Выбрать главу

— Кватэру абстаўляюць, Разумееш? Я раблю, што магу! Яшчэ некалькі дзён нам трэба пажыць тут.

— Нічога сабе заявачкі! Каб я тут акалела?

— Ці чуеш ты, што я кажу: я раблю ўсё, што магчыма! Але на ўсё трэба час…

— На ўсё, але толькі не на мяне.

— Не будзь агіднай мяшчанкай. Перастань чапляцца, бо ўвогуле ўсё кіну і пайду.

— Можаш ісці, ці я трымаю?! Я вярнуся ўрэшце да мамы. Бо гэтае бадзянне мне ўжо абрыдла!

— Цяпер такія часы. Трэба сціснуць зубы і ператрываць.

— Вы самі сабе зрабілі такія часы. І вас, і ўсяго гэтага я маю ўжо дасюль! — жанчына прыклала рабро далоні да шыі.

Старцаў вымаў з шуфляды пісьмовага стала нейкія паперчыны і маўчаў. Імаверна, ён не хацеў больш спрачацца з абуранай сужонкай.

х х х

Аляксандр Старцаў быў сынам вядомага ў Расіі адваката — Пятра Старцава. Я крыху распавёў пра яго ва ўступе да рамана «Яблычак». Там ён фігураваў у любоўнай гісторыі з Андзяй Баран як Рычард. Пазней Рычард-Пётр атрымаў важную пасаду ў царскім Міністэрстве юстыцыі. Жонкай у яго была полька, якую звалі Галіна. «Залатая Галынка». Сам жа ён на сто адсоткаў быў праваслаўны і цараслаўны. У духу гэткіх ідэалаў ён выхоўваў і адзінае дзіця ў шлюбе з Галынкай — свайго спадкаемца Аляксандра. Пра незаконнага сына з такім жа іменем ён нічога не ведаў і не чуў. З Андзяй, якая ўратавала яму жыццё ў бардэлі, у яго была толькі мімалётная любоўная сувязь, і ён хутка і лёгка забыў сваю каханку.

Аляксандр Старцаў рос у раскошы і меў найлепшых настаўнікаў. У дзесяць гадоў ён свабодна размаўляў па-французску, браў урокі ігры на фартэпіяна. Потым яго аддалі ў гімназію, дзе вучыліся дзеці багацеяў і расійскай арыстакратыі.

У той прэстыжнай навучальнай установе, як і амаль ва ўсіх гімназіях у Расіі, у старэйшых класах быў модны сацыялізм. Вынікала гэта з традыцыі расійскага дваранства, бо ідэі справядлівасці і вольнасці заўсёды выходзілі ў Расіі менавіта з вышэйшых сфераў.

Ва ўніверсітэце Аляксандр Старцаў уступіў у сацыялістычную партыю. А пасля расколу ў партыі перайшоў з лагера Пляханава на бок Леніна. Браў удзел у рэвалюцыі 1905 года, быў у ссылцы.

Знешне ён вельмі нагадваў Аляксандра Барана. Шмат супольнага было і ў іхных паводзінах. Абодва яны былі негаманкія і замкнутыя. Аднолькава любілі парадак. Відаць, свой выгляд і падобны тэмперамент яны атрымалі ад нейкага продка па бацькавай лініі. У абодвух маткі былі полькамі, братоў жа вылучалі крыху прылагодненыя ранейшымі пакаленнямі мангалоідныя рысы: касаватыя вочы, вострыя скулы, смуглая скура, чорныя валасы.

Вядома, Аляксандр Старцаў пераўзыходзіў брата ведамі і інтэлектам. У сваю чаргу, жыццё развіла ў Барана неверагодную назіральнасць і здольнасць прымаць хуткія рашэнні, пра што інтэлектуал Старцаў мог толькі марыць.

Баран лічыў сябе палякам. Старцаў пачуваўся расійцам, але не належаў да катэгорыі прыхільнікаў манархіі, больш правільна трэба было б яго назваць ворагам царызму. Старцаў, як і ягоны бацька, таксама ажаніўся з полькай — спявачкай Альжбетай Бухоўскай. Жонка была маладзейшая за мужа на пятнаццаць гадоў. Гэта была незвычайна прыгожая жанчына, вельмі ганарыстая і ахвочая да раскошы.

Старцаў не зрабіў у партыі вялікай кар’еры. Ён быў занадта сумленны, не ўмеў падлізвацца і плесці інтрыгі. Яго заўсёды спіхвалі на другі план больш учэпістыя, але менш годныя падхалімы. Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года яму не знайшлося добрага месца ва ўладзе. А на пачатку 1919 года Дзяржынскі выслаў яго ў Менск на пасаду намесніка кіраўніка ЧК, бо старшынёй быў заслужаны, надзейны, але малаадукаваны чыгуначнік Міцін.

Старцаў атрымаў адмысловыя інструкцыі, якія датычылі барацьбы з контррэвалюцыяй, спекуляваннем, шпіёнствам і бандытызмам. Паводле даручэння Дзяржынскага, ён мёў за заданне арганізаваць спецыяльны суд — «тройку» — для хуткай ліквідацыі ў Менску і ваколіцах ворагаў пралетарыяту. Акурат сёння цягам некалькіх гадзін доўжылася нарада, на якой абмяркоўвалі гэтую справу. На паседжанні прысутнічаў гарадскі камендант Крывашэін — пратэжэ Зіноўева. Ягонае мінулае было цёмным. Менскія злодзеі з пенаю на вуснах даказвалі, што ён смаленскі блатны. Некаторыя пярэчылі і казалі, што ён быў дробным смаленскім жулікам і дылетантам. Гэта пацвярджала аферыстка Сабіна Вялікая, якая ведала зладзейскае асяроддзе Смаленска. Калі ўзяць пад увагу, з якім шалёным садызмам Крывашэін у тыя гады катаваў злачынцаў і наагул усіх, хто трапляў у лапы ЧК, то гэта цалкам магло быць праўдаю.