Ён спаў моцна, але нядоўга. Яго разбудзіў бразгат дзвярэй. Ясь падумаў, што гэта вярнулася Настка. Але праз хвілю ён пачуў Паўлінчын голас з ейнай кватэркі за тонкай перагародкай. Словы можна было лёгка разабраць.
Ясь перавярнуўся на другі бок і спрабаваў зноў заснуць. Але сон не ішоў — перашкаджалі ўласныя думкі і галасы з суседняй кватэры. Міжвольна ён чуў усё, пра што гаманілі за сцяной.
Ішлі мінуты. Раптам у суседняй кватэры загучаў спеў. Мужчынскі барытон зацягнуў нейкі недарэчны стары раманс. Голас быў агідны, да таго ж спявак страшна фальшывіў. Калі спеў перарваўся, гучна і развязна забалабоніла Лаўка:
— Як жа ты цудоўна спяваеш!
Ясь рассмяяўся. Пазабавіла яго гэтае «цудоўна».
Далейшы ход падзеяў за сцяной, у кватэры Паўлінкі, зацікавіў Яся. Ён устаў упоцемку з ложка і адхіліў край адсталай ад сцяны шпалерыны. Ён некалі заўважыў там прадаўгаватую шчыліну між дошкамі, праз якую добра быў відаць амаль увесь Паўлінчын пакой. Даўней тут была шавецкая майстэрня Барана. Хлопец пабачыў цяпер багата накрыты стол. Уверсе пад столлю гарэла вялікая газніца.
Паўлінка сядзела на каленях у Семянцова. Ясь спачатку палічыў, што дзяўчына прымае ў сябе таго мужчыну, якога ён неяк раніцаю застаў у яе ўдома. Але праз момант выявіў, што памыліўся. Паўлінка была п’яная. Смяялася. Вярзла розную лухту і гарнулася целам да свайго госця. Той неяк млява яе абмацваў. Відаць, жанчына не надта яго цікавіла.
Паўлінка адставіла ў бок кілішкі, і наліла амаль поўныя шклянкі каньяку, расплюхаўшы трунак па абрусе.
— П’ём! — звярнулася да агента.
— Ох… нешта не хочацца…
— Тады я п’ю адна.
І хлюсь — адным глытком выпіла каньяк. Шклянка выпала з ейнай рукі і пакацілася па падлозе. Паўлінка гучна, крыху фальшыва засмяялася. Грудзямі яна прыткнулася да Семянцова.
— Скажы, ці кахаеш мяне?
— Н-не… ведаю…
— Не ведаеш?.. А ты ж казаў, што я пекная…
— Ну так…
— Тады скажы, што кахаеш, — настойвала Паўлінка.
— Можа, і кахаю…
— Дык пацалуй мяне.
Агент пацалаваў яе, але без вялікага імпэту.
— Яшчэ!
— Ай, перастань… Ты робішся нуднай…
— Сам ты нудны… Выпі яшчэ!
Семянцоў пацягнуў са шклянкі крыху каньяку. Ягоная рука нязграбна хіснулася і трунак выліўся на Паўлінчын падол. Жанчына ўскочыла з мужчынскіх каленяў і пачала атрасаць сукенку.
— Вы-вы-бачаюся…
— Нічога… глупства… Але трэба высушыць!
Ледзь трымаючыся на нагах, Паўлінка скінула з сябе сукню і засталася толькі ў бялізне. Выглядала чароўна. Ясь аж залюбаваўся ёю, хоць і не любіў яе ды не шанаваў. Праз некалькі секундаў Паўлінка зноў забралася на калені да агента. Той крыху ажывіўся. А кабета проста аж гарэла. Пачала жарона абсыпаць яго пацалункамі. Потым ссунула шлейкі сарочкі і агаліла верхнюю частку цела. У яе былі прыгожыя, можа, толькі крыху завялікія, грудзі. Скура была далікатнай і ружовай.
Неўзабаве Паўлінка зусім нічога не мела на сабе. Яна ні кроплі не саромелася. Ёй было толькі прыкра, што Семянцоў гэтак вяла рэагуе на яе пяшчоты. Паўка старалася яго ўзбудзіць. Дыхала ахвотай і жарсцю. Але распаліла толькі Яся, які прагна цікаваў за кожным ейным рухам. Ён упіваўся грацыяй ды ідэальнымі формамі жаночага цела.
У гэты момант з сяней данеслася тупатанне. Вярталася Настка. Ясь прысеў на ложак. Нервова шукаў запалкі. Настка, увайшоўшы ў цемры на кухню, выцірала аб саламяны ходнічак чаравікі.
— Гэта ты, Настка? — запытаўся Ясь хрыплаватым голасам.
— Так… З усім управілася. Толькі страшна змокла. Гэткі дождж, лье і лье…
Ясь, заняты падгляданнем за Паўлінкай, нават не прыкмеціў непагоды за акном.
Настка зайшла ў пакой да Яся. І сапраўды на ёй не было сухой ніткі. Хлопец аж падскочыў з ложка.
— Здымі гэта… табе ж халодна…
Ён чуў, як сэрца калоціцца ў ягоных грудзях. Нязграбна ён дапамагаў Настцы зняць кажушок. Кінуў яго на падлогу і пачаў расшпільваць ёй блузку. Настка прытрымала ягоную далонь. Ясь толькі тузануў за тканіну і гузікі пасыпаліся на падлогу. Ясь рваў тасёмкі на спадніцы. Настка зразумела ягоны запал і дапамагала яму…
— Я сама, мілы, пусці… будзе ямчэй…
Але Ясь не разумеў. Здзіраў з яе бялізну. А потым паваліў Настку на ложак. Нявопытная дзяўчына не ведала, як яму пасадзейнічаць, і зусім разгубілася.
А Ясь палічыў гэта за супраціўленне і спешна намагаўся яе ўзяць. Настка адчувала толькі боль, закусвала вусны, але не працівілася.
Потым Ясь ляжаў пры ейным баку і цяжка дыхаў Раптам ён пачуў, што Настка ўзяла ягоную далонь і пацалавала. Пачуўся ейны цёплы і ласкавы голас.