Выбрать главу

Паўці з немарасці аж мову адняло, калі яна пабачыла масляныя, забойчыя для жанчын вочы камандзіра. Грыша ветліва з ёй прывітаўся і сеў за адзін з вольных столікаў.

— Для мяне гарбата і булкі, калі ласка, — салодкім голасам замовіў камандзір у дзяўчыны, якая падавала гасцям.

Да Паўці вярнуўся дар мовы:

— Плата наперад, папрашу, а тады будзе ўсё астатняе!

— А адкуль жа такая няласка, мая каханая Паўліначка?

— Тут няма каханых Паўліначак! Закончыліся! А я папрашу аддаць мне пазычаную тысячу рублёў, а тады можам паразмаўляць. Сволачы кусок!

— Што? — Грыша прыпадняў бровы. — Я за такія словы магу і па мордзе даць!

— Ты мне па мордзе? Мярзотнік! Вон з крамы! Яшчэ пранцамі мяне заразіў! Гаўнюк! Прэч адсюль!

Грыша зрабіўся чырвоны як бурак. Падышоў да прылаўка і вальнуў у яго кулаком.

— Я афіцэр і не дазволю такое пра мяне плесці!

— А я магу! Сволач ты, а не афіцэр! Страляць такіх трэба, як сабак шалёных!

— Я табе зараз стрэльну! Я табе дам сабак!

Раптам іх перабіў чужы голас:

— Пардон… Толькі без крыку… А вы, таварыш афіцэр, мусіце адказваць за свае словы. Гэта вам не царскія часы.

— А вы хто яшчэ такі?

— Зараз я вам пакажу, хто я і так далей…

Філіп Лысы, пазяхаючы, выцягнуў кашалёк і выняў з яго пасведчанне, што ён дэлегат Цэнтральнага камітэта з Масквы і скіраваны ў Менск дзеля вырашэння сакрэтных спраў. Дакумент строга наказваў усім вайсковым і цывільным уладам дапамагаць дэлегату ў падарожжы і выкананні службовых абавязкаў. Гэтае пасведчанне Філіп толькі сёння займеў у трушчобе Цыпы. Яно было зробленае паводле арыгінала, выкрадзенага Кулямётам і Тоськай Сарокай разам з кашальком у нейкага важнага чырвонага чыноўніка. І цяпер спатрэбілася Філіпу, каб пасяліцца ў гатэлі «Еўропа». У гэтай справе злодзей ішоў да Паніча (Яся) на Залатую Горку і, як заўсёды, завітаў па цыгарэты да Баранавай каханкі. Ён чуў ўсю спрэчку і імгненна даняў, пра што вядзецца. Філіп лічыў, што ўсё адно мусіць заступіцца за Паўліку. Акрамя таго, яго моцна спакушала магчымасць паказырыцца перад прысутнымі сваёй «уладай».

Камандзір роты прачытаў пасведчанне і збялеў. Ён зразумеў, што яго чакаюць сур’ёзныя непрыемнасці.

Вайсковец вылучаўся вялікай нахабнасцю, але, як гэта звычайна здараецца ў людзей такога тыпу, ён быў баязліўцам. Цяпер разгубіўся дашчэнту.

— Прабачце, таварыш… Гэта непаразуменне… Я стараюся быць мілы з гэтай жанчынай. Гэта яна…

— А хто гахаў кулаком, горла дзёр, пагражаў і так далей?.. Га?

Філіп жмурыў вочы і абводзіў Грышу вачыма з галавы да ног. Той нешта гугніў у нос.

— Прашу назваць сваё прозвішча, званне, вайсковую адзінку і так далей…

— Таварыш, даруйце… Я быў не ў сабе… У мяне ёсць жонка і дзеці…

— Тым горш, — зрабіў выснову Філіп.

— Таварыш… вельмі вас прашу…

— У мяне няма часу з табою чыкацца. Але памятай: наступным разам і так далей…

Філіп загрэў яму аплявуху раз справа, раз злева, а потым паказаў пальцам на дзверы:

— Вон!

Грыша імгненна знік. У краме ўсе маўчалі. Паўлінка з захапленнем глядзела на Філіпа. З ейных вачэй ляцелі слёзы. Філіп элегантна ёй пакланіўся:

— Ласкава прашу прабачыць, што я ўмяшаўся ў гэтую справу і так далей. Усяго добрага!

Напоўнены веліччу, ён выйшаў з крамы, у якой зноў запанавала цішыня. Нехта перарваў яе словамі:

— Вось каб паболей такіх камуністаў… Яны б навялі парадак!..

3

«ЕЎРОПА» І АЗІЯ

У пачатку 1919 года «Еўропа» была ахопленая хаосам. Персанал не мог даць рады. Нягледзячы на гэта, працаўнікі як маглі дбалі пра належнае ўражанне, каб хоць сімвалічна захаваць ранейшы прэстыж гатэля. Няўважлівы назіральнік мог бы нават паверыць, што тут усё ў парадку. Прыгледзеўшыся больш пільна, кожны заўважыў бы: «Еўропа» прыходзіць у заняпад. На калідорах валялася смецце. Пакоі былі запушчаныя. Бялізна на ложках брудная. Ручнікі зніклі наагул. Каналізацыя ўвесь час псавалася. Ваду прыносілі ў вёдрах. На дзвярах у туалеты спачатку вывесілі друкаваныя і пісаныя аб’явы з просьбамі не карыстацца, а потым увогуле забілі дошкамі, каб пастаяльцы нават не мелі спакусы туды зайсці.

Неяк удзень да параднага ўвахода гатэля пад’ехала брычка. З яе высеў высокі, добра апрануты мужчына. Ён заплаціў фурману і з невялікім чамаданчыкам у руцэ і тэчкай пад пахай увайшоў у вестыбюль, а потым накіраваўся ў кабінет кіраўніка. Там ён паставіў чамаданчык на крэсле і сказаў дзяжурнаму: