Выбрать главу

— А гэта ўжо мая справа, — адказаў Ясь. — Я маю сур’ёзны інтэрас, а ты мне тут бабскімі лыткамі галаву чмурыш. Як мне трэба будуць лыткі, то я ведаю, дзе іх шукаць.

— Але з цябе і воўк зрабіўся.

— А з цябе блазан.

Настка прынесла чаркі і прыпраўленыя селядцы. Дзядзька меў на языку некалькі непрыстойных анекдотаў, але паўстрымаўся. Падышоў да буфета і выцягнуў адтуль паўлітроўку царскай гарэлкі. Прынёс яе да стала, зняў з рыльца сургучную пячатку і, ударыўшы рукой у дно, выбіў корак і ўмела напоўніў чаркі:

— За нашае халасцяцкае жыццё!

— За тваё абы-якое, — паправіў Ясь.

Выпілі. Хлопец звярнуўся да дзядзькі:

— Усё цацы, але мяне цікавіць, колькі мы зарабілі?

Дзядзька неяк няўцямна глянуў на пляменніка. Нават перастаў жаваць.

— Колькі мы зарабілі?! Ты — дулю з макам…

Ясь не паверыў сваім вушам.

— Як гэта дулю?.. Не разумею…

— Проста. Ты тут нічога не зарабіў.

Хлопца пачало браць раздражненне, але ён стараўся гаварыць спакойна:

— Добра. А дзядзька колькі зарабіў?

— Усё, што я зарабіў, я ўклаў у справу. Мне належыць палова рэстарана.

— А мне?

— А табе другая палова.

— Дзядзька неяк дзіўна лічыць. Але няхай. Дык колькі я зарабіў з маёй паловы рэстарана?

— Ні капейкі.

— Дзядзька, мусіць, з мяне кепікі строіць?

— Не, я без жартаў гавару.

— Дык дзядзька зарабіў палову рэстарана. А я з тых грошай, што табе даў, нічога не маю?

— Як нічога? Палову рэстарана маеш.

— Але ўвесь рэстаран быў мой.

— Які рэстаран? Будку ты меў, а не рэстаран. Я ўсё зрабіў. Усё купіў ды абсталяваў.

— З чыіх грошай?

— З тых, што ўгандляваў.

— Добра. Цяпер я нічога не маю. А што буду мець заўтра з маёй паловы?

— Цяжка сказаць…

— Чаму?

Дзядзька напоўніў чаркі і паставіў бутэльку на стол. Потым прымружыў вочы і ўважліва, нібы нават азадачана, пазіраў на пляменніка:

— Ты мяне ўжо занадта пілуеш. Чаго ты прыліп як бярозавы ліст у лазні?

— Слухай сюды… Я даў табе шалёныя грошы. Ты купіў за іх рэстаран для мяне. Ты павінен быў з яго жыць і зарабляць, а прыбытак аддаваць мне і маці. Цяпер раптам аказалася, што ты валодаеш паловай рэстарана. А я нават дзіравага шэлега не магу мець са сваёй паловы.

— Ці разумееш, ёлуп ты набіты, — дзядзька прыкінуўся раззлаваным. — Ніякіх прыбыткаў тут няма, бо ўсё ідзе на памяшканне, абслугу, на падаткі, тавар.

— Дык навошта трымаць такі рэстаран?

— Ты ж сам хацеў. Ці ты забыўся, ці дурня строіш?

— Хто з нас дурань, дык можна паспрачацца. Але не, ты, дзядзька, не дурань. Ты хітры прахвост!

— То ты гэтак мне дзякуеш, што я тут загінаюся, свету белага не бачу! Вось як за маю ласку… А ці ты ведаеш, што я магу цябе адсюль выкінуць і капец. Рэстаран мой. Я маю дакументы. А ты што маеш?.. Можаш падаваць на мяне ў суд!

Ясь глядзеў на дзядзьку і дзіву даваўся, а той усё больш разыходзіўся.

— …А калі падасі ў суд, то нічога не дакажаш… І хто табе паверыць, боўдзілу, што ты столькі грошай меў, каб рэстаран купіць. Ніхто. Разумееш? Ні адна душа… Падавай у суд на роднага дзядзьку. І не сорамна табе? Я, стары чалавек, гарую, цягну лямку, а тут прыйдзе такі смаркач і пілуе. Дзірку ў чэраве круціць. Падавай у суд, падавай!

І раптам дзядзька заплакаў. Плакаў ён па-сапраўднаму, шчыра. Слёзы цяклі па ягоных шчоках і падалі на стол. Ясь плюнуў і ўстаў з месца. Скіраваўся да выйсця, але было замкнёна. Настка выйшла з-за перагародкі і пачала адмыкаць замок, завешаны на штабе. Ясь, не аглядваючыся, чакаў збоку. Знянацку за ягонай спінай пачуліся энергічныя крокі. Падляцеўшы як куля, Жардонь схапіў схіленую дзяўчыну за блузку і штосілы рвануў да сябе. Блузка і сподняя кашуля затрашчалі ў швах, парваўшыся на служцы аж да пояса. Перапужаная дзяўчына адвярнулася, а Жардонь з размаху жарнуў ёй далонню ў твар… Хацеў яшчэ раз, але не паспеў. Ясь учапіўся за ягонае запясце, выкруціў руку назад і паваліў дзядзьку на падлогу. Ясь аж клацнуў зубамі.

— Але ж ты кат ды сволач!

Дзядзька ўскочыў на ногі.

— Заб’ю лафірынду! Нельга ўночы адчыняць парадныя дзверы! Ёсць чорны выхад!

— Трэба было ёй сказаць, а не біць. Ты звер ці чалавек?

— Я парадак люблю! Ясна табе?

— Усё зразумела.

Ясь пайшоў у кухню. Па дарозе яго мінула Настка, спешна адамкнула дзверы і выбегла на вуліцу. За ёй гнаўся Жардонь.

— Заб’ю халеру! Стой!

Ясь адпіхнуў Жардоня каля дзвярэй і таксама выйшаў вонкі. Было цёмна. Ён прыпыніўся. Дзядзькава нахабства яго проста агаломшыла. Раней ён і дапусціць не мог, каб сквапнасць магла да такой ступені знішчыць чалавечую душу і авалодаць розумам. Ён не ведаў нават, як рэагаваць на такое. Занадта агідным гэта было ў ягоным успрыманні. Аднак ён быў пэўны, што не даруе дзядзьку. Сцяўшы зубы і кулакі, ён думаў. Прымяніць фізічную сілу, на яго думку, было б нізка і гнюсна, і, магчыма, Жардонь толькі б выкарыстаў гэта дзеля свайго апраўдання.