Горад нібы вымер. Нідзе не было ні жывой душы. Аднак людзі мусілі тут жыць. Вуліцы былі чыстыя. Кветкі дагледжаныя… Хлопец намерыўся пастукацца ў дзверы аднаго з дамоў, але яны ўсе былі абнесеныя высокімі жалезнымі агароджамі.
Ясь выйшаў на шырокую плошчу. Гэта быў, імаверна, цэнтр горада, бо менавіта тут над зямлёю, высока ў небе, вісела штучнае сонца. Пасярод плошчы на нейкім высокім белым пастаменце стаяла скульптура. Яна прыцягнула ўвагу хлопца. Ясь перасек плошчу і затрымаўся насупраць пастамента. Перад ім была прыгожая статуя голай кабеты. На секунду яму падалося, што постаць варухнулася. Ягоны погляд затрымаўся на ейным твары. «Дык гэта ж скульптура той самай дзяўчыны!» Усхваляваны, Ясь пачаў уважліва яе разглядаць. «Можа, яна каралеўна з гэтага горада?» Раптам ён прыкмеціў, што на бледным дзявочым абліччы ўздрыгнулі і падняліся ўверх павекі. На вуснах паказалася ўсмешка. «Авохці мяне, гэта ж яна!»
Ясь падбег да пастамента і пачаў караскацца па гладкай, слізкай паверхні. Ён узбіраўся ўсё вышэй, аж нарэшце аказаўся ля ног дзяўчыны. Яна нахілілася, працягнуўшы да яго далоні. Ён таксама радасна падняў рукі ўгору. Тады фігура дзяўчыны закалыхалася і, нібы знянацку зноў скамянеўшы, упала на яго. Ясь адчуў боль і цяжар валуна… Усхапіўся на ногі…
Пераляканы, ён стаяў у апраметнай цемры. Нічога не змянілася. Гэта быў толькі сон. Ясь запаліў адну з апошніх запалак і пасвяціў сабе ля гадзінніка. Без пары хвілін дзявятая. Але хлопец і так не мог разабрацца, ці гэта быў ранак, ці вечар. Ён заблытаўся ў сваіх падліках.
Блізу трох дзён ён сядзеў замкнёны ў склепе і не мог адсюль выбрацца. Яго душыла смага. Тут было шмат бутэлек з віном, але Ясь ні да адной не дакрануўся, бо баяўся, што захмялее і засне, а яго тым часам знойдуць і схопяць. Нарэшце стомленасць узяла сваё, і хлопец забыўся сном на вялікай кучы бульбы, якая ляжала ў куце склепа. Ясь быў прастуджаны, і цяпер у яго пачалася гарачка. Можа, адсюль узялася спякота на пачатку ягонага сну.
Ясь і не думаў, што можа трапіць у такую пастку. Некалькі дзён таму ён выпадкова даведаўся, што ў доме нумар 28 на вуліцы Падгорнай месціцца бальшавіцкі афіцэрскі клуб, пры якім працуе кухня для вайскоўцаў самага высокага рангу і найважнейшых чыноўнікаў. Пры немцах у тым будынку быў афіцэрскі шпіталь. Адступаючы, яны пакінулі там амаль усё. У тым ліку свой правіянт. У адзін з вечароў Ясь пайшоў у разведку. Адшукаў склеп паводле дадзеных яму апісанняў. З дапамогай адмычкі справіўся з замком у цяжкіх жалезных дзвярах. Прыхінуў іх за сабой і сышоў па сходах уніз. Там былі яшчэ адны дзверы — драўляныя і адчыненыя. У склепе ён пабачыў шмат скрынак з віном, мяшкі пшанічнай мукі. Уверсе на жэрдках віселі кумпякі і полаці вэнджанага сала. Ясь прыхапіў з дзясятак бутэлек віна, адзін кумпяк і два кавалы саланіны. Зноў замкнуў склеп і панёс здабычу дадому.
Назаўтра ён перадаў у турму два пакункі: адзін для Барана, другі для Янкі Залатога Зуба. Праз некалькі дзён пастанавіў паўтарыць сваю вылазку. Ён меркаваў, што трэба паспяшацца абчысціць склёп, пакуль у ім нешта было. Ужо раней спанатрыў, што бальшавікі не робяць запасаў.
Як і папярэдне, Ясь скарыстаўся адмычкай, прыкрыў дзверы за сабой і спусціўся ўніз. Раптам яго спалохалі крокі наверсе. Нехта скрыгатаў у замку ключом, не ведаючы, што дзверы ўжо адчыненыя. Ясь чуў размову па-расійску. У спешцы шукаў хованку. Пабачыў некалькі доўгіх паліц, на якіх складалі яблыкі. Садавіны было няшмат. Ясь лёг на зямлю і бокам запоўз пад ніжнюю паліцу. Яна цалкам яго закрывала.
Па сходах задуднілі крокі. Дзверы на доле рыпнулі. У склеп увайшлі два салдаты і нейкая жанчына. Размаўлялі міжсобку па-расійску. Яны не згледзелі, што ўнутры нехта ёсць. Вайскоўцы набралі ў вёдры бульбы і морквы. Кабета ўзяла ў кош адзін кумпяк і некалькі пляшак з віном. Асвятляючы сабе дарогу мігатлівым агнём свечкі, выйшлі.
Ясь чуў, як яны замыкалі дзверы. Вылез са сваёй хованкі і адразу ж кінуўся па прыступках уверх. Памылкі не было, яго спаткала нявыкрутка. Дзверы былі масіўныя і знутры іх ніяк нельга было адчыніць. Ясь спрабаваў выламаць іх шаберам, але і тут хутка здаўся. Зразумеў, што ўсе спробы не маюць сэнсу, бо дзверы глыбока сядзелі ў цаглянай, залітай цэментам раме.
Ясь пачаў дэталёва даследаваць сваю вязніцу. З усіх бакоў яго абступалі тоўстыя цагляныя сцены. Толькі адно маленькае акенца ўверсе, хутчэй дзірка, прапускала троху святла. Акенца дзяліў шырокі жалезны штыр, запушчаны ў мур і заліты цэментам. А вышэй — каля ходніка — былі прымацаваныя жалезныя краты, да якіх нельга было нават сягнуць рукой.