Выбрать главу

Іншы раз ёй успамінаўся Баран. Але гэтыя згадкі заўсёды былі звязаныя з грашамі, рэчамі, золатам, падарункамі. Аднак ні ад каго са сваіх каханкаў яна не зведала столькі ласкі і пяшчоты, як ад яго. Эратычныя забавы з нехлямяжым Толікам, нягледзячы на гэта, больш запалі ёй у памяць. Бадай, таму, што з Толікам яна была завадатаркай любоўных уцех. Толіка яна мусіла кожны раз нібы спакушаць. А Баран меў жывы тэмперамент і здаровую цягу да каханай жанчыны, таму заўсёды браў яе лёгка, моцна і проста. Кабеце са здаровай фантазіяй гэта б прынесла задавальненне і спатолю. А Паўлінка толькі раздражнялася. Яна лічыла, што Алік дбае ў ложку перадусім пра сябе, што гэта яна яго ашчасліўлівае, таму ён мусіць з удзячнасці ёй плаціць, плаціць і плаціць…

Неяк у нядзелю Паўлінка досыць рана пайшла ў горад. Выстраілася ва ўсё моднае, ці, хутчэй, дарагое. Ішла ў воблаку парфумы, празмерна калышучы бёдрамі. На мосце ёй насустрач крочыў высокі элегантны мужчына. Паўлінка здалёк заўважыла яго відную постаць і, мінаючыся з ім, зіркнула на яго ласымі вачыма. Сыпала далей. Ёй было цікава, ці пайшоў ён за ёю следам. Але лічыла, што азірацца не варта. Старалася рухацца вабна і гожа.

За электрастанцыяй яна пад прамым вуглом павярнула ў бок Губернатарскага сада. Гэта дазваляла ёй, не круцячы галавой, пабачыць ходнік ззаду. Не памылілася: мужчына ішоў за ёй. Паўлінка была задаволеная і заінтрыгаваная. Яна дадавала ходу, ідучы ў бок белага мастка праз Свіслач, за якою пачыналіся сцежкі парку. Яе нават падмывала падбегчы. Хацелася смяяцца. Але яна стрымлівалася і, джгаючы вельмі хутка, раптам звярнула на вузкую сцежку злева. Было відаць, што мужчына ледзь за ёй паспявае. Ён заўважыў, што Паўлінка яго заваблівае, і зразумеў усе ейныя манеўры. Яна ж уселася на адзінокай лаўцы, замшэлай ад часу і вільгаці.

— Але ж і наравістыя вашыя ножкі! — сказаў выпадковы залётнік, прысаджваючыся каля яе на лаўцы.

Паўлінка грала збянтэжанасць.

— Не разумею, пра што вы! І наагул, я вас не ведаю.

— А я вам прадстаўлюся: я намеснік кіраўніка першага раёна горада Менска Канстанцін Семянцоў.

Мужчына затаіў, што працуе ў Следчым аддзеле. Не пахваліўся і тым, што ён звычайны агент. Натуральна, Паўка не разбіралася ў пасадах. Нават прозвішча мужчыны адразу ж вылецела з ейнай галавы. Яна падала яму руку.

— Паўліна Хурдзіч.

— Вельмі прыемна.

Агент пацалаваў яе ў руку, што адразу ж выклікала Паўлінчыну прыхільнасць і нават крыху яе засароміла.

«Сапраўдны джэнтльмен!»

Семянцоў быў на заданні. Мусіў разнюхваць і вывіжоўваць. Але тут чуццё абяцала яму любоўныя прыгоды без асаблівага высілку, таму ён пакуль забыўся пра службовыя абавязкі. Ён выведаў, што Паўлінка збіраецца ў кіно, і сам заявіў, што жыць без яго не можа. Разам яны пакрочылі ў цэнтр горада. Семянцоў вёў Паўцю пад руку, правіў ёй кампліменты і неўпрыкмет стараўся выпытаць усё пра сваю выпадковую знаёмку. Гэта было даволі лёгка, бо Паўка, прамянеючы ад радасці, прастадушна пра ўсё балбатала. Неўзабаве агент высветліў, што дзяўчына свабодная, жыве адна, прычым добра забяспечаная матэрыяльна. Гэта падалося яму незвычайна прывабным і дадало імпэту ў залётах да Паўлінкі.

У кінатэатры Семянцоў купіў квіткі ў ложу. А калі пачаўся фільм і залу ахутаў паўзмрок, ён зрабіўся вельмі настойлівым. Паўлінка падатліва адказала на некалькі пацалункаў, але няўрымслівыя рукі, якія ўпарта лезлі ёй пад сукенку, перашкаджалі ёй сачыць за фільмам. Не вытрымаўшы, яна сказала:

— Давайце пакінем гэта на пазней. Тут нязручна, і фільм хочацца паглядзець.

— Прабачце.

Агент зразумеў, што мае справу з жанчынай, якую не трэба спакушаць: яна сама была гатовая да любоўнай інтрыжкі. Таму можна было пакуль стрымаць свой запал.

Калі Паўлінка ў мінулым годзе, толькі-толькі пазнаёміўшыся з Бараном, пайшла з ім у кіно, то акурат паказвалі фільм пра злодзеяў. Цяперашняя стужка вельмі яго нагадвала. Толькі тут галоўным героем быў бясстрашны дэтэктыў. Ён здзяйсняў цуды. Пранікаў у гангстарскія прытоны. Вызваліў з рук бандытаў выкрадзеную дзеля выкупу дачку мільянера. Змагаўся са зладзейскім важаком, небяспечным злачынцам, які ўвесь час вышмыгваў з рук паліцыі і з турмаў.

Паўлінка сціскала кулакі ад перажыванняў і, затаіўшы дыханне, не адрывалася ад экрана. Часам хапалася за плячо свайго спадарожніка. У антракце яна, магчыма, паводле нейкай падсвядомай аналогіі, запытала яго, як некалі Барана:

— А вы баіцеся злодзеяў?

Агент з гонарам выпнуў грудзі.

— Я?.. Гэта яны мяне баяцца!