Выбрать главу

Настка лёгка адштурхнула яго назад і бразнула дзвярыма ў яго перад носам.

Жардонь вылаяўся.

— А калі Ясь вернецца? — гукаў праз дзверы.

— Не ведаю… Нічога мне не казаў…

І Жардонь застаўся ў сенцах. Сеў на куфры, у які складалі розны хлам, і чакаў. Раздумваў пра тое, што яго напаткала, і гэтак сам над сабою расчуліўся, што заплакаў. Ясь вярнуўся досыць позна. Пасвяціў ліхтарыкам у сенцах і пабачыў дзядзьку, які сядзеў на куфры. Хлопец быў пад чаркай. Ён глузду не мог прыставіць, што здарылася з Жардонем, але нечаканае спатканне яго пацешыла.

— Ку-ку! — крыкнуў Ясь, пэўна, маючы на думцы шыльду над рэстаранам «Залатая зязюля».

— Кпіш з мяне? — з дакорам прамовіў Жардонь.

— Я не ўмею, дзядзечка. Ты хіба мяне навучыць прыйшоў? Чаго хочаш?

— Ясю, даражэнькі, — выціснуў з сябе Жардонь і зноў пачаў плакаць. — Я сёння з турмы выйшаў. Два тыдні трымалі. Пайшоў дадому. А там пуста. Усё пакралі. Толькі павесіцца засталося… І што цяпер мне рабіць беднаму?.. Ні капейкі за душой.

— Так?! — сказаў крыху здзіўлены і крыху раздражнёны хлопец.

А Жардонь плакаў. Нават галасіў. Ясь прыпомніў, што дзядзька румзаў і тады, калі ён прыйшоў да яго прасіць належныя яму грошы. І пастанавіў не расчульвацца. Упусціў дзядзьку ў дом. Пасадзіў пры стале. Папрасіў дзяўчыну прынесці госцю нечага на зуб. Але Настка сказала цвёрдым голасам:

— Не, я яму нічога не падам… За маю крыўду… Няхай ідзе адсюлека! — і таксама пачала хліпаць носам.

— Халера! Вы ўсе падурнелі?! Малака ад шалёнай каровы напіліся ці якога блёкату разам наеліся?

Ясь сам прынёс дзядзьку скібу хлеба і талерку фасолевага супу.

— Малаці, родзіч. А потым гавары.

Дзядзька еў і плакаў, бязладна расказваючы пра апошнія здарэнні. Ясь жа неяк умудрыўся ўсё зразумець. Ён сказаў Жардоню:

— Падсілкавацца я табе даў. Але начаваць ты тут не можаш, бо заўтра яшчэ скажаш, што і кватэра твая… У цябе ёсць дазвол на рэстаран, то прадай яго… Або вазьмі кампаньёна. Не прападзеш… Вазьмі тут на начлег і на ежу на некалькі дзён… Больш не хачу цябе тут бачыць! Ідзі сабе адселя.

Ясь працягнуў Жардоню грошы. Дзядзька ўзяў іх, але сказаў з папрокам:

— Дык гэтак ты мяне прымаеш? Ладна, надта хораша, Ясю. Не сорам табе?

У хлопца на шыі запульсавала кроў у жылах.

— Ты горай са мной абышоўся. Я табе нічога не вінен. Ідзі ўжо, бо зараз скажу Настцы цябе вывесці. Я сам даткнуцца да цябе брыджуся. Ідзі прэч!

І Жардонь пайшоў, угнуўшы плечы. У двары ён прыпыніўся і пагразіў кулаком у бок дома:

— Я табе пакажу, смаркач! Спазнаеш, па чым хунт ліха, падшыванец! Ты мне яшчэ боты языком будзеш вылізваць!

Развярнуўся і пайшоў на Лагойскі тракт, дзе быў начлежны дом.

5

ЗАДАВАЛЬНЕННЕ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ДАБРО!

Зноў надышла вясна. І зноў іншая. Калі папярэдняя была неспакойная, ранняя, п’яная, то сёлетняя сваволіла, як шалёная. То раптам яна распраменьвала наваколле сонцам, то ўжо праз гадзіну панура цягнула па небе груды хмар… Калі ў адзін дзень растаплівала гарачым дыханнем і цуркамі вады шэрыя масы снегу, то ўжо назаўтра бессэнсоўна прыкрывала горад беллю.

І людзі былі збітыя з панталыку: не маглі ўгадаць, як апрануцца. Выходзіш з дому — травень, вяртаешся — студзень. Таму сноўдалі хто ў футры, хто ў лёгкай кашулі, і ўсе клялі надвор’е. А вуліцамі штораз часцей везлі нябожчыкаў. Лекары і магільшчыкі працавалі з замыленымі лбамі.

Паўлінка ў сваёй крамцы гандлявала са зменлівым поспехам. Але апошнім часам яна менш пераймалася прыбыткам. Яе мучыла адзінота. Некалькі разоў яна выбралася ў кіно. Мужчыны чапляліся да яе толькі так. Але Паўка пасля ўрокаў, якія ёй далі Толік і Грыша, была асцярожнай. Лёгкім позіркам яна ацэньвала мужчын, якія ўвіваліся за ёй, і ўсведамляла, што з такімі не варта і займацца.

Але і яе ўзбударажыла вясна, зблытала думкі ў галаве і парушыла сон. Ранкам яна ўставала, не выспаўшыся, з цяжкай галавой, злая. Налівала ў ванну некалькі вёдраў вады і халадзіла пругкае, вабнае, у самым саку цела, поўнае сілы і жаноцкасці. Часам ёй хацелася выйсці голай на вуліцу: глядзіце, якая я прыгожая, але мушу прападаць і мучыцца, бо не маю таго, хто б заспакоіў маю жарсць! Праз акно яна раз-пораз бачыла Яся або Настку. З зайздрасці пачала іх ненавідзець. Асабліва дзяўчыну, з якой ніколі нават не перакінулася словам. Фантазія развярэджвала ёй душу карцінамі, як суседзі кахаюцца ноччу, горача песцяць адно аднаго. Таму яе аж круціла ад яду і злосці на суседзяў, але яна не была ў стане ім нашкодзіць, а Яся дагэтуль баялася.