Заставіўшы ўвесь стол, Паўця папрасіла прабачэння ў Семянцова:
— Хачу прыхарашыцца да вячэры.
Яна выйшла ў суседні пакоік, які быў спальняй.
Там спешна раздзелася дагала абцерлася з ног да галавы парфумай, выліўшы на цела, твар і валасы амаль цэлы вялікі флакон. Адзела сваю самую тонкую споднюю кашулю і майткі, новыя панчохі, прыгожыя туфелькі і цёмную сукенку, цяжкі шоўк якой ападаў на далонях скрозь пальцы. Гэта быў падарунак Барана. Наспех расчасаўшыся, напудрыла твар і намалявала памадай і без таго пунсовыя, нібы макавыя пялёсткі, губы. Пакруцілася перад люстэркам. Цёмная сукня рабіла ейную фігуру страйнейшай, і Паўлінка напраўду выглядала пекна. Яна пагразіла свайму адлюстраванню пальцам, залётна ўсміхнулася і выйшла да Канстанціна. Указала рукою на стол і весела прамовіла:
— Ласкава запрашаю.
Агент з асалодай глядзеў на яе. Дзяўчына цяпер выглядала зусім інакш. Была зграбная, гнуткая, таямнічая.
— Але ж вы і красуня! — сказаў ён ад чыстага сэрца.
Паўлінка задаволена ўсміхнулася.
— Такому мужчыну, як вы, таксама нічога не бракуе, — заўважыла гарэзліва.
Абое былі галодныя, таму елі з ахвотай. Агент увесь час заахвочваў выпіць. Паўлінка не адмаўляла. Сама хацела напіцца. Папярэдне планавала гэта зрабіць, каб дадаць сабе адвагі, а цяпер імкнулася не адставаць ад яго, зрабіць уражанне дасведчанай, смелай і ўпэўненай жанчыны. Бывае, гэтак п’е падлетак у таварыстве дарослых, каб дадаць сабе значнасці.
Гулянка працягвалася. Паўлінцы закруцілася ў галаве. Ёй было весела, хацелася смяяцца і жартаваць.
У той дзень Ясь позна прыйшоў на абед. Настка адна, без яго, не сядала за стол. Калі абед быў гатовы, прысела на ложку ў ягоным пакоі і выцікоўвала хлопца праз акно. Ясь забараніў, каб яна галодная чакала яго, бо здаралася, што ён вяртаўся вельмі позна, а некалькі разоў нават не начаваў дома. Але дзяўчына, якая заўсёды і ва ўсім яму саступала, тут была непахіснай: адна ніколі не кранала ежы. Яся гэта нервавала, але ў выніку ён зразумеў, што мусіць змірыцца з гэтым адзіным відам ціску, які Настка магла на яго аказаць.
Дзяўчына была яму адданай і вернай, як стары сабака. Яна рупілася ва ўсім яму дагадзіць і намагалася, каб ён быў задаволены. Кватэра аж блішчэла ад чысціні. Бялізна заўсёды была накрухмаленая і пахла свежасцю. Сама Настка заўжды была чыста і ахайна адзетая, прыгожа прычасаная. Але Яся гэта толькі бянтэжыла. Шмат разоў ён лавіў сябе на думцы, што ахвотна залез бы ноччу да Насткі ў ложак. Яго вабіла моцная, крамяная дзяўчына. Не раз яму даводзілася бачыць ейныя аголеныя круглыя плечы. Дзявочыя зубы свяціліся беллю. Губы заўсёды ружавелі. Румянцы аздаблялі круглыя, смуглыя шчокі. А пад сукенкай пазнавалася дасканалае цела — такое, якое можа мець адна жанчына з тысячы. Ясь, аднак, лічыў, што не мае права яе чапаць. Перадусім таму, што дзяўчына была ад яго залежная. Ён бачыў, што Настка ў яго закаханая. Заўважаў, як яна заліваецца чырванню, калі яму здаралася спаткацца з ёй позіркам. Ведаў, што яна з радасцю яму аддасца, не будзе яго абмяжоўваць і не зробіцца навязлівай, але хацеў быць у парадку сам перад сабою. Таму хадзіў да Мілы. Часам спаў з прастытуткамі, якія ўспрымалі яго як свайго хлопца, і ён праз гэта зусім не баяўся нечым заразіцца. Але Настка была для яго забароненым плодам, хоць яму насамрэч нялёгка было пераадольваць пажаду да гэтак спакуслівай дзяўчыны, якая жыла побач з ім.
Настка спачатку меркавала, што Ясь ёю проста не цікавіцца. Яна была настолькі прызвычаеная да мужчынскага нахабства, якому ўмела даваць адпор дзякуючы сваёй не абы-якой фізічнай сіле, што Ясева далікатнасць падалася ёй абыякавасцю. Праз некаторы час яна заўважыла, што маладзён, аднак, часта сочыць за ёй прагнымі вачыма. Гэта навяло на думку, што Ясь проста яе шкадуе. Потым ёй трапна прыйшло ў галаву, што хлопец не хоча пачувацца вінаватым перад ёй. Па начах яна нярэдка чула, як Ясь варочаецца ў ложку, устае ды ідзе на кухню, п’е ваду, паліць. Настка дапускала, што жанчына яму б вельмі прыдалася. Часам яе аж цягнула самой пайсці да яго, але бракавала адвагі. Спыняў сорам.
Аднойчы яна пабачыла на вуліцы Яся і Мілку, якія ішлі пад руку. Пара весела і прыязна размаўляла, а іхныя крокі былі надзвычай лёгкія і згодныя. «Пэўна, палюбоўніца», — падумала Настка пра Ясеву спадарожніцу. Але ў дзяўчыны не абудзілася ні каліва рэўнасці. Яна адчувала, што не пасуе Ясю як каханка або жонка, але ахвотна б яму аддалася без пярэчанняў і заўваг.