Ён скіраваўся на вакзал. Там аж кішэла ад людзей. На прывакзальнай плошчы гарэлі вогнішчы, а вакол іх гуртаваліся вайскоўцы. Яны гатавалі ваду ў кацялках. Пілі гарбату. Елі. Некаторыя спалі.
Чэсік падсеў да адной з груп. Пачаставаў салдатаў цыгарэтамі. Прыязна ім усміхаючыся, распачаў гутарку:
— Як жа добра, таварышы, што вы да нас прыйшлі!
— А чаму гэта? — запытаўся адзін, з салдатаў.
— Дапяклі нам немцы. Так яны, тыраны, нам збрыдлі.
На гэтую рэпліку ніхто не адгукнуўся, таму Свабода цягнуў сваё далей:
— А куды цяпер, таварышы, рушыце?
Адзін з салдатаў акінуў яго падазроным позіркам:
— А што табе за інтарэс да гэтага?
— А я так сабе… як ваш таварыш пытаюся…
— Які ты нам таварыш. Ты нават добра гаварыць па-людску не ўмееш.
І сапраўды, у Свабоды быў жудасны акцэнт, і гаварыў ён па-расейску слаба, нязграбна калечачы словы.
— Я вас ўсім сэрцам, усей душою чакаў, — тлумачыў Чэсік.
— Ідзі ты лепей адсюль. Розная свалата тут лазіць. Можа, і ты шпіён які?
І Чэсік, крыху абражаны і злы, пацягнуўся далей. Праз хвіліну ён быў ужо на самім вакзале, запоўненым бурлівым людскім морам, хвалі якога разыходзіліся ў розныя бакі. Адтуль ён перабраўся на перон.
З боку Барысава акурат пад’ехаў цягнік. У таварных вагонах ціснуліся адзін да аднаго ўзброеныя чырвонаармейцы. Пачалі выгружацца. Адзін з салдатаў пераносіў вельмі шмат рэчаў. Усе рукі ў яго былі занятыя. Чэсік заўважыў, як жаўнер, прапіхваючыся праз натоўп, згубіў брызентавую торбу. Злодзей кінуўся да яе як мага хутчэй, падняў і хацеў вярнуць, але тлум ужо праглынуў вайскоўца. Чэсік пачаў прадзірацца за чырвонаармейцам, некалькі разоў крыкнуў яму ўслед:
— Таварыш, пачакайце!
Натоўп віраваў, як вада ў бурным патоку. Чэсік згубіў з вачэй чырвонаармейца, але працягваў рухацца ў тым самым кірунку, а торбу ён падняў уверх, каб уладальнік пабачыў яе і пазнаў.
Неспадзеўкі Свабода адчуў, што нехта ззаду моцна тузануў яго за каўнер. Ён адвярнуўся. І ў той жа момант атрымаў кулаком у твар. Нехта ўзняў крык:
— Таварышы, злодзей! Лавіце яго!
З Чэсікавых рук вырвалі торбу, якую той сам працягваў уперад. Свабода пабачыў вакол сябе злыя шэрыя твары.
— Я знайшоў… Хацеў аддаць… — тлумачыўся Чэсік.
— Дык чаму так і не аддаў?
— Уцякаў зладзюга? Га?
— Што з ім языком мянціць… Лупіце яго!
І Свабоду пачалі біць.
— Таварышы!.. Таварышы!..
Лавіна ўдараў кулакамі, каленямі, нагамі паваліла яго на зямлю. Мужчына зразумеў, што яму канец. Ён спрабаваў, аднак, выкруціцца між нагамі людзей, якія яго атачылі. Але гэта было немагчыма і толькі яшчэ больш раз’юшыла жаўнераў. Тады Свабода прыкінуўся вожыкам. Ляжаў нерухома і цярпліва зносіў жудасныя ўдары, каб можна было падумаць, што ён ужо сканаў. Але і гэта яму не дапамагло. Цяжкі армейскі бот, які выцяў яму ў скронь, пазбавіў яго прытомнасці. Вайскоўцы не спынілі здзекаў з вялага, распластанага на зямлі цела. Праз некаторы час на пероне засталася ляжаць цёмная крывавая калатуша. Жаўнеры, якія тут сноўдалі, чапляліся нагамі за бясформеннае месіва, спатыкаліся і адно сыпалі матамі.
Гэтак закончылася мара злодзея Свабоды аб прыстойным жыцці і блізкім сэрцу сацыялізме.
Праз два тыдні пасля таго, як бальшавікі занялі Менск, запрацавала камісія Рэвалюцыйнага трыбунала. Першае яе заданне — разгрузка турмаў. Шматлікіх вязняў, якія сядзелі за дробныя правіны, адразу ж адпусцілі. Некаторых выклікалі на допыты. Тут ужо камісія вырашала, каго пакінуць за кратамі, а каго вызваліць. У той жа час усе вязні, затрыманыя за сур’ёзныя справы, заставаліся пад вартай. Рэцыдывістаў, якія сядзелі нават за нешта малазначнае, таксама не выпускалі.
У канцылярыю выклікалі і Яся. Там ужо была сабраная групка з дзесяці зняволеных. Пад узмоцненым канвоем іх суправадзілі да будынка Рэўтрыбунала, паблізу Саборнай плошчы.
Вязняў увялі ў вялікую пустую залу. Тут яны мусілі чакаць на вырашэнне сваіх спраў. На допыт іх выклікалі па адным. Яся ўзялі перадапошнім. Яго ўвялі ў пакой, дзе за трыма сталамі працавала некалькі людзей. Пры самым вялікім стале, насупраць дзвярэй, сядзелі два мужчыны і адна жанчына. Апошняя была вельмі маладой, але брыдкай.
— Ясь Нацэвіч? — спытаў старшыня камісіі.
— Так.
Чальцы камісіі пачалі праглядаць ягоныя дакументы са Следчага аддзела. Задавалі шмат пытанняў. Ясь удаваў з сябе наіўнага і разгубленага хлапчыну, цалкам нявіннага, які наогул мала ў чым разбіраецца. Разам з гэтым ён умудрыўся вельмі спрытна распавесці аб сваёй справе. Яго абвінавачвалі ў крадзяжы станка па вырабе муштукоў. Ясеву віну абцяжарвалі ўцёкі з-пад арышту. Менавіта гэты пункт усё ўскладняў. Плюсам для яго было тое, што яго ніколі не каралі ў судовым парадку.