Выбрать главу

Пачаўся падзел здабычы. Яе расклалі на 11 кучак, стараючыся, каб усе долі былі прыкладна роўныя. Адзін з Ясевых калегаў самы высокі і мажны бамбіза, завязаў дзяўчыне хусткай вочы і даў у рукі капялюш з шырокімі палямі. У галаўны ўбор укінулі адзінаццаць картак з напісанымі на іх нумарамі ад 1 да 11. Такія ж нумары расклалі каля купак з каштоўнасцямі. Усе па чарзе падыходзілі да дзяўчыны, а яна падавала ім вынятыя з капелюша карткі. Ясю выпаў нумар 7. Ён забраў сваю частку здабычы і распіхаў залатыя ўпрыгожанні, манеты і каштоўныя камяні па кішэнях.

Потым яшчэ раз кінулі жэрабя: каму першаму дастанецца дзяўчына. На стол выклалі 11 апельсінаў. Усе плады былі буйныя і мала адрозніваліся формай ды памерам. Бамбіза, якога Ясь прыняў за лідэра банды, выняў з дзявочага гарсэта доўгую залатую шпільку, падышоў да стала і глыбока ўбіў яе ў адзін з апельсінаў. На аранжавай скурцы ледзь заўважны быў гладкі верх шпількавай галоўкі. Апельсіны таксама ўклалі ў капялюш. Дзяўчына мелася вымаць іх наўздагад і раздаваць мужчынам, якія па чарзе да яе набліжаліся. Той, хто атрымаў бы апельсін са шпількай, выйграў бы дзяўчыну.

Усё гэта адбывалася ў цішыні. Не прагучала ніводнага гуку. Але прысутныя ўсё разумелі без слоў.

Ясь падышоў да дзяўчыны пятым. Адчуў, што дзяўчына носікам туфелькі лёгка стукнула яму ў нагу, нібы хочучы нешта па сакрэце паведаміць. Яна паклала яму ў далонь апельсін, а пасля па-змоўніцку паціснула яму руку. Ясь адышоўся на сярэдзіну залы. Агледзеў апельсін. У ім сядзела шпілька.

Ясь узняў плод над галавою. Лёсаванне закончылася. Бамбіза прайшоў праз залу і адамкнуў дзверы ў суседняе, меншае памяшканне. Зняў павязку з вачэй дзяўчыны і падштурхнуў яе да Яся. Хлопец узяў дзяўчыну за руку вышэй локця і павёў за сабою. Захлопнуў дзверы. Тады паланянка рынулася на калені. Выразам твару і складзенымі рукамі ўмольна прасіла яго аб літасці. З ейных вачэй ліліся слёзы.

Ясь пастараўся ёй патлумачыць, што нічога ад яе не жадае, што хоча ёй толькі дапамагчы. Яна лёгка яго зразумела. З удзячнасцю кінулася да яго з абдымкамі і пачала цалаваць ягоны твар. Ашаломлены, Ясь адштурхнуў яе і паказаў рукою на акно.

Разам яны вылезлі вонкі. Было душна. Пабеглі ў шчыльны зараснік, што быў побач. Ясь некалькі разоў азіраўся, але іх ніхто не даганяў. Нягледзячы на гэта, ён чуў, што небяспека блізка. Яны даліся бегма праз кусты. Ускочылі ў лес. Дзяўчына часта спатыкалася. Тады Ясь падаваў ёй руку, і яны імчалі разам. Неспадзявана шлях ім перагарадзіў досыць шырокі ручай, які імкліва нёсся праз камяні. Вада пенілася, віравала, клубілася, гонячыся ўніз скалістым ложам, але яе шуму Ясь не чуў… Яны былі пасярэдзіне патоку, калі дзяўчына паслізнулася і ўпала ў ваду. Ясь паспеў яе падхапіць. Далей ён нёс яе на руках.

Супрацьлеглы бераг быў стромы і камяністы. Уцекачы ледзь ускараскаліся на яго. Ясь увесь час мусіў дапамагаць сваёй спадарожніцы. Урэшце яны апынуліся на роўным месцы. Зноў беглі далей. Цяпер яны ўвесь час трымаліся за рукі.

Сонца зайшло. Неба пачало шарэць. Рабілася ўсё цямней. Але раптам здалёк, з мораку, забруілася святло. Нейкае дзіўнае, сіняватае. Яно рабілася ўсё больш інтэнсіўным, нібы набліжалася. Праз хвіліну Ясь пабачыў уверсе вялікі блакітны шар, які асвятляў усё далёка навокал. Перад імі выраслі абрысы невядомага горада. Чым бліжэй яны падыходзілі да гарадскіх гмахаў, тым большым рабіўся шар. Ясь пачуў на целе цяпло, якое ішло зверху. Ён зразумеў, што гэтая агромністая куля замяняе жыхарам горада Сонца.

Яны набліжаліся да першых дамоў прадмесця. Аднекуль збоку з’явіліся тры чырвоныя зіхоткія плямы.

Раптам завібраваў нізкі магутны гул. Ясь пусціў дзявочую руку і застыў на месцы.

Чырвоныя плямы былі ўжо зусім побач. Ясь азірнуўся і пабачыў, што каля яго прапаўзла доўгая металічная змяя. Яна прамільгнула з неверагоднай хуткасцю, бясшумна, і знікла. Ясь хацеў зноў узяць дзяўчыну за руку і крочыць з ёй далей, але таварышкі нідзе не было. Ясь кінуў позірк направа і налева. Прабегся ўпохапкі туды і сюды. Пуста. Адно дамы дзіўнай формы паблісквалі ў цішыні, залітыя зыркім святлом штучнага сонца.

Ясь шпарка шыбаваў вуліцаю. Сваіх крокаў ён не чуў. Горад быў загадкавы. Будынкі то грувасціліся на штучных узгорках, то спускаліся долу па спадзінах. Усюды было мноства кветак. Моцны струмень іх водару біў у паветра. А Ясь у роспачы ўсё шукаў дзяўчыну. Яго не пакідала адчуванне, што яна мусіць быць недзе недалёка, тут, у горадзе. Магчыма, яна таксама, як і ён, блукае па вуліцах і выглядае яго.