Выбрать главу

А ўночы па гарадскіх вуліцах кружляла павозка смерці, ад якой стыла кроў у жылах, — «чорны крук». У ім смяротнікаў вывозілі за горад, дзе потым расстрэльвалі. Мясцовая газета пачала з пэўнага часу друкаваць на апошняй старонцы доўгія спісы людзей, ліквідаваных Надзвычайкай. Гэта быў яшчэ адзін метад тэрору і падпарадкавання горада, у якім панавалі новыя ўладары — чырвоныя ад крыві. Але ў гэтыя пералікі і так не ўваходзілі прозвішчы ўсіх забітых бальшавікамі людзей — на гэта б не хапіла цэлай газеты.

Улюбёным месцам жахлівых экзекуцый стала Камароўка. Трупы ўжо не змяшчаліся ў падвалах, закопваць іх у горадзе таксама было цяжка. Таму прадстаўнікі самага справядлівага і гуманнага ладу ў свеце знайшлі адпаведнае месца за горадам, недалёка ад Барысаўскага тракту. Пры цары гэтыя ж людзі зацята змагаліся супраць смяротнага пакарання, якое было, паводле іх, «ганьбай цывілізацыі». Цяпер там расселася смерць і гінулі тысячы людзей.

ЧК, або Надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй, сабатажам, шпіянажам і спекуляваннем, была дзіцём польскага камуніста Фелікса Дзяржынскага, які аказаўся на паслугах у расійскіх імперыялістаў. Цяпер ЧК наўсцяж гарцавала ў крывавым шале, але аднаго толькі гвалту было замала. Ініцыятары забойстваў ведалі, што іхным хаўруснікам, не горшым за смерць, можа быць голад. Калі перад абліччам гібелі чалавек можа выдыхнуцца, апусціць рукі і пераўтварыцца ў анучу, то голад у стане струшчыць яго пры жыцці, пазбавіць фізічных і духоўных сіл ды аддаць ва ўладу камісарскай банды.

Голад здольны кожнага змусіць да абсалютнага паслушэнства. Звычайна ён прывязвае да месца працы. Робіць залежным ад малога кавалачка сплеснелага хлеба. Бальшавікі трапна падкрэслілі: «Сыты сабака не думае пра гаспадара — яму жартачкі ў галаве». І пачалі ладзіць голад. Рабілі яны гэта з вялікай ахвотай, бо адначасова здабывалі вялікія багацці. І хутка горад, які ў нармальныя часы славіўся нізкімі коштамі на харчы, адзін з цэнтраў ахопленай вайной Еўропы, у якім былі каласальныя запасы ежы, пачаў галадаць. Былі ўведзеныя харчовыя карткі «толькі для работнікаў». У некалі шыкоўных рэстаранах адкрылі тры сталоўкі, таксама толькі «для работнікаў». І тыя «работнікі» атрымлівалі па 150 грамаў цяжкага, мокрага, як гліна, хлеба. А ў сталоўках выдавалі гэткія абеды: мутная вада — першая страва, дзве бульбіны і селядцовы хвост — другая страва. Змены ў меню былі малыя: напрыклад, лыжка грачанай кашы на другое або палова яйка, зваранага ўкрутую, і бульбіна — па святах.

Голад схапіў гараджанаў за гарляк і трымаў мёртвай хваткай.

Але на вуліцах відаць было не толькі бледных, схуднелых, змардаваных людзей. Шпацыравалі па іх, пераможна ўсміхаючыся, новыя паны. Яны былі элітай і кіраўнікамі горада. У іх распараджэнні былі шматлікія рэстараны, бардэлі, казіно. Яны пачуваліся тут каралямі. Большасць з іх прыбыла з цэнтральнай Расіі, тут жа яны занялі самыя высокія пасады.

Распачалося паляванне на злодзеяў. Але ніколі горад не залівала такая хваля злачынстваў, як цяпер. Крадзяжы, рабункі ў дамах і на вуліцах, розныя віды махлярства зрабіліся нечым звычайным, прыкметай свайго часу. Адзін са злодзеяў акрэсліў тое, што адбывалася ў Менску ў 1919 годзе, наступнымі словамі: «Блат на ўвесь свет!» Аднак у горадзе вялі рэй не блатныя, а зграя шакалаў, якія без эмоцыяў і дакораў сумлення забівалі дзеля адной толькі прыемнасці, абкрадалі жабракоў, гвалцілі і катавалі безабаронных. Гэткі блат ахапіў усю Расію і выліваўся за яе межы. У крамах нічога не было, але па блаце можна было купіць усё, што хочаш. За грошы з турмаў выпускалі нават асуджаных на смерць. Трэба было адно трапіць на адпаведнага чыноўніка.

Тэрор, які ахапіў горад, абвастрыў чуйнасць прафесійных злодзеяў. Яны не паддаліся страху. Займаліся сваім рамяством, як і раней, і зухавата лавіравалі ў агульным хаосе. Толькі калі даўней блатны з прынцыпу не браў на работу ствол і ўхіляўся ад сутычак, то цяпер хлопцы нават на дробны крадзеж ішлі са зброяй, пастанавіўшы ні пры якіх умовах не давацца жыўцом у бальшавіцкія лапы.

Калі б існавала адпаведная статыстыка і можна было параўнаць колькасць злачынстваў у Менску ў красавіку 1918 года, калі ў горадзе гаспадарылі немцы, і лічбу злачынстваў у красавіку 1919 года пад уладай бальшавікоў то іх суадносіны былі б на ўзроўні 1:100. Я ўпэўнены ў гэтым. Бо некалі кралі пераважна прафесійныя злодзеі і крыху дылетанты, а цяпер прысвойвалі чужое і рабавалі бальшавіцкія жаўнеры, афіцэры, чыноўнікі, тайныя агенты, міліцыянты. Злодзеі, у сваю чаргу, менш швэндаліся па дамах згалелых грамадзянаў, а перакінуліся перадусім на афіцыйныя ўстановы, кааператывы, склады, вакзалы і… гарадскіх начальнікаў. У іх можна было разлічваць хоць на якую-небудзь здабычу. Адначасова злодзеі з'едліва высмейвалі новых гаспадароў: