Апрача ўжо вядомых нам гасцей, быў запрошаны таксама старшыня Надзвычайнай камісіі Сідар Міцін, былы чыгуначнік, непрыемны з выгляду і пануры тып. Ён прыйшоў са сваёй грамадзянскай жонкай, якой было толькі блізу сямнаццаці гадоў Яна выглядала як дзіця. Муж быў старэйшы за яе больш як у тры разы. Далей сядзеў старшыня гарвыканкама, габрэй, вельмі разумны, нервовы і худы. Ягонае прозвішча было Родзін. Імаверна, яно было змененае. Старшыня прыйшоў са сваёй сакратаркай, ідэйнай камуністкай Вольгай Рамскаю, немаладой ужо, брыдкай і высахлай жанчынай з гарачым тэмпераментам. Вольга сублімавала сваю празмерную сексуальную энергію ў фанатычную партыйную працу.
Амаль усе даволі хутка напіліся як бэлі, бо ўсе тосты былі рэвалюцыйныя і дзяржаватворчыя, таму іх нельга было ігнараваць. Найлепш трымаліся камендант і Філіп. Абодва былі вельмі добра спрактыкаваныя ў спажыванні алкаголю.
Габрэю Родзіну вечарына не спадабалася. Ён прыйшоў сюды больш з абавязку, бо вячэру прымеркавалі да гадавіны лютаўскай рэвалюцыі. Ён ведаў, што Крывашэін шалёна ненавідзіць яго, і пачуваўся няўтульна. А Крывашэін наўмысна яго запрасіў, амаль афіцыйна, каб паказаць яму свайго важнага госця. Гэта была яшчэ адна магчымасць зрабіць прыкрасць пагарджанаму габрэю. Калі менскім злодзеям антысемітызм быў абсалютна чужы, то ў расійцаў гэта быў свайго роду інстынкт… Яго ўтаймоўвалі, умела хавалі, але ўсё ж яго можна было лёгка заўважыць.
Філіп услед за папярэднікамі ўстаў, каб таксама сказаць тост. Усе паўздымаліся са сваіх месцаў і, стоячы, чакалі. А Філіп прабегся сур’ёзным позіркам па тварах гасцей і прамовіў:
— Давайце вып’ем за… мяне!
Павісла цішыня. Гэты тост пасля шматлікіх ліслівых прамоваў, пахвал і паказнога захаплення рэвалюцыяй быў як мінімум сюрпрызам. Усе выпілі досыць паспешна і маўчком. Госці былі збянтэжаныя. Выглядала, што дэлегат цалкам імі пагарджае і не хавае гэтага. Сведчыла пра гэта і тое, што Філіп не падтрымліваў размоваў на розныя актуальныя тэмы. Ён нібы ігнараваў і не слухаў асцярожных выказванняў прысутных. Дэлегат еў і піў, а чым больш піў, тым мацнейшай рабілася ягоная зацікаўленасць пекнай суседкай. Тая старалася яго зачараваць, прычым імпэту ёй дадавалі кіданыя час ад часу ў ейны бок красамоўныя позіркі каменданта. Але падпіўшы, яна ажывілася і насамрэч адчула прыхільнасць да свайго суседа. У пакоі было шумна, таму яны маглі спакойна размаўляць, не асцерагаючыся, што іх падслухаюць.
Кацярына Паўлаўна запытала Філіпа, якія вынікі можа мець уварванне капіталістаў у СССР. Той адказаў:
— Самыя ўвішныя наб’юць сабе кішэні — і амэн!
— А вы не чуецеся ў небяспецы?
— Для нас гэта ганц-памада, ні холадна ні цёпла! Абы была гарэлка, добрая работа і так далей!
— Падабаецца вам Менск?
— Канешне… А тут можна плаваць?’
— А што вам найбольш у Менску падабаецца?
— Вы.
Філіп сказаў гэта цалкам шчыра і сур’ёзна. Кацярына пачырванела і запытала залётна:
— Ну а сённяшняя наша кампанія?..
— Фраеры і гніды, — спакойна сказаў Філіп. — Усе яны паскудныя ашуканцы, шпагаты і так далей…
Гэтае меркаванне здзівіла Кацярыну, хоць насамрэч яно мала чым адрознівалася ад ейнага ўласнага погляду.
Тым часам Паніч у «Еўропе» не біў лынды. Як толькі пабачыў праз акно ў пакоі Азіі, што аўтамабіль каменданта забраў гасцей і паехаў, то адразу ж вышмыгнуў у калідор. Спусціўся наўскач на першы паверх і, выкарыстаўшы спрыяльны момант, тут жа адчыніў адмычкай дзверы ў пакой № 13. Замкнуў іх за сабой знутры, а на дзвярной ручцы павесіў шапку, каб яна закрывала замочную шчыліну, і ўзяўся за справу.
Насамперш ён раскінуў розумам, дзе той злодзей мог схаваць бліт. Зазірнуў у печку. Там было пуста. Пачаў абшнырваць увесь пакой, пакінуўшы без увагі рэчы пастаяльцаў. Прайшло даволі шмат часу, а яму нічога не ўдалося знайсці. Ён пачаў нават крыху непакоіцца. Але часу было яшчэ дастаткова.
Хлопец прыступіў да пільнага вобшуку, але зноў марна. Тады ён пастанавіў даследаваць усё паступова і метадычна: мэблю, сцены, падлогу. Праз гадзіну пакой выглядаў жахліва. Шпалеры ў тых месцах, якія выклікалі хоць найменшае падазрэнне, што там ёсць хованка, былі абдзёртыя або звісалі шматкамі. Ясь выкалупаў з падлогі ўсе паркетныя квадраты, якія сядзелі няшчыльна. Дзе-нідзе ён выламаў шаберам пячную кафлю, каб глянуць, ці за ёю выпадкам нічога няма. Распароў матрацы ў ложках. Павыцягваў з камоды ўсе шуфляды. Нават вырваў шаберам тыльныя дошкі ў люстры. І ўсё марнае.