— Як гэта?
Семянцоў, які быў не супраць пазадавацца ды ўразіць Паўлінку, расхінуў левае крысо пінжака і паказаў дзяўчыне значок агента тайнай паліцыі.
— А што гэта такое? — Паўлінка даткнулася пальцам да значка.
— З гэтай адзнакай я маю права арыштаваць любога, каго захачу. А калі пакажу яе міліцыянту, то ён мусіць адразу выконваць мае загады.
— Та-а-ак?!
Паўлінка з захапленнем і пашанай глядзела на свайго кавалера, а ён уладна абняў яе правай рукой за плечы, а левай гэтым часам вадзіў па ейным сцягне. Паўлінка аж млела і са штучным сорамам на твары дазваляла агенту вандраваць рукою па далікатных месцах. Калі яны выйшлі з кінатэатра, Семянцоў прапанаваў падсілкавацца ў якім-небудзь рэстаранчыку. Дзяўчына адказала:
— А ці не лепей нам будзе павячэраць у мяне дома? Алкаголю, праўда, у мяне няма, але затое ўсялякіх прысмакаў аж цераз вушы.
Дзяўчына распалілася і абавязкова хацела, каб Семянцоў завітаў да яе. Яна ведала, што заканчэнне вечара тады будзе залежаць ад яе. Агент быў не супраць.
Яму падабалася ахайная, добра апранутая і… заможная кабетка. «Уласная крама і кватэра — гэта не абы-што».
Семянцоў і Паўлінка звярнулі з Захар’еўскай вуліцы на Петрапаўлаўскую і там, у вядомым прытоне, агент купіў пляшку каньяку і бляшанку шпротаў. «Купіў» — гэта толькі так называецца, бо насамрэч гаспадар прытона, пра махінацыі якога ведалі некаторыя агенты, не ўзяў — як звычайна — грошай. Адмахнуўся ад працягнутай буйной купюры, сказаўшы, што не мае рэшты.
Агент ішоў з Паўлінкай у бок Залатой Горкі. Па дарозе ён прыкідваў у галаве, якую практычную выгаду можа прынесці ягоная сувязь з Паўкай. Семянцоў ставіўся да яе як да жанчыны даволі раўнадушна. Ён наагул быў чалавекам халодным і асцярожным, і гэтага не магла змяніць нават ладная колькасць выпітага алкаголю. Акрамя таго, жанчыны не былі для яго вялікай пацехай. Ён меў іх дастаткова. Нават зашмат. Таму ён і перастаў іх цаніць ды звяртаў увагу толькі на добра забяспечаных.
Паўлінцы ж прыйшоўся да густу высокі, фасоністы, шырокі ў плячах мужчына. Працяглае ўстрыманне ад мужчынскай кампаніі далося ёй у знакі. А пяшчоты ў кіно толькі нагналі апетыту. Таму яна з нецярплівасцю чакала працягу гэтага няхітрага флірту. Нават сама строіла планы. Пастанавіла прыкінуцца п’янай пасля некалькіх кілішкаў і тады прыступіць да самага цікавага. Інтуітыўна яна адчувала, што Семянцоў, нягледзячы на сваю назойлівасць, насамрэч досыць спакойны і няпалкі. Гэта яе крыху злавала, бо яна сапраўды моцна сумавала па мужчынскіх ласках. Але разам з тым хлопец быў ёй даспадобы. Ён нагадваў Толіка, які кахаўся з ёю бясстрасна і нібы без ахвоты. Як бы проста рабіў ёй міласць.
Паўчына жытло расчаравала Канстанціна. Ён спадзяваўся, што шыкоўна апранутая жанчына мае лепшую кватэру. А менавіта жытло перадусім сведчыць пра дастатак гаспадароў. Акрамя таго, ейны дом знаходзіўся занадта далёка ад гарадскога цэнтра. Паўця ж хацела спадабацца Семянцову і, магчыма, таму была асабліва праніклівай у гэты вечар. Яна ўміг зразумела ягоны настрой і з напускной натуральнасцю сказала:
— Гэта мая норка. Мышыная норка. Я магу зняць самую дарагую кватэру ў цэнтры, але тут мне пакуль найлепш. Бліжэй да маёй крамы. Крамка таксама сціплая, але прыбытак прыносіць большы, чым некаторыя магазіны ў цэнтры. Не палохайцеся, калі ласка, што тут так цесна.
Канстанцін нешта там адбурчэў і, не здымаючы паліто, усеўся каля дзвярэй. Паўка змусіла яго распрануцца і перабрацца на крэсла ля століка. Усупэчыла яму ў рукі нейкі абрывак старой газеты, а сама пачала жвава рыхтаваць вячэру. Прызапашаных харчоў у яе было дастаткова, бо яна ўвесь час скупляла іх для крамы. Калі Барану яна звычайна шкадавала, то для Канстанціна зусім не скупілася. Таму вячэра мела быць з самымі разнастайнымі ласункамі. Знайшлася нават бутэлька віна і пляшка царскай гарэлкі. Паўця заслала стол новым, узорыстым абрусам і ўмела расставіла на ім талеркі з закускамі. Яна ж гандлявала ў крамцы і мусіла — калі было шмат кліентаў — дапамагаць афіцыянтцы абслугоўваць гасцей. Таму і цяпер усё ў яе атрымалася хутка і спрытна.
Неўзабаве стол аж угінаўся пад размаітым смакоццем, а ў цэнтры красаваліся бутэлькі. Паўця пайшла на кухню наставіць самавар.
Агент жа з усё большай прыхільнасцю, спаглядаў на зграбную постаць Паўлінкі, якая завіхалася то тут, то там. Ягоная сімпатыя ўзрастала па меры таго, як стол запаўняўся ўсё новымі пачастункамі. Смачна пад’есці і выпіць было найвялікшай слабасцю Семянцова. Калі б Паўка была больш дасведчанай, то мела б падставы насцярожыцца, бо гэтая рыса не найлепей характарызавала ейнага кавалера. Мужчыны, якія захапляюцца добрай кухняй, зазвычай мала цікавяцца жанчынамі. І наадварот.