Выбрать главу

— Я не мог украсці той станок, — апраўдваўся Ясь. — Каб яго забраць, дык гэта трэба цэлы воз і некалькі чалавек.

— У вас маглі быць хаўруснікі, — заўважыў старшыня.

— Але ён быў мне зусім непатрэбны, той станок, — прастадушна тлумачыў Ясь. — А калі б я і ўкраў, то ўжо не аддаў бы назад.

— Так… Але вы хацелі атрымаць узнагароду за яго вяртанне… Акрамя таго, калі вы невінаваты, то чаму ўцяклі з-пад арышту?

— Бо мне хацелася есці і было вельмі журботна, — неяк па-дзіцячы абараняўся Ясь. — І мне не было за што сядзець…

— Але Следчы аддзел выставіў вам надзвычай адмоўную характарыстыку. Да таго ж вас затрымалі ў зладзейскім прытоне, у таварыстве прафесійных узломшчыкаў.

— Я выпадкова туды зайшоў… Я шукаў кватэру, каб зняць…

— Але ж вы маеце сваё жытло.

— Я хацеў адзін пакой. Гэная кватэра для мяне і завялікая, і занадта дарагая.

— Ўсе гэта выглядае на хітрыкі, — выказаўся адзін з чальцоў камісіі.

Старшыня пераглядаў далучаныя ў канверце Ясевы рэчы, канфіскаваныя падчас затрымання. Там быў кашалёк з дакументамі, гадзіннік, срэбраны партсігар, троху грошай. Камісія зноў апусціла насы ў ягоныя паперы. У гэты момант у хлапечай галаве нарадзілася ідэя, якую ён пастанавіў зараз жа рэалізаваць. Так ён хацеў падкрэсліць сваю наіўнасць і сумленнасць. Паказаўшы пальцам на срэбраны партсігар, ён заўважыў:

— Не разумею, чаму сярод маіх рэчаў знаходзіцца гэтая цыгарэтніца?

— Як гэта, не разумееце?

— Бо ніякай цыгарэтніцы ў мяне зроду ніколі не было. Я і не палю, навошта яна б мне здалася?

— Але тут яна ясна значыцца ў спісе рэчаў, якія ў вас забралі пры вобшуку, — прыўзняла бровы жанчына.

— Мусіць, нешта паблыталі. Навошта мне чужая цыгарэтніца? Ну, калі трэба, то я магу і згадзіцца: хай будзе маёй, але я яе першы раз бачу.

— Дык яна вам не належыць?

— Не.

Старшыня нейкую хвілю пра нешта раздумваў, а пасля звярнуўся да канвою:

— Выведзіце яго, давайце сюды наступнага.

Чыноўнік назваў нечае прозвішча, а калі Яся вывелі, то шапнуў свайму намесніку:

— Трэба яго вызваляць. Відаць, што па дурноце ўлез у нейкую гісторыю. Нават хлусіць не ўмее. Узяць хоць бы гэты аповед пра цыгарэтніцу…

— Слушна, — згадзіўся намеснік.

— Выпішыце загад аб вызваленні Нацэвіча, — кінуў жанчыне старшыня.

Позна ўвечары зняволеных адвялі ў турэмную канцылярыю. Там іх абшманалі і развялі па камерах. Ясь гадаў, якой будзе пастанова камісіі пасля сённяшняга разбору. Суседзям па камеры ён расказаў пра допыт ва ўсіх драбніцах, і амаль усе як адзін пагадзіліся, што Яся выпусцяць. Вязні пачалі нават рыхтаваць малявы, якія спадзяваліся перадаць праз Яся на волю. Назаўтра хлопец атрымаў запіскі нават з іншых камер. Прафесійныя злодзеі не спяшаліся высылаць весткі праз абы-каго, аддаючы перавагу блатным. Прасіць фраераў у сур’ёзных справах яны асцерагаліся, бо не хацелі выкрыць свае яўкі і адрасы блізкіх.

З сёмай камеры Баран падаслаў запіску на імя скупшчыка, якому наказваў, каб той аддаў Ясю належныя грошы за колішні тавар. Самога Яся Баран прасіў дапамагчы Паўлінцы, калі тая будзе ў патрэбе. Алік дагэтуль не атрымаў ад яе ніводнай вестачкі. Ён быў, бадай, адзіным блатным у кічы[10], якому не адгукнулася каханка. Яму было прыкра. Да таго ж, жывучы нібыта ў камуне з іншымі блатнымі і разам з імі харчуючыся, ён нічога не мог прынесці ад сябе на супольны стол. А ўсе пры тым ведалі, што ягоная маруха[11] засталася на волі. Нягледзячы на гэта, ён нічога ў Паўкі не прасіў, а даў наказ Ясю пра яе паклапаціцца.

Ясь, атрымаўшы распараджэнні ад свайго ментара, толькі вылаяўся: «Вось, аблытала яго намёртва!» Хлопец ведаў, што Паўка мае краму, што Алік пакінуў ёй шмат каштоўных рэчаў, і таму быў шчыра абураны, што Паўлінка зусім не дапамагае Аліку ў турме.

Блатныя ўмела схавалі запіскі ў Ясевым адзенні і чакалі, калі яго выпусцяць. Ясь атрымаў нават старое пасланне на волю Ігната Кулікоўскага, які застрэліўся ў турэмным калідоры пасля няўдалых уцёкаў. Запіска была адрасаваная сястры Кулікоўскага, Міле. Гаворка ў маляве ішла пра разлікі з супольнікамі і перакупшчыкамі.

вернуться

10

Кіч — турма.

вернуться

11

Маруха — дзяўчына.