— А што ж я магу? Не сяду ж я сама яму на калені і не кінуся ж на шыю.
— Пераспіш з ім. Я гэта ўладжу. Толькі прашу, каб без фокусаў. І не рабі міны, як у нябожчыцы. Ты мусіш быць вясёлай, гарэзлівай… Спакушаць яго…. Разумееш?
— Я не ўмею гэтак. Я не прастытутка.
— Ты ў сто разоў горшая за любую шлёндру. Запішы сабе гэта на лбе. Ты буржуйка. Сраная інтэлігентка. І носа мне тут не задзірай, бо я табе яго апушчу.
— Рабі, што хочаш. Я нічога не ведаю і ні ў чым не разбіраюся.
— Дык разбярэшся ў мяне… Надзенься прыгожа. Схадзі да цырульніка… Парфуму там маеш… Калі мяне падвядзеш, то ўсё — табе труба. Я на цябе разлічваю, а не — дык іншую б узяў. Такіх патаскух шмат ёсць…
Камендант выйшаў.
Кацярына засталася адна. Ёю авалодала роспач. Яна адчувала сябе кволай дзяўчынкай, якая згубілася ў цёмным, страшным лесе. Тое, што адбывалася з ёю ад пачатку рэвалюцыі, здавалася ёй кашмарным сном. Яна бачыла столькі жахлівых рэчаў, перажыла столькі прыніжэнняў, але ніяк не магла з імі змірыцца. Навошта гэта ўсё? За што? З дзяцінства яна старалася быць з усімі добрай і зычлівай. Муж яе проста абагаўляў. Нікому яна не зрабіла нічога благога. А тут раптам яе пачалі маральна і фізічна гвалціць. Ставіцца як да рэчы, якая дае задавальненне. Высмейваць ейную далікатнасць, дабрыню, сарамлівасць. Магчыма, цяпер ейны боль крыху прытупіўся. Але яна дагэтуль не перастала сачыць вачыма спалоханага дзіцяці за тымі людзьмі, якія яе атачалі.
Быў перыяд, калі яна спрабавала падладзіцца пад стыль акружэння. Старалася быць вясёлай, крыху пахабнай, але ў яе кепска выходзіла. Яна была штучнай і смешнай. Толькі алкаголь рабіў яе менш скаванай і баязлівай. Але яна вельмі дрэнна пераносіла пахмелле, таму пасля кожнай досыць заўзятай гулянкі цяжка пакутавала.
Тым часам у гатэлі «Еўропа», у пакоі пад нумарам 34, адбывалася нарада Філіпа Лысага і Яся. Хлопец збіраўся абшастаць пакой нумар 13, карыстаючыся тым, што Старцаў з жонкай таксама меў ехаць на вячэру да каменданта.
— У цябе сама меней тры гадзіны часу і так далей… Калі яны будуць вяртацца раней, то я іх апярэджу і дам табе сігнал. Сячэш?
Справу яны абмеркавалі ўсебакова. Ясь праверыў калідоры ў гатэлі. Там швэндалася цэлае мноства розных людзей, як вайскоўцаў, так і цывільных, таму на яго ніхто не звяртаў увагі. Яны дамовіліся, што ў выпадку шухеру Ясь скажа, што мае справу да дэлегата Азіі.
А 18:45 Філіп развітаўся з Ясем:
— Праз паўгадзіны можаш пачынаць хіпіш. Пабачыш праз акно, як мы ад’едзем і так далей. Я пачакаю каменданта ўнізе.
Неўзабаве каля параднага ўвахода ў «Еўропу» спыніўся аўтамабіль каменданта. Філіп спаткаў Крывашэіна ў вестыбюлі. Злодзей не хацеў, каб бальшавік трапіў у ягоны пакой, дзе быў Паніч.
Крывашэін моцна паціснуў нядбала пададзеную руку Філіпа.
— Прашу прабачэння, што змусіў вас чакаць…
— Люблю пунктуальнасць, — сказаў Філіп.
— Я таксама… Яшчэ адна хвілінка. Забяром толькі старшыню ЧК і ягоную жонку. Чароўная жанчына. А што за голас! Малдаўскі салавей!
Праз момант у холе з’явіліся Старцаў і ягоная жонка. Яны не пераносілі каменданта, але мусілі прыняць запрашэнне, каб не паказацца варожымі. Крывашэін прадставіў ім дэлегата Азію. Раней ён паспеў нарасказваць Старцавым пра яго шмат цікавінак, узятых пераважна са здагадак і фантазіі. Агульная характарыстыка была наступнай: ідэйны, суровы, разумны, дапытлівы, непадкупны, але не цураецца жанчынак і гарэлачкі…
Кацярына Паўлаўна ўбралася ва ўсё найлепшае, згодна з інструкцыяй Крывашэіна, падмацаванай ягоным кулаком. Яна сапраўды была вельмі прыгожай. Ейны бледны авальны твар аздаблялі дзівосныя вочы, чорныя бровы і вейкі, а таксама яскрава-чырвоныя губы ідэальнай формы, якія не патрабавалі ніякай памады. А ейная ўсмешка зіхацела перламутрам здаровых і роўных зубоў. Гасцей яна прывітала найзычлівей, як толькі магла.
Філіп Лысы быў уражаны ейным хараством. Яна здавалася яму казачнай істотай. Ён не мог наглядзецца і адвесці ад яе вачэй. Жанчына, заўважыўшы ягоныя поўныя захаплення позіркі, уся залілася чырванню. Гэта зрабіла яе яшчэ больш вабнай.
Госці расселіся пры стале. Крывашэін стараўся з усіх сіл разварушыць бяседнікаў. Ён прамовіў урачысты тост:
— За здароўе Леніна і Троцкага, правадыроў расійскай рэвалюцыі!
Спадцішка ён сачыў за рэакцыяй на твары дэлегата. Але нічога не заўважыў апрача выразнай сімпатыі да суседкі справа.
«Бярэ яго», — падумаў з задавальненнем і зычліва глянуў на сваю каханку.
Пасля тоста ўсе выпілі. Потым было яшчэ некалькі тостаў, і напружаная атмасфера разрадзілася.