Ажур даўно кінуў бы Менск, бо, як ацэньваў, будучыня горада і яго жыхароў не выглядала занадта ружова. Але ён палюбіў горад, у якім пасля дзесяцігоддзяў блукання з месца на месца знайшоў каханую жанчыну і разам з ёй сэнс жыцця. Ён мог бы спакойна падацца ў шырокі свет, каб пашукаць лепшага прытулку для сябе і Запольскай, але не хацеў падстаўляць яе пад яшчэ горшую небяспеку. Акрамя таго, тут яны ўжо мелі сякі-такі жыццёвы фундамент. Таму цяпер ён стараўся прадбачыць кожны магчымы ўдар лёсу і разважліва ўмацаваць сваю пазіцыю.
Назаўтра а дзясятай гадзіне раніцы ён з’явіўся ў старшыні гарвыканкама. Той прыняў яго вельмі зычліва і распавёў, што ўсе пункты ягонай прапановы прынятыя. Улады пастанавілі выдзеліць яму зваротную пазыку на суму ў пяць мільёнаў рублёў. Гэта было няшмат. Ажур спадзяваўся атрымаць блізу дваццаці мільёнаў, але і з гэтымі грашыма можна было распачаць працу. Але найбольш яго пацешыў «ордар», які даваў недатыкальнасць краме грамадзянкі Марыі Запольскай. Яму выпісалі таксама накіраванне ад імя гарвыканкама на закупку паперы ў любым кутку Расіі ды пасведчанне, якое дазваляла яму карыстацца падтрымкай і дапамогай усіх вайсковых і цывільных уладаў.
Ажур адчуў моцны грунт пад нагамі. У той жа дзень, выкарыстаўшы частку прыхаваных запасаў у краме Запольскай, ён даставіў значную колькасць пісьмовых прыладаў і паперы ў аддзел забеспячэння пры гарвыканкаме. На наступны дзень паехаў у Харкаў. Адтуль планаваў выправіцца ў Саратаў, але яму перашкодзіла грамадзянская вайна ва Украіне. Аднак праз чатыры тыдні яму ўдалося вярнуцца ў Менск з двума вагонамі паперы. Ён развёз тавар на ўсіх гарадскіх установах ды пакінуў яшчэ частку на складзе, каб магло хапіць на два-тры найбліжэйшыя месяцы.
Чыноўнікі і не падазравалі, што Ажур скарыстаўся сваімі шырокімі прывілеямі і проста канфіскаваў паперу ў адным з гарадоў Усходняй Расіі. Што праўда, ён заплаціў у дзяржаўны скарб належную суму за канфіскацыю, але тая сума, у адносінах да фактычнага кошту тавару, была аж да смеху нязначнай. Гэтак Ажур абараніў Запольскую і ейную краму ад рэквізіцый, а сабе стварыў добрую рэпутацыю, да таго ж яшчэ добра на тым зарабіў.
Неяк вечарам Ажур сядзеў у Марысінай кватэры. Жанчына мыла кубачкі пасля выпітай гарбаты. Ажур ціхенька пасвістаў. Глядзеў у нейкую кропку на сцяне і прымружваў вочы. Марыся падышла да яго і запусціла далонь у ягоныя валасы.
— Пра што думаеш?
— Заўсёды толькі пра адно…
— Пра што?
— Пра цябе… Як знайсці для цябе самае бяспечнае месца? Што зрабіць, каб ты ніколі не журылася і была шчаслівая?
— Дык я шчаслівая. Ты мне падарыў шчасце. Я нічога не баюся, нічога мне не трэба, калі ты са мною. Не турбуйся пра тое. У мяне сапраўды ўсё ў парадку. Я так веру ў нашае шчасце, што ніводная чорная думка не можа ўбіцца мне ў галаву.
У гэты момант за акном завуркатаў матор і на дзядзінец уехаў аўтамабіль. Шум рухавіка і аўтамабілі звычайна наводзілі жах на жыхароў навакольных дамоў. Гэта не прадказвала нічога добрага. Ажур не меў падставаў баяцца, але з цікавасці згасіў святло ў пакоі і адсланіў фіранку на акне. Глянуў на дзядзінец. У святле ліхтара там стаяла вялікая прыгожая машына. З яе высеў нейкі мужчына. Ён запаліў электрычны ліхтарык і пайшоў праз падворак у бок галерэі, у якую выходзілі кухонныя дзверы з кватэры Запольскай. Ажур не ведаў, куды скіраваўся нечаканы госць, бо з галерэі можна было трапіць у яшчэ адну кватэру на першым паверсе і ў шэсць кватэр на вышэйшых паверхах. Нехта пастукаў у кухонныя дзверы. Запольская збялела. Ажур зірнуў на яе:
— Нічога не бойся, Марыся!
Ён выйшаў на кухню. Узяў у зубы ліхтарык, а з задняй кішэні штаноў выняў пісталет. Зняў яго з засцерагальніка. Левай рукой адшчапіў тоўсты крук з дзвярэй і адамкнуў ключом замок. Расхінуў шырока дзверы, а сам стаў крыху збоку.
— Да каго?
У струмені святла паказалася высокая элегантная постаць Філіпа Лысага. Ажур спачатку не пазнаў яго.
— Я ў справе закупкі паперы для маёй канцылярыі і так далей…
Ажур усміхнуўся.
— Прашу.
Філіп увайшоў на кухню, зняў галёшы і паліто, а потым пакрочыў у ядальню. Там прывітаўся з Ажурам за руку.
— Гэта мая жонка, — прадставіў Ажур Запольскую.
Філіп пацалаваў Марысіну руку і ўрачыста абвесціў:
— Дэлегат Цэнтральнага камітэта Азія.
Ажур зарагатаў. З ім гэта здаралася вельмі рэдка.
— А гэта, — паказаў на Запольскую, — дачка японскага імператара Еўропа. Але як ты мяне знайшоў?
— Жаба мне падказаў. У мяне важная справа.