец быў ашаломлены. Маўчаў. Удваіх ляжалі цішком адно каля аднаго… І Ясю, і Паўлінцы было аднолькава няёмка. Ішлі хвіліны. Ясь нават не варухнуўся. У нейкі момант ён думаў выскачыць з ложка, адзецца і выйсці. Потым яму захацелася смяяцца, Ясь усведамляў, што Паўлінка хоча перакупіць яго сваім целам. Імкнецца зрабіць яго ўдзельнікам сваёй здрады. Ён дыхаў водарам парфумы, пудры і ляжаў, гледзячы на рухлівыя чырвоныя водбліскі агню, якія падалі на сцяну праз проразі ў пячных дзверцах. Ад Паўлінчынага цела ішло прыемнае цяпло. Ён адчуваў, што мог бы так заснуць.

Ні на імгненне не ўзнікла ў ягонай галаве думка скарыстацца зручнай сітуацыяй.

Паўлінка пачала нервавацца. Мінулая ноч не прынесла ёй спатолі пасля досыць доўгага перыяду без мужчыны. Наадварот, учорашняе яшчэ больш яе распаліла і вывела з раўнавагі. Цяперашняя магчымасць дагадзіць сваім жаданням моцна ўзбуджала дасведчаную дзяўчыну. Яна адчула, што Ясь супраціўляецца. Тады Паўка ссунула з сябе кашулю, узяла Ясеву далонь і пачала ёю вадзіць па сваім целе. Але калі пускала руку, далонь ляжала нерухома.

Ясь цвёрда пастанавіў, што не авалодае Паўлінкай, нягледзячы ні на што. «Пайду заўтра да Мілкі». Ён чуў, што жанчына штораз больш разахвочваецца, і для яе ўжо няважны подкуп і Ясева маўчанне: вядзецца пра заспакаенне пажады і закранутай амбіцыі. Ён адчуў, што Паўлінка дрыжыць. Ейная скура была гарачая і мокрая ад поту. Яна пачала цалаваць яго ў вусны. На гэта Ясь спакойна сказаў:

— Я не люблю цалавацца. Гіджуся чужой сліны.

— Што ты кажаш?!

— Тое і гавару: калі хочаш, каб я нічога не сказаў Аліку, то ідзі сабе. Досыць ужо гэтай камедыі.

— Гэта не камедыя… Я сапраўды!..

— Тым горш. У мяне ёсць свая дзяўчына… А калегу я не магу падманваць… У нас так не робіцца...

Ясь сеў на ложку і адкінуў ад сябе коўдру.

— Які ты агідны!

— То й цацы… Ідзі, калі ласка, а не — дык я пайду…

— Добра... Зараз іду… Але дапраўды нічога не скажаш Аліку?

— Нічога не скажу... І не столькі дзеля цябе, колькі дзеля яго самога… І так яму пекла на зямлі хапае… Ты яму нават харчоў у турму не паслала. А горб у цябе б не вырас, калі б ты парупілася.

— Дык вас жа там кормяць!

— Не рабі з сябе дурнейшую, чым ты ёсць.

Паўка нервова адзявалася. Яна ледзь не лопала ад злосці на гэтага смаркача, які пагрэбаваў ёю, а цяпер гэтак пагардліва прамаўляў. Як жа ёй хацелася яго ўдарыць. Цяпер яна была ўпэўненая, што Ясь не здасць яе Аліку з усімі трыбухамі. Калі апранула паліто, то сказала здзеклівым Тонам:

— Строіш з сябе такога разумніка, а сам дурань!

— А ты брудная свіння!

Гэтак яны міла развіталіся, гадзіну правёўшы разам у ложку. Калі Паўлінка выйшла, Ясь зачыніўся. Падкінуў дроў у печ і вярнуўся ў ложак. Яшчэ некаторы час ён думаў пра Паўку. У пэўны момант ён прашаптаў сабе пад носам: «Гэткая то і з чорта скуру злупіць». Ён быў задаволены сабою, што не паддаўся спакусе.

Заснуў.

Ясь памыляўся. Паўця была ў стане «злупіць скуру» толькі з Барана, аслепленага каханнем да яе. З іншымі прыроджаны эгаізм і мяшчанская крывадушнасць не спрацоўвалі. Толік яе абіраў як ліпку, абскубваў колькі мог. Выкарыстаў яе як жанчыну а потым даў выспятка. Цяпер вышчыпваць з яе паўлінавыя пёркі ўладзіўся і Грыша.

Назаўтра ён з’явіўся ў краме і зноў папрасіў пяцьсот рублёў.

— Ідзі ты к чорту! Не дам! — катэгарычна адмовіла Паўлінка.

— Я тыя грошы згубіў, — бажыўся камандзір. — А вельмі мне патрэбныя. Аддам, як атрымаю заробак.

Рассеўся ў крэсле і чакаў. Урэшце Паўлінка, калоцячыся ад раздражнення, дала яму грошы.

— Каб гэта апошні раз быў! І больш не цягайся да мяне!

Грыша толькі ўсміхаўся. Вывесці яго з раўнавагі было цяжка.

А назаўтра Паўлінка адчула сябе хворай. Зачыніла крамку і пабегла да лекара. Той выявіў у яе венерычную хваробу. Дзяўчына зніякавела.

— Толькі гэтага яшчэ не хапала!

Паўця аж кіпела ад злосці і роспачы. Лячэнне мела быць доўгім і дарагім. Да таго ж трэба было захоўваць адпаведную дыету. А дабрадзей, які справіў ёй гэты падарунак, праз пару дзён зноў завітаў у краму. Па чарговую порцыю паўлінавых пёрак. Пра мілошчы ён і не згадваў. Грошы яго цікавілі больш.