Выбрать главу

Хлопец раздумваў, што цяпер рабіць. Ён мог бы паспрабаваць выламаць кавалак сцяны каля дзвярэй і капаць тунэль, але гэта заняло б вельмі шмат часу, а ў склеп зноўку маглі прыйсці людзі. Тады б яго выкрылі. Ясь адкінуў гэтую думку і вырашыў чакаць, аж пакуль нехта зноў не з’явіцца ў склепе. Тады быў бы шанец адсюль выбрацца. Ён мог стаяць за дзвярыма, а калі б наведнікі ўвайшлі ўнутр, ён цішком вышмыгнуў бы і незаўважаны ўцёк наверх. Ясь загадзя нават зняў з ног чаравікі, каб незнарок не нарабіць шуму падэшвамі, калі прыйдзе пара дзейнічаць.

Міналі гадзіны… ночы… дні… Сітуацыя асабліва не змянілася. Было ліха, дый пагоршала. Перастаў свяціць ліхтарык. Не было вады, каб папіць. Мучыла смага. Закончыліся цыгарэты. Засталіся толькі тры запалкі. Хацеў спаць, але асцерагаўся, каб яго не сцопалі ў сне. Нарэшце пасля двух дзён і трох начэй чакання сон адолеў хлопца, і ён на нейкі час забыўся. Яму сніліся незвычайныя прыгоды ў чужой краіне, але прачнуўся ён зноў у склепе. Запалка, запаленая ім, каб праверыць час, згасла. У тую ж секунду Ясь зразумеў, што пры верхніх дзвярах гамоняць людзі. Можа, яны былі там ужо доўга. Змагаліся з дзвярыма. Не маглі адчыніць ключом заржавелы замок. Ясь гэта лёгка рабіў адмычкай.

Маладзён стаў за збітымі з дошак дзвярыма і чакаў. Чаравікі трымаў у левай руцэ. Правай далонню моцна ўхапіў шабер.

Уверсе гучалі поўныя раздражнення галасы. Ляскаў, саслізгваючы, язычок замка, які ўдавалася толькі крыху прыпадняць. Нарэшце дзверы адчыніліся. На дол, як і папярэднім разам, спускаліся два салдаты і жанчына. Адзін з вайскоўцаў нёс свечку. Яся, які доўга сядзеў у цемры, гэтае святло сляпіла нават у ягоным зацішным месцы за дзвярыма.

Усе ўвайшлі ў склеп. Салдат са свечкай у руцэ стаяў за два крокі ад Яся, павярнуўшыся да хлопца спінаю. Жанчына ды іншы вайсковец здымалі з крукоў апольцы саланіны.

Босы Ясь бязгучна выслізнуў з-за дзвярэй і, нікім не заўважаны, на дыбачках падаўся наверх. Яму хацелася збегчы чым хутчэй, але праз хвіліну ён перадумаў. Вярнуўся і абмацаў дзверы. Ключ тырчэў у замочнай шчыліне. Ясь спраўным, хуткім рухам тузануў цяжкія дзверы, што яны амаль селі на сваё месца. У праёме ён даціснуў іх да канца і асцярожна замкнуў. Ключ ён засунуў сабе ў кішэнь. Абуў на босыя ногі чаравікі і выйшаў на двор. Сігануў уніз вуліцай Падгорнай, у бок моста праз Свіслач. Там хлопец шпурнуў ключ у ваду. Яму прыемна было ўсведамляць, што тыя, якія зняволілі яго на тры дні ў склепе, цяпер самі выберуцца адтуль няхутка.

х х х

Аднойчы раніцай на ходніку насупраць залатагорскага касцёла сабраўся натоўп людзей. Смялейшыя заходзілі на касцельны пляц. А некаторыя набліжаліся нават да самой святыні. На каменных прыступках, якія вялі ў прытвор, ляжала пяць мужчынскіх трупаў. Адзенне на нябожчыках было старое, бруднае, пакамечанае і падранае. Там-сям праз дзіркі выставалі шматкі карэлай, шэра-жоўтай, даўно не мытай бялізны. Чаравікі былі моцна зношаныя, не чышчаныя прынамсі некалькі апошніх месяцаў. Усё сведчыла пра тое, што ўладальнікі гэтага адзення і абутку доўгі час былі зняволеныя. Цяпер іх пазбавілі жыцця. Чарапы мелі ўвагнутасці. Відаць, у іх білі нечым цвёрдым — рулямі або карабінавымі прыкладамі. У аднаго з нябожчыкаў вочы былі ўціснутыя глыбока ў чэрап, праз вачніцы вылезлі змяшаныя са згусцелай крывёй мазгі. Зняважаныя людскія парэшткі на касцельных прыступках мелі дзіўныя позы. Гэтых людзей забілі не тут… Побач адсутнічалі якія-небудзь сляды барацьбы і свежая кроў… Іх прывезлі ўпотайкі ноччу і тэатральна расклалі… Спектакль жаху!

Гэта Надзвычайка паказвала гораду свае крывавыя іклы. Людзей забівалі ўжо цягам некалькіх месяцаў. Расстрэльвалі буржуяў і сацыялістаў. Знішчалі злодзеяў і фабрычных работнікаў. Пазбаўлялі жыцця дарослых і дзяцей. Каралі смерцю вінаватых і нявінных. Забівалі жахліва — здавалася, што без сэнсу. Аднак была тут пэўная мэта: прыгнесці, пазбавіць волі, заразіць страхам. Загіпнатызаваць жудаснай пачварнасцю пакутаў і смерці… Без суда, без права.

Чэкісты не хавалі арыштаў, не ўтойвалі расстрэлаў у сваіх сутарэннях або ў падвалах камяніц, калі ў іхных турмах не хапала месцаў. Магло скласціся ўражанне, што нехта драпежны, але баязлівы забівае навокал усіх, хто трапіцца пад руку. Здавалася, што гэта чыняць не людзі, а крыважэрныя монстры, якія не шкадуюць нічога жывога.

У горадзе пасяліўся страх. Людзі пачалі баяцца выходзіць вечарамі на вуліцу. Удзень жыхары хадзілі, угнуўшы плечы і бесперастанна азіраючыся па баках, У вачах чыталася трывога, а размовы вяліся напаўголасу.