Выбрать главу

Юлік Банкір прывёў сваіх ахвяр у «Залатую зязюлю» менавіта дзеля таго, каб абрабіць іх «на сабачку». Злодзей пазнаёміўся з імі на чыгуначным вакзале, дзе гуртаваліся вайскоўцы, каб пагуляць у карты. Было там і некалькі цывільных. Банкір належаў акурат да іх. Падчас гульні ён падгледзеў, што гэтыя двое маюць пры сабе шмат грошай. Ім вельмі шэнціла ў картах, так што сваё багацце яны толькі павялічвалі. Банкіру ўдалося завабіць іх у піўнуху. Там яны добра налізаліся. Потым Юлік павёў іх у «Залатую зязюлю». Вечарам яны меліся ісці да дзяўчат. Банкір абяцаў ім бяскрылых анёлаў. «Толькі не так рана». Таму цяпер забівалі час, граючы на невялікія стаўкі, і жлукцілі гарэлку. Банкір замовіў піва. Ад яго вайскоўцы акаселі яшчэ больш. Тады злодзей незаўважна, з рукава, дадаў у іхныя куфлі снатворнае. Доза — як звычайна — была конскай, і ягоныя ахвяры ўраз знепрытомнелі. Банкір умела і хутка іх абшукаў, забраў гатоўку і ўсе дарагія рэчы. Потым усунуў скручаны капялюш у бакавую кішэнь паліто і пакінуў рэстаран.

Жардонь не здзівіўся ягонаму выйсцю. «Мог пайсці сю-сю». Зрэшты, гаспадар быў так заняты, што не меў часу гэтым пераймацца. «Не ўсе ж выйшлі», — думаў ён. Але Банкір не вярнуўся. А калі Жардонь праз некаторы час зазірнуў у кабінет, то пабачыў, што адзін жаўнер, раскірэчыўшыся, вісеў на крэсле, а іншы ляжаў на падлозе.

Жардонь не меў ніякіх сумневаў, што справа сур’ёзная. Калі б у рэстаране не было кліентаў, ён, можа, пастараўся б выцягнуць іх на вуліцу і кінуць недзе пад плотам. Але цяпер гэта было немагчыма.

Справу ўзялі ў свае рукі вайсковыя ўлады і міліцыя. Жаўнеры апрытомнелі, але яшчэ доўга былі недзеяздольныя. У сваю чаргу, Жардоня пачалі падазраваць у змове са злодзеем. Жаўнеры пацвердзілі, што Банкір ледзь не цягнуў іх сюды, прычым абавязкова хацеў зайсці менавіта ў «Залатую зязюлю». Да таго ж сам Жардонь страшна блытаўся ў паказаннях. Напрыклад, ад страху ён зусім не ў стане быў апісаць, як выглядаў злачынец. Увесь час толькі паўтараў, што ўсыпляльны быў у капелюшы і акулярах. Ягоную памяць спрабавалі асвяжыць добрай порцыяй бізуноў. Але ўсё было дарэмна, бо ён сапраўды нічога не ведаў ды пачаў вярзці такія неверагодныя глупствы, што следчыя палічылі за неабходнае яго ўрэшце выпусціць. За кратамі Жардонь адседзеў два тыдні.

Схуднелы дзядзька ў брудным, пакамечаным адзенні, па якім гойсалі цэлыя караваны вошай, спяшаўся на Конскі рынак, Ён дапускаў, што ад рэстарана мала што ацалела, але быў упэўнены, што грошы засталіся некранутыя. З імі ён меркаваў пачаць усё спачатку. Але гатоўкі ён не застаў, а рэстаран быў цалкам спляжаны. Што праўда, міліцыянты ў прысутнасці Жардоня апячаталі абодва ўваходы. Але, завёўшы яго ў пастарунак, вярнуліся, самі здзерлі пячаткі, адамкнулі дзверы ды забралі ўсю выпіўку і харчы. Адыходзячы, яны знарок пакінулі дзверы адчыненымі насцеж, каб іншыя дакончылі тое, што яны пачалі… Жардоня нават міліцыя не любіла, бо праз сваю скупасць ён нават пару кілішкаў гарэлкі шкадаваў, каб пачаставаць ахоўнікаў парадку, якія сюды, бывала, заходжвалі. Суседзі вельмі хутка прыкмецілі, што забягалаўка засталася без нагляду, і дружна, згодна і хутка разнеслі ўсё, што там было. Не засталося нічога. Нехта выламаў і скраў нават кухонную пліту. Са складзіка вынеслі дровы што да паленца. Падчышчана ўсё было дарэшты.

Жардонь не меў куды падзецца. Ён жыў пры рэстаране, у пакойчыку каля кухні. Там раней былі ўсе ягоныя рэчы, ад якіх застаўся толькі ўспамін.

Па цёмным і пустым памяшканні некалі паспяховай гасподы цяпер гуляў вецер. Жардонь сеў на падаконні і тросся ад холаду. Унутры ён сам сябе еў поедам, што скрыўдзіў Яся, пазбыўся афіцыянтак і рэстаран застаўся без догляду. Яму не было куды ісці, але голад і холад перамаглі ў старым цыніку рэшту гонару, і ён пачлапаў у бок Ясевага жытла. Хлопца не было ўдома. Адчыніла Настка. Жардонь хацеў прайсці ўнутр, але дзяўчына перагарадзіла яму дарогу.

— Паніча няма. А я без яго нікога не ўпушчу. Не дазваляе мне.

— Ты што? Жартуеш? Няўжо ты мяне не пазнала? — спрабаваў абурыцца Жардонь і, нягледзячы на забарону, ушчыміцца праз прыадчыненыя дзверы ў жытло.