Выбрать главу

— Халера! Няма нават на дровы. Зноў трэба пазычаць.

— А можа, я б узяла ў таго… Жардоня? — азвалася Настка. — Мне належыць. Чатыры месяцы без адхлання на яго парабкавала.

Ясь не разумеў.

— Дык ён жа табе не дасць.

— Я і пытаць не буду.

— Як гэта?

— Ведаю, дзе ён хавае грошы. І вазьму тое, што маё.

Настка распавяла Ясю, што разнюхала, дзе Жардонь захоўвае гатоўку. Трымае яе ў металічнай скрыначцы, якую хавае ў склепе, у левым куце ад парога. Там няма некалькіх цаглінаў. Жардонь ставіць скрынку ў невялікую нішу і закрывае яе цэглай.

— А як ты расшалопала?

— Бачыла, як гаспадар заўсёды вечарам лічыў грошы, а потым ішоў з вядром у склеп. Вяртаўся часам з пустым, а калі-некалі прыносіў бульбы. Мне ніколі не дазваляў туды хадзіць. Але я пайшла, калі ён выйшаў у горад і пакінуў ключ. А там хутка апарола ягоны тайнік. Але нічога не ўзяла. А цяперака пайду і забяру мой заробак за чатыры месяцы.

— А як туды ўвойдзеш?

— Праз акенца ў склеп. Я сама запхала яго ад падворка саломай, каб бульба не змерзла.

— Чалавек пралезе праз яго?

— Пралезе лёгка.

— Добра, што ты мне пра гэта расказала. Я сам пайду. Мне больш належыць, чымся табе. А твой заробак аддам.

— Мне не трэба. Вазьмі, калі ласка, сабе.

Вечарам Ясь адправіўся рабаваць роднага дзядзьку. Злодзеі звычайна не крадуць у сваіх і там, дзе жывуць. Гэтым яны перадусім адрозніваюцца ад законапаслухмяных людзей. Ясь наперад сам сабе адпусціў гэты грэх. У адносінах да дзядзькі ён не меў цяпер ніякіх дакораў сумлення.

У рэстаране было мала кліентаў. Сёння дзядзька працаваў адзін, бо і другая служка сышла, а новай наняць ён яшчэ не паспеў. Ясь прабраўся на пусты, цёмны падворак і адшукаў засыпанае снегам акенца ў склеп. І цяпер акурат таксама сняжыла, а завея замятала падворак.

«Цудоўна. Прыцярушыць сляды. Ранкам і знаку не будзе».

Ясь з цяжкасцю выцягнуў з акна вялікі куль саломы. Сапраўды, улезці было лёгка, і хлопец уміг апынуўся ў склепе. Адшукаў схованку і выняў з яе скрыначку. Паставіў на зямлю і адчыніў. У святле ліхтарыка пабачыў ладную колькасць банкнотаў. Але наўскідку грошай было менш, чым ён спадзяваўся. І праўда, банкнотаў было больш тады, калі ў скрынку заглядвала Настка. Апошнім часам гандаль у дзядзькі не спорыўся. Шмат трэба было выдаткаваць на рамонт рэстарана пасля разгрому. А найбольш ён заінвеставаў у «каньяк». Таму дзядзькавага капіталу значна ўбыло.

Хлопец, як прафесійны злодзей, не даў дзёру адразу, а старанна абшворыў склеп. Больш тайнікоў не было, але знайшлося шмат кансерваў, некалькі бутэлек віна і бутля спірту. Ясь выкінуў сваю здабычу на падворак праз акно. Потым узяў мяшок ад бульбы, засцяліў ім падаконнік і вылез вонкі. Паскладаў усё старанна ў мяшок, запхаў акно саломай, прысыпаў яе снегам і памчаў дадому.

Ён быў вельмі задаволены. Здабыў крыху прысмакаў, спірт і грошы. Там было блізу пятай часткі таго, што ён даў дзядзьку на адкрыццё рэстарана. «Добра і тое, — думаў. — Больш у гэтага жмінды я б і не выцягнуў».

Ясь справіў абноўкі Настцы, якая не мела ані зімовага футра, ані прыстойных чаравікаў. Траціну ўсіх грошай хлопец аддаў матцы. Прывёў у парадак і сваю кватэру. Цяпер яны маглі жыць у выгодзе, але грошы разышліся амаль усе.

Ясь заклаў бы душу, каб пабачыць дзядзькаў твар, калі той выявіць кражу гатоўкі. Але на наступны дзень Жардонь трапіў у дзіўныя перыпетыі. Пад вечар у ягоную забягалаўку прыйшлі тры кліенты. Адзін быў цывільны элегант у акулярах і капелюшы. Яго суправаджалі два савецкія вайскоўцы — сяржант і шараговец.

Госці занялі кабінет. Гэта быў невялічкі пакойчык направа ад увахода. Замовілі гарэлку, халодныя закускі і піва. Жардонь заўважыў, што кліенты гуляюць у карты. Паводзілі яны сябе вельмі спакойна. Гулялі ў рамс. Жардонь ведаў гэтую гульню і ахвотна б да іх далучыўся, але работы было нямерана, а ён усё мусіў рабіць сам, бо афіцыянткі так і не знайшоў.

У гэты час над ім і над рэстаранам збіраліся хмары. Жардоня чакала вялікая неспадзяванка, якая прадвызначыла ягоны далейшы лёс і будучыню «Залатой зязюлі». Элегант у капелюшы і акулярах быў вядомы ў зладзейскім свеце як Юлік Банкір. Ён быў родам з Лодзі. Гэта быў стырачнік[19], які абрабляў падпітых гасцей «на сабачку». Калі я расказваў пра гэткую спецыяльнасць сярод злачынцаў, мне перадусім не верылі лекары. Яны сцвярджалі, што не існуе такіх сродкаў, якія можна падсыпаць чалавеку ў алкаголь або каву і якія б адразу выклікалі ў яго раптоўны сон. Але такая практыка была цалкам рэальнай, праўда, займалася ёю невялікая колькасць злодзеяў-адмыслоўцаў. Яны звычайна насамперш вышуквалі ўладальнікаў вялікіх сумаў, а потым усыплялі іх ды чысцілі. Я спаткаў у турмах некалькіх асуджаных, якія акурат сядзелі за работу «на сабачку». Двое з іх мелі пажыццёвыя тэрміны. Некалькі атрымалі вялікія тэрміны. Я ведаў колькі злачынцаў з гэтай катэгорыі і на свабодзе. Але я так і не дазнаўся, якія менавіта сродкі яны выкарыстоўваюць. Здаралася і так, што іхныя ахвяры паміралі. Затрыманне ў такім выпадку заканчвалася надзвычай строгім пакараннем, часта нават смяротным.

вернуться

19

Стырачнік (строчнік) — картачны шулер.