Выбрать главу

— Прашу прабачэння, што турбую, але я палічыў сваім абавязкам… Увогуле я хацеў запытацца, як вы сябе адчуваеце пасля такога цяжкага падарожжа…

— А вы лекар, таварыш? — перапыніў яго Філіп.

— Не… зусім не лекар…

— Тады, можа, вы магілы капаеце… Ну, калі вы далакоп, то вы прыйшлі зарана. Я прашу мяне не падганяць, а спакойна дачакацца.

Крывашэін адчуў, што на ягоным ілбе выступіў пот. «Вось жа ўкляпаўся». Амаль з роспаччу ў голасе ён прамовіў:

— Я камендант горада Менска, Крывашэін…

— Крыва-шэін… Ага-а… — расцягваў Філіп, пільна ўглядаючыся ў аблічча каменданта.

— Я асабіста… Як кіраўнік горада, я палічу за гонар пасадзейнічаць у чым толькі трэба… Я валодаю ўсёй інфармацыяй… У тым ліку вельмі канфідэнцыяльнай… Да вашых паслуг… Незалежна ад пары дня ці ночы… Толькі сёння я даведаўся пра ваш прыезд і адразу ж да вас прыбыў!

Філіп, бадай, упершыню ў жыцці здзівіўся. Яго нават наведала думка, ці не вар’ят гэта раптам.

А камендант падміргнуў яму, што мела быць знакам свойскасці і гатовасці прыступіць да аказання паслуг. Гэта падалося Філіпу забаўным. Таму ён напусціў яшчэ больш паважную міну, пазяхнуў і запытаў:

— Колькі вы кульнулі сёння?

«Усё заўважыць! Вось дзе паршывец!»

— Толькі кроплю зусім… Холадна, як халера… Прабачце, калі ласка…

— Угым…

А камендант падлабуньваўся і раскладаўся на атамы:

— Усё, што вам, таварыш, толькі будзе трэба… Неадкладна будзе зроблена… Можа, жытло вам не падабаецца?.. А сталавацца можна ў мяне…

— Угым…

— …Калі будзе патрэбная дапамога ў працы…

— Я ўжо маю памочніка і так далей…

Філіп меў на ўвазе Яся.

«Што за няпруха», — падумаў Крывашэін… Але раптам зусім неспадзеўкі адчуў, што высокі функцыянер паляпвае яму па шчацэ. Ён ледзь не захліпнуўся ад радасці. А з вуснаў поўнага велічы ягамосця плыў лагодны голас:

— Ну, ну… старайся, абармот… Пабачым, як будзе далей…

Філіп нічога не разумеў. Меў здагадку, што яго зблыталі з некім іншым. Але ён быў цёртым пернікам. Трыццаць гадоў зладзейскага жыцця надзялілі яго каласальнай упэўненасцю ў сабе. А гэтая сітуацыя падалася яму смешнай і недарэчнай. Ён пакуль не даў бы рукі на адцін, што да яго сапраўды завітаў камендант горада.

«Дурня доўга шукаць не трэба — ён сам сябе пакажа!»

Разам яны спусціліся ўніз. Камендант услужліва нёс тэчку, у якой ляжалі прылады для ўзлому. Іх трэба было сёння аддаць Казіку Марацкаму, які ўдзень не выходзіў з дому. Філіп якраз дзеля гэтага планаваў падацца на Залатую Горку.

— У мяне да вас вялікая просьба, таварыш, — звярнуўся да Філіпа камендант, калі яны былі ў холе.

— Угым…

— Каб адзначыць заўтрашнюю гадавіну лютаўскай рэвалюцыі, я запрасіў да сябе на сціплую вячэру некалькі знаёмых. Усе свае людзі… Ласкава прашу не адмовіць і аказаць нам гонар сваёй прысутнасцю… Я быў бы невымоўна рады…

— Угым…

— Будуць розныя закускі, ікра… Гарэлка… яшчэ царская…

— Угым… ікру да д'ябла! Лепей каньяк, — сказаў Філіп.

— Натуральна, будзе. Колькі заўгодна… — усцешыўся Крывашэін.

— А што тычыцца кампаніі, то я аддаю перавагу дамскай і так далей… — пазяхнуў Філіп.

— А як жа, а як жа… Я таксама, і так далей… Ха-ха-ха-ха!

Крывашэін зіхацеў. Да ўсяго ён упрасіў Філіпа, каб той карыстаўся ягоным аўтамабілем, калі толькі пажадае. Падаў тэлефонны нумар у гараж.

— Машына будзе выключна для вашага карыстання. У мяне ёсць яшчэ адна.

Філіп ласкава згадзіўся. Залез у машыну з адкінутым дахам і разваліўся на сядушцы. Камендант захлопнуў за ім дзверцы. Філіп падаў яму руку, а камендант моцна яе паціснуў. Прапанаваў таксама, што можа суправаджаць дэлегата, але Філіп адмовіў:

— Не люблю, калі ў мае справы сунуць нос і так далей.

— Ясна, усё зразумела, няма пытанняў… І так далей… — камендант падміргнуў.

Аўтамабіль крануўся з месца. Філіп часам кідаў кіроўцу: «Прама! Улева! Направа!» Той мала што разумеў, бо быў кітайцам. Але аўтамабілем кіраваў вельмі хвацка. А Філіп з гонарам паглядаў на пешаходаў якіх яны міналі. Каля Паўлінчынай крамы Філіп загадаў спыніцца. Зайшоў унутр.

— Маё шанаванне! Калі ласка, два дзясяткі найлепшых цыгарэт.

Паўця заўважыла, што ейны нядаўні збаўца пад’ехаў да крамы на новым аўтамабілі, і ўся палала ад захаплення. Цыгарэты яму падала нібы ў палёце.