Выбрать главу

«Навошта яму шукаць недзе жанчыну, марнуючы на яе грошы і час, калі я заўсёды пад бокам»»

Неяк уночы яна доўга прыслухоўвалася да гукаў з пакоя Яся, які ніяк не мог заснуць. Пастанавіла, што сама пойдзе да яго. Ціхенька ўстала э ложка. Скінула кашулю і голая ды босая пасунулася ў ягоны пакой. Затрымалася ля яго ног і намервалася ўслізнуць да яго пад коўдру, Зрабіла яшчэ адзін крок уперад. Ясь на гэта паварушыўся, а пакой заліўся струменем святла ад кішэннага ліхтарыка. Настка выпрасталася і прыкрыла грудзі рукамі.

— Наста?! Гэта ты?! — устрывожана запытаўся Ясь.

— Выбачай… Я хацела толькі… хацела запалкі…

Ясь упохапкі знайшоў і падаў ёй запалкі. Збянтэжаная, Настка вярнулася ў свой пакой, запаліла лямпу і забралася ў ложак. Ёй хацелася плакаць. А Ясь, якога ўпрост ашаламіла павабнасць ейнага голага цела, не спаў аж да раніцы. Хоць гэта і можа падацца некаму дзіўным, але ён не зразумеў намеру дзяўчыны. А тое, што яна завітала ў ягоны пакой цалкам голай, умацавала ў ім перакананне, што Настка вельмі наіўная і бязмежна яму давярае.

Чакаючы Яся, Настка адчула, што ў яе зліпаюцца вочы. За акном усё больш цямнела і мала што было відно. Дзяўчына прылегла на ложку. Яна не думала спаць, але сёння дастаткова напрацавалася, таму яе амаль адразу змарыў сон.

Калі вярнуўся Ясь, на дварэ было ўжо зусім цёмна. Дзверы з боку кухні не былі зачыненыя на засаўку, таму ён увайшоў у дом. Па звычцы ён заўсёды хадзіў ціха і свяціў у цемры ліхтарыкам. Калі ўвайшоў у свой пакой, то пабачыў Настку, якая салодка спала на ягоным ложку. Ляжала на спіне, падклаўшы пад галаву рукі, як здаровае дзіця. Ногі былі прыпаднятыя і сагнутыя ў каленях. Гэткая поза была досыць правакацыйнай, бо да ўсяго ейная кароткая спаднічка ссунулася аж на сцёгны, адсланіўшы белыя ляжкі. Ясь нават падумаў, што дзяўчына наўмысна так расклалася. Але было ясна, што яна моцна спіць. У галаве прамільгнула думка: «Можна было б яе лёгка ўзяць, трэба толькі ціха раздзецца». Яго разабраў такі юр і гэтак моцна захацелася здзейсніць сваё жаданне, што на лбе ажно выступіў пот, а зубы пачалі звінець. Ён паспяшаўся выйсці на кухню і амаль крыкнуў адтуль:

— Настка!

— О божа!.. Што такое?

— Гэта я… Чаму ты сядзіш упоцемку?

— Заснула… Чакала вас каля акна.

— Зноў не абедала?

— Не.

— Запалі лямпу і давай есці!

Настка спешна дастала з печы страву і раптам прамовіла:

— Прабачце, пане Янку. Не злуйцеся, калі ласка, на мяне…

Яна палічыла, што хлопец нахмурыўся і пазбягае глядзець ёй у вочы праз яе прамаруджванне, што ён злы на яе. Але Ясь толькі рассмяяўся на гэта, а потым халоднай яшчэ рукою палашчыў яе па шчацэ.

— Я зусім не сярдую. Праблемы ў мяне.

— А можа, я чым дапамагу?

— Можаш дапамагчы. Ці не баялася б ты вечарам прайсціся да Цыпы?

— Я?! — Настка шчыра здзівілася.

— Цяпер розная свалата па горадзе бадзяецца. Яшчэ нападуць на цябе, крый божа.

— Як нападуць, так і адпадуць. Я ім такіх трындзюлін выпішу, што больш і не захочуць.

Настка па-баявому патрэсла кулаком і бліснула вачыма.

— Малойца з цябе! — з прызнаннем паківаў галавою Ясь.

х х х

Некалькі разоў Яся спынялі ў горадзе тайныя агенты. Ён быў вядомы ўжо шмат каму са Следчага аддзела. А гінты[20], пабачыўшы ў горадзе знаёмы зладзейскі твар, любілі час ад часу паставіць сумнеўную асобу каля брамы і абшманаць. Іншым разам знаходзілі зладзейскія прылады. А гэта ўжо было падставай для затрымання. Таму Ясь асцерагаўся браць статкі[21] з сабою ў горад. Настка ўжо некалькі разоў выручала яго ў гэтым. Цяпер ён мусіў пільна перадаць прылады ад Казіка Марацкага ў трушчобу Цыпы. Там іх чакаў Грамадзянін, які меў даставіць інструменты хлопцам на Нова-Красную.

Настка так спяшалася, што нават не хацела есці, але Ясь змусіў яе скончыць абед, а потым даў цяжкі пакунак, у якім былі два шабры, камплект адмычак, развадны ключ — «жаба» — і нажніцы для рэзкі жалеза. Настка прымацавала ўсё гэта на жываце і грудзях, аперазаўшы ўсё гэта дзягаю, каб яны выпадкова не выслізнулі. Накінула на плечы кажушок — і была гатовая вырушыць у дарогу, бо ўжо ведала, дзе знаходзіцца трушчоба Цыпы.

— Глядзі асцярожна там, пільнуйся мосераў[22]! Статкі аддай толькі Грамадзяніну…

— Усё будзе добра, — запэўніла Настка і выйшла з памяшкання.

Ясь быў крыху стомлены. Яго хіліла на сон. Нягледзячы на тое, што было досыць рана, ён разаслаў ложак, раздзеўся, згасіў лямпу і лёг спаць. Кухонных дзвярэй, якія вялі ў сені, ён адмыслова не замыкаў, каб Настка магла трапіць у кватэру і не будзіць яго.

вернуться

20

Гінт — прадстаўнік тайнай паліцыі.

вернуться

21

Статкі — зладзейскія прылады.

вернуться

22

Мосер — шпік, выведнік.