Выбрать главу
Едзе камісар з вайны — ападаюць порткі: З ежы мае толькі спірт, два пуды махоркі.

Кпілі яны і з «Інтэрнацыянала», складаючы на яго самыя разнастайныя пародыі:

Паўстань, пракляццем катаваны, Галодных дурняў цэлы свет! Усе харчы ў вас адабраны, Сабачы хвост вам на абед!

І ляцелі па гарадах і вёсках непераможныя, гарэзныя прыпеўкі пра чырвоны яблычак.

Ішла безнадзейная барацьба. Грамадзяне горбіліся, туліліся ў свае норы, стараліся схавацца ад вачэй улады, уратаваць жыццё любой цаной. Злодзеі асцярожна выбіралі маліны. На работу больш не ішлі сам-адзін, а гуртаваліся прынамсі ў пары. Штораз часцей яны выкарыстоўвалі зброю, бо ведалі: калі засыплюцца, іх чакае немінучая смерць.

Гэтак у старым, ціхім правінцыйным горадзе, якому вайна надала асаблівае значэнне, расійская рэвалюцыя ўчыніла пякельную бойню. А яе правадыры кіраваліся ў гэты час сваім беспардонным прынцыпам: «Блат на ўвесь свет!»

7

ДЗЕ ЧОРТ НЕ МОЖА…

Ажур быў вядомы і ў гарвыканкаме, і ў Рэўтрыбунале, і ў Следчым аддзеле, і ў міліцыі, і на пошце, і ў шмат якіх яшчэ гарадскіх установах. Ён зрабіўся дастаўцам паперы, чарнілаў ды пісьмовых прыладаў. Стаў патрэбным і паважаным ва ўсіх ведамствах прадпрымальнікам.

Менск з вясны 1919 года быў выспай. Тут бракавала хлеба, солі, паперы. Канцылярыі і чыноўнікі неяк давалі сабе рады, а тое, што насельніцтва галадае, неяк мала іх турбавала. Але пры разрослым да неверагодных памераў бюракратычным апараце нельга было абысціся без паперы, чарніла і пісьмовых прыладаў. Ажур хутка сцяміў гэта і пастанавіў выкарыстаць сітуацыю. Не дзеля нажывы, але каб добра заканспіравацца і абараніць Марысю ад навалы, якая ўтрапёна шалела ў горадзе.

Аднойчы ён заявіўся да старшыні гарвыканкама. Адрэкамендаваўся, што ён купец з Варшавы, якога вайна заспела ў Менску. Удакладніў, што гандляваў канцылярскімі таварамі і мае сувязі з аптовымі складамі на поўдні Расіі. Запэўніў, што мог бы і цяпер пастаўляць паперу і пісьмовыя матэрыялы для ўсіх устаноў горада.

Старшыня гарвыканкама быў прыемна ўражаны. Ужо працяглы час недахоп паперы быў для яго амбарасам. Выключная эканомія прыносіла малы эфект. Таму яго вельмі зацікавіла Ажурава прапанова:

— А як вы, таварыш, плануеце даставіць паперу ў Менск? Мы ж адрэзаныя ад поўдня Расіі.

— Калі вы дасце мне надзвычайныя паўнамоцтвы, то я прывязу паперу кружнымі шляхамі. Скірую транспарт на ўсход, потым на поўнач, а пасля праз Магілёў ці нават Вязьму дастаўлю сюды. Я магу лёгка здабыць паперу, бо, працуючы ў гэтай галіне, ведаю ўсіх вытворцаў на поўдні Расіі. Я не планую на гэтым шмат зарабіць. Абы хапала на жыццё. І ўладам будзе карысць ад мяне, і я без працы не застануся.

— Дык што вам трэба, каб прыступіць да справы?

— Па-першае, дазвол на манапольны гандаль папераю і пісьмовымі матэрыяламі ў Менску. Па-другое, паўнамоцтвы на закупку і перавоз тавару ў горад. Па-трэцяе, дамова з Фінансавым аддзелам гарвыканкама, у якой будуць прапісаны дэталі разліку. Па-чацвёртае, задатак. Па магчымасці значная сума, каб я мог набыць большую партыю тавару.

— А якая гарантыя, што вы, таварыш, атрымаўшы задатак, не знікнеце?

— Матэрыяльнай гарантыі я даць не магу. Я купец і маю на гэта доказы. Але калі вы мне не давяраеце і не хочаце даць большы задатак, то я магу за ўласныя грошы набываць малыя партыі тавару, бо цяпер збіўся з капейкі. Але гэта павялічыць кошт і можа выклікаць збоі ў дастаўках. У вашых інтарэсах даць мне задатак. Я слоў на вецер не кідаю, гавару прама і запэўніваю, што не падвяду. А рызыка з вашага боку невялікая — толькі троху грошай, але затое потым не будзеце мець клопату з паперай. Я ўжо супрацоўнічаю з колішняй уладальніцай крамы канцылярскіх тавараў. Але мне яшчэ патрэбны склад і крама. Мы нават сёння можам даставіць вам значную колькасць тавару, пакуль не прыбудзе наступная партыя. Толькі папрашу, калі ласка, даведку на імя Марыі Запольскай, што магазін забяспечвае гарадскую адміністрацыю ды вызваляецца ад падаткаў і рэквізіцыі.

— Добра, — адказаў старшыня гарвыканкама. — Я прымаю вашую прапанову і яшчэ сёння склічу нараду, каб абгаварыць усе дэталі. Чакаю вас заўтра а дзясятай, каб паставіць кропку ў справе.