Выбрать главу

— Дзівіць мяне гэты прусак, бо ў цэлым доме няма ніводнага. Але калі вы кажаце, што быў у катлеце, то мушу паверыць. Але вельмі сумняюся!

— Ну то зараз пераканаешся!

Казік устаў, накалоў прусака на відэлец і працягнуў Жардоню:

— Бяры. Еж яго! Пакаштуй, прусак гэта ці не?

Жардонь адступаў:

— Што ты хочаш? Навошта яго есці?

— А чаму я меў яго з’есці ды яшчэ заплаціць за такі пачастунак?

І тут раптам Казік, не павёўшы вокам, запусціў талерку з рэшткамі ежы ў твар Жардоню. У гэты час ягоныя таварышы ўсе як адзін падскочылі, нібы ўспрыняўшы гэта як сігнал, і пачалі ўсё навокал ламаць. Трушчылі посуд. Крэсламі разбівалі буфет. Тым часам Казік паказаў Жардоню, дзе горкі перац расце. Некалькі позніх кліентаў уцяклі ад граху падалей, адчуўшы, што пахне смаленым. Жардонь спрабаваў крычаць, але ўдар пад дых забраў у яго голас.

Праз пяць хвілін рэстаран выглядаў як пасля землятрусу. Некалькі дзён запар пасля гэтага Жардонь не гандляваў. Залізваў раны, напраўляў мэблю, купляў посуд. Пасля зноў вярнуўся да ранейшых інтарэсаў. Цяпер, праўда, ён зачыняў рэстаран нашмат раней, чым папярэдне, адразу, як толькі шарэла.

Аж нарэшце і ў ягонае аконца засвяціла сонца. Неяк у гасподу да яго завітаў незнаёмы вайсковец, які прапанаваў купіць дзве бутэлькі каньяку. Кошт быў вельмі нізкі, і Жардонь згадзіўся. Алкаголь аказаўся вельмі высокай якасці. Назаўтра той самы жаўнер з'явіўся зноў і таксама прадаў дзве бутэлькі каньяку. Калі Жардонь адлічваў яму грошы, вайсковец запытаўся:

— А можа, возьмеце большую партыю? Гэта нямецкі каньяк. Я маю трыста бутэлек і хачу прадаць, бо праз два дні мушу ехаць на поўдзень.

— Вазьму хоць і тысячу, — паабяцаў Жардонь.

— Добра. Тады рыхтуйце грошы. Сёння вечарам усё прывязу.

І не зманіў — прывёз. Жардонь спешна заплаціў і ў добрым гуморы сам зносіў бутэлькі ў склеп. Але ягоная радасць трывала толькі некалькі дзён. Аднаго разу ў рэстаран прыдыбалі пад мухай два бальшавіцкія афіцэры. Замовілі вараную кілбасу і запыталі, што ёсць добрага з выпіўкі.

— Ёсць каньяк. Трымаю яго толькі для найлепшых гасцей.

— Нясі сюды!

Жардонь урачыста сам падаў каньяк і кілішкі. Адным махам адкаркаваў пляшку.

— Частуйцеся, калі ласка, на здароўечка.

Афіцыянтка падала цёплую кілбасу. Афіцэры дзынкнулі і выпілі. Эфект быў нечаканы. Адзін нават сплюнуў. Другі пачаў мацюкацца і клікаць гаспадара:

— Хадзі сюды, худабздзей!

— Што такое?

Афіцэр паказаў пальцам на бутэльку.

— Ты смяешся з нас ці як? Што ты прынёс?

— Найлепшы каньяк!

— Гаўно, а не каньяк! Сам яго выпі!

Жардонь лыкнуў з падсунутага яму кілішка і вырачыў вочы. Ад нечаканасці яму язык прыклеіўся да паднябення. Гэта была проста вада, падфарбаваная ў каньячны колер звычайнай гарбатай.

Гэтым разам Жардонь не атрымаў у косці, але панёс вялікія грашовыя страты і толькі сноўдаўся змрочны па гасподзе. Псіхалагічны барометр увесь час паказваў благі настрой: шапка была насунутая аж на бровы. Цяпер кожны кліент падаваўся дзядзьку рабаўніком або злодзеем. «Залатая зязюля», справы ў якой дагэтуль квітнелі, пачала падводзіць. Жардонь, нягледзячы ні на што, звязваў гэта з падкопамі з боку Яся. Ён ведаў, што хлопец ходзіць крывымі сцежкамі і цяпер, магчыма, яму помсціць. Але ніякіх доказаў гэтаму не было.

А Ясь у той час перабіваўся з граша на капейку. Настку ён пасяліў у сябе. Аказалася, што яна не мае ніякіх дакументаў. Таму мусіў зрабіць ёй фальшывы пашпарт на сапраўдныя імя і прозвішча. Не сказаў ёй, што пашпарт ліпавы, бо яна была фраеркай. Прапісаў яе ў міліцыі. Пачаў сталавацца ўдома. Гэтак можна было крыху заашчадзіць, а таксама даць занятак дзяўчыне, якая паслухмяна выконвала ўсё, што Ясь ёй казаў. Яна сумавала без працы, бо была прызвычаеная з самай ранняй маладосці без продыху цягнуць лямку. Ясь ахвотна б узяў яе за сваю дзяўчыну. Гэта было б яму нават на руку. Але яму перашкаджала поўная Настчына залежнасць ад яго. Ён разумеў, што гэта было б выкарыстанне ейнай бездапаможнасці. А сама дзяўчына не праяўляла знакаў асаблівай сімпатыі да яго. Ясь лічыў яе някемлівай, абмежаванай. І зусім дарэмна. Настка была проста застрашаная, зацюканая. Дагэтуль яна была толькі рабочай сілай для іншых. І з гэтым змірылася.

Але аднойчы Настка неспадзявана давяла Ясю, што мае розум і спрыт. Трэба было купіць дроў, бо не было чым паліць у печы і ў пліце, а надышлі вялікія халады. Настка сказала Ясю, што дровы скончыліся.

— Зараз…

Ясь пашукаў па кішэнях, але пераканаўся, што мае толькі некалькі дробных манет.