Выбрать главу

— Можа, яшчэ нешта?

— Хопіць.

Паўлінка не хацела браць грошы за цыгарэты:

— Але вы мяне ўратавалі ад гэнага боўдзілы…

— Дапамагчы чароўнай жанчыне — гэта справа гонару і так далей…

Шчокі ў Паўці пунсавелі як макі. А Філіп пачціва пакланіўся і вярнуўся ў аўтамабіль. Пачаставаў кіроўцу цыгарэтай і сам запаліў, каб яшчэ хвіліну пакрасавацца ў бліскучым аўто перад уражанай маладзіцай, якая кідала частыя позіркі праз акно.

Потым яны паехалі на Камароўку. Філіп загадаў кіроўцу чакаць яго ў Сляпянскім завулку, а сам пайшоў да Казіка. Аддаў яму зладзейскія прылады і папрасіў перадаць Панічу, што будзе чакаць яго заўтра ў гатэлі «Еўропа», у пакоі нумар 34, а сёмай гадзіне вечара. Казік прапанаваў гарэлку. Філіп з радасцю згадзіўся. Ён быў у цудоўным настроі. Раптам ён прыпомніў, што яго чакае кіроўца. Узяўшы лусту хлеба і кавалак кілбасы, наліў, не шкадуючы, у вялікі кубак гарэлкі і занёс шафёру. Той вельмі ўсцешыўся з пачастунку. І шчыра дзякаваў, збіваючыся з расійскіх словаў на кітайскія.

— Адкуль у цябе машына? — пацікавіўся ў Філіпа Казік.

— Пазычыў у каменданта.

— Крывашэіна?

— Так.

— А гэны той яшчэ дзяржыморда!… А блатным некалі быў… У Смаленску не адну касу абрабіў… Я ведаю яго супольніка… Дык ён мне расказваў, што цяпер праз Крывашэіна процьма хлопцаў у Смаленску згінула… Ведаў блатных, ведаў трушчобы. Ну і здаваў усіх.

— А мне будзе боты чысціць і так далей, як захачу, — выхваляўся Філіп.

— Глядзі асцярожна!

Філіп пазяхнуў.

— Не дрэйфі[15]… Я і разумнейшых за яго на ўсе чатыры нагі падкоўваў!

Развіталіся.

Шмат трэба было б пісаць, каб распавесці пра ўсе далейшыя Філіпавы прыгоды ў той дзень. Найлепш пра тое магла б расказаць гаспадыня бардэля на Нова-Краснай, Броха, і чатыры ейныя дзяўчынкі, якія павесяліліся тады на пяць. П’яныя ў дошку і ў адной бялізне яны каталіся менскімі вуліцамі ў раскошным аўтамабілі. Філіп прыспешваў кіроўцу. А той не шкадаваў газу. Паўночы яны ганялі, як віхор, з аднаго канца горада на другі. Калі прыпыніліся на адной з вуліц, Філіп падняўся ў аўтамабілі і заспяваў на ўсё горла:

Ніхто дабром не дасць збаўлення — Ні Бог, ні цар і не герой. Даб’емся самі вызвалення Сваёй уласнаю рукой.

Спеў прывабіў двух міліцыянтаў. Яны наблізіліся да дзіўнай кампаніі, але кумільгом далі драпака. Адзін з іх пазнаў аўто грознага каменданта.

Амаль пад раніцу аўтамабіль адвёз дэлегата Азію ў гатэль «Еўропа». Кіроўца, які быў у захапленні ад свайго новага шчодрага шэфа, паехаў у гараж. А Філіп, напяваючы пад носам «Інтэрнацыянал», горда прайшоўся па холе і пакрочыў да сябе ўверх.

Дзяжурны кланяўся яму з вялікаю пашанай.

х х х

Вялікую гасцёўню ў каменданцкай кватэры ператварылі ў сталовую. Гэта было лішнім, бо гасцей мела быць няшмат, але Крывашэін лічыў, што так будзе шыкоўней. Кацярына Паўлаўна, каханка каменданта і гаспадыня прыёму, справілася з заданнем, атрыманым ад свайго тырана, як найлепей. Жанчына была «недабітай буржуйкай», якая ўратавалася толькі дзякуючы незвычайнай прыгажосці. Родам яна была з Украіны. Маёмасць ейнага мужа канфіскавалі, яго самога забілі, а яна трапіла ў гарэм да нейкага чырвонага афіцэра. Потым, пераходзячы з рук у рукі, апынулася ў Смаленску. Там ейны папярэдні каханак прайграў Кацярыну Паўлаўну ў карты, у ачко, Крывашэіну. Той забраў яе ў Менск.

Крывашэін здзекаваўся з ціхай і рахманай жанчыны. Яна жыла ў пастаянным страху, грызучы сябе: а што яе чакае заўтра? Асабліва яна баялася Крывашэіна, калі той быў п’яны. Шчыра кажучы, каменданту яна ўжо паднадакучыла, і ён знайшоў сабе некалькі новых палюбоўніц. Ён мог ужо даўно саступіць Кацярыну некаму са сваіх калег, але трымаў яе пры сабе праз снабізм. Яму імпанавалі ейныя добрыя манеры, веданне замежных моваў, зграбная пастава.

Пад вечар Крывашэін з’явіўся дома. У гасцёўні стаяў прыгожа накрыты стол, было нагатавана шмат халодных закусак і падрыхтаваны алкаголь. Камендант быў задаволены. Паклікаў каханку і далікатна ўзяў яе за плячо:

— Глядзі мне, Каця! Я запрасіў сёння на вячэру дэлегата з Масквы. Гэта вельмі вялікая шыха! Пастарайся яму дагадзіць. Каб ён быў задаволены. Разумееш? І без усялякіх там буржуйскіх цырымоній. Сама да яго клейся. Калі добра справішся, то я буду табе ўдзячны. Калі не, то, я табе гэта прыпомню!

І з дапамогай сціснутага кулака, падсунутага ёй пад нос, Крывашэін надаў важкасці сваёй просьбе.

вернуться

15

Дрэйфіць — баяцца.