Выбрать главу

— Якая канкрэтна?

— Ёсць тут адзін гіцаль. Старшыня гарвыканкама Родзін. Той, што быў у мяне на гасцях разам з сакратаркай. Такі ўжо вылюдак, якіх яшчэ пашукаць трэба! Увесь час піша даносы. На працы праз яго вэрхал. Нібыта строга прытрымліваецца распараджэнняў, а насамрэч толькі хаос стварае. Вельмі непрыемны тып. Мне б хацелася прыбраць яго з маёй тэрыторыі. Я ўжо спрабаваў сам гэта ўладзіць. Тры разы пісаў у Маскву. Назваў сведкаў, якія могуць зацвердзіць. Ён сам з буржуйскай сям’і. Закончыў універсітэт. Ягоны брат трымае краму ў Варшаве. Разумееце, таварыш, наколькі шкодным можа быць такі чалавек у прыфрантавым горадзе! Можа, вы, таварыш, са сваімі сувязямі маглі б даць яму адпаведную характарыстыку. Трэба пляжыць падобных буржуйскіх сынкоў!

— Гм… можна было б… Толькі…

— Толькі што?

— Вось што!…

І Філіп вельмі красамоўна пацёр вялікі палец аб указальны, паднёсшы руку да носа камісара.

— Разумею, — сказаў Крывашэін.

— Ну вось. Прыемна з разумным чалавекам мець справы і так далей…

— А колькі? — пацікавіўся камендант.

— Гм… — задумаўся Філіп. — Тысяча рублёў царскім золатам — і праз два тыдні нават ягонага духу тут не будзе!

— Абяцаеце?

— Я словаў на вецер не кідаю і так далей… — выпнуў грудзі Філіп.

— Прабачце, калі ласка. Я згодны. Для мяне гэта гонар. Заўтра а дзясятай раніцы грошы будуць у вас.

— Добра, але каб не пазней.

Вярнуліся ў пакой. Кацярына Паўлаўна зняла паліто ды шаль і цяпер сядзела каля століка. Крывашэін шматзначна кашлянуў і прамовіў:

— Ну, не буду перашкаджаць.

Паціснуў руку Філіпу і Кацярыне Паўлаўне.

— Салодкіх мрояў!

І ў той жа момант знік.

— Вам не прыкра, што я тут і так далей?..

— Не… А што мне рабіць?.. Ён загадаў мне тут застацца, таму ў мяне няма выбару.

— Дык вы тут па ягонай волі?..

— Так.

— У нас так не робіцца!.. За гэта ў морду і так далей б’юць… Выходзіць, што з каханкі ён хоча блядзь зрабіць…

Кацярына Паўлаўна з замяшаннем глядзела на Філіпа. А той пачаў апранацца. Потым наблізіўся да яе і сказаў:

— Я адвяду вас дадому.

— Я не пайду. Ён мяне паб’е. Такі быў ягоны загад, каб я з вамі засталася на ноч.

Філіп задумаўся.

— Ага, — весела выпаліў праз хвілю. — Можам так зрабіць: вы тут пераначуеце, а я пайду спаць у іншае месца і так далей. Вярнуся заўтра зранку блізу дзесяці. Камар носа не падаткне. Ці ж не?

Філіп узяў ейную руку, з пашанай пацалаваў і выйшаў з пакоя. На развітанне ён паўтарыў словы Крывашэіна:

— Салодкіх мрояў!

Толькі ад’ехала машына каменданта, як з «Еўропы» выйшаў дэлегат Азія і рушыў у кірунку Нова-Краснай.

«Можа, у Брохі будзе вольная каторая з дзяўчынак». Доўгі флірт з прыгожай кабетай так яго распаліў, што ён вельмі б мучыўся і не змог бы заснуць, калі б мусіў правесці гэтую ноч у самоце.

4

ЗАЛАТАЯ ЗЯЗЮЛЯ

Псіхалагічны барометр дзядзькі Жардоня паказваў пераважна добры настрой: шапка была ссунутая назад. Нічога, што працы было па самае горла, але затое справы ішлі аж міла. Ясеў родзіч знайшоў нарэшце сабе адпаведны занятак.

Рэстаран месціўся на Конскім рынку. Над уваходам вісела вялікая яркая шыльда з надпісам: «Залатая зязюля». На шыльдзе была намаляваная нейкая птушка — такая пярэстая і неймаверная, што арнітолаг плюнуў бы ад абурэння. Але Жардонь быў у захапленні і не мог налюбавацца ёю.

Жардоня, як і раней, празывалі Капыльскім Буслам. І трапна. Калі ён, стоячы за прылаўкам, важна наліваў з зялёнага тоўстага графіна гарэлку ў кілішкі або раскладаў па талерках закускі для гасцей, то вельмі нагадваў бусла, які высочвае таўсматую жабу на лузе. Капыльскі Бусел давёў, што можа быць добрым арганізатарам. Ён мог бы адкрыць першакласны рэстаран, але яму больш падабаўся ўласны гармідар… Не трэба было купляць сурвэткі, дбаць пра належны выгляд афіцыянтак, клапаціцца пра якасць ежы. А грошы плылі ракою.

Ясь, выйшаўшы з турмы, ледзь сточваў канцы з канцамі. Зарабіць адразу было цяжкавата, а неўпарадкаванае кавалерскае жыццё цягнула за сабой шмат выдаткаў. Праз пару дзён пасля вызвалення ён пайшоў да дзядзькі.

Жардонь з насунутай на лоб шапкай лаяў афіцыянтку, маладую, дзябёлую дзяўчыну. Адзін з гасцей гэтак балюча ўшчыпнуў яе за цыцку, што яна не вытрымала і заехала яму далонню па мордзе. З левай рукі пры гэтым у яе вылецелі дзве талеркі. Кліент пачаў скандаліць. Пагражаў паліцыяй. Адмаўляўся плаціць. Жардонь спрытна і дасціпна яго супакоіў. Спачатку выпіў з кліентам нібыта за кошт установы, а потым, калі госць улагодзіўся, выставіў яму гэткі рахунак за ежу і пітво, што вярнуў сабе грошы яшчэ і за пабітыя талеркі. Затым выправадзіў залётнага госця. Адвёў яго пад руку да дзвярэй і сказаў: «Маё шанаванне! Буду рады вас зноў бачыць. Не пагрэбуйце, міласцівы пане, заходзьце яшчэ. Прыемна мець справу з такімі культурнымі людзьмі!»