— Прабачце, калі ласка, пане доктар!
Аслупянелы фельчар пабачыў вабную дзяўчыну, якая адарыла яго сваёй самай чароўнай усмешкай.
— Што такое?
— Я хачу з вамі крыху прайсціся і паразмаўляць. Спадзяюся, вас не абцяжарыць маё таварыства. Вы паліце?
— Гм… Палю…
Тоська Сарока дастала з торбачкі пачак нямецкіх цыгарэт.
— Калі ласка.
Сарока ўсунула яму ў рукі цэлы пачак.
— Паліце, калі ласка. Я на вуліцы не палю. Калі дазволіце, то я запалю ў кватэры, бо я, пане доктар, маю да вас страшна важную справу, ад якой залежыць маё жыццё.
У Тоськіных вачах паказаліся слёзы. Яна пачала выціраць іх каляровай хусцінкай.
— Толькі вы ў стане мне дапамагчы. Але я не магу гаварыць пра гэта на вуліцы, бо адразу ж пачну як бобам плакаць і людзі падумаюць бог ведае што… Ці маглі б вы прыняць мяне ў сябе? Я была б вам вельмі ўдзячная.
Тоська какетнічала. Пахла парфумай, як экзатычная кветка. Белазуба ўсміхалася. І без аддухі балбатала, зрэдчас змахваючы хусцінкай слёзы з вачэй.
Нарэшце яны прыйшлі ў фельчараву кватэру на вуліцы Каломенскай. Ён займаў там два пакоі, з якіх бальшавікі выгналі папярэдніх гаспадароў. Тоська зняла паліто, капялюш і ў аблеглай, куцай сукенцы пакрочыла ў пакой да «доктара». Там спрытна прымасцілася на канапе, каб вышэй за калені адсланіць зграбныя ногі ў шаўковых панчошках.
Фельчар размаўляў па-расійску. Уласна кажучы, ён быў фельчарам ветэрынарыі, але ў расійскім войску яго прызначылі лячыць людзей. А калі апынуўся ў Менску, то атрымаў пасаду турэмнага фельчара. Тоська свабодна валодала расійскай мовай, таму гутарка праходзіла гладка.
Мужчына паглядаў на прыгажуню Тоську і ледзь не аблізваўся, а прабіўная злодзейка ведала, як нагнаць яму сліны.
— Пане доктар, злітуйцеся, — Тоська склала далоні на грудзях і ўмольна спаглядала фельчару ў вочы. — Дапамажыце мне! Я абяцаю вам усё, што захочаце. У мяне ёсць грошы. Мая мама трымала галантарэйную краму ў Гомелі. Ёсць залаты гадзіннік. Памяць па бацьку. Дазвольце нам толькі бачыцца.
— Не разумею, пра што вы?
— Я пра тое, што маю жаніха. Ён троху п’яніца, троху буян, але залатое сэрца. Шавец па прафесіі. Але гэта нічога. Кахае мяне аж страх. Ногі мне цалаваў.
— Нічога дзіўнага, — буркнуў фельчар.
— …І яго некалькі месяцаў таму арыштавалі. Пайшоў да знаёмых. Можа, яны і былі якія шалапуты. А мой Алік так любіць заліваць за каўнер. Хоць з кім і абы-дзе…
— Вядома, шавец…
— Але добры шавец, хачу я вам сказаць. Зацаніце туфелькі.
Тоська ўстала і паказала абутак спераду і ззаду, адначасова задзёршы спаднічку, што, можа, было зусім неабавязкова, бо пра майткі гаворка не вялася.
— Добра, добра, — замармытаў фельчар. — Але чым я вам магу дапамагчы?
— Як чым?! — устрапянулася Сарока. — Вы ж маеце такую ўладу, што можаце яго як хворага пераслаць з той убогай турмы ў шпіталь на Грушаўскай. Так мне шкода майго беднага Алінка.
І Тоська расплакалася.
Фельчар раздумваў, ўляпіўшы вочы ў Тоську. А дзяўчына перастала румзаць і зноў застракатала.
— Я ўжо даведвалася. На Грушаўскую штодзённа можна высылаць абеды. Два разы на тыдзень дазволена бачыцца, і то не праз дрот, як на Серпухаўскай. А мой Алічак, праўда, так страшна хворы!
— А што ў яго такое?
— Страўнік баліць… і рэўматызм таксама… і сэрца… хворы нябога. Ой, гэтак муляецца! А як не вытрымае, то і я памру без яго! Можна ў вас папрасіць вады?
Фельчар прынёс шклянку вады. Тоська зрабіла пару глыткоў і, нібы сланяючыся на нагах, абаперлася на фельчара, а галаву паклала яму на плячо. Пры гэтым яна пахліпвала, штораз шчыльней прыціскаючыся да фельчара. Той замёр, як певень пасля кукарэку, і не ведаў як рэагаваць. А Тоська асоўвалася яму на рукі. Ён павёў дзяўчыну да тапчана, пасадзіў яе і прысеў побач. Тоська, усхліпваючы, дастала з торбачкі залаты мужчынскі гадзіннік і ўсунула яго ў рукі фельчару.
— Вазьміце, калі ласка, сабе на памяць. Для мяне мой Алічак і так даражэйшы за ўсё на свеце. І яшчэ я вам абяцаю дзесяць тысяч рублёў, як толькі Аліка перавядуць на Грушаўскую. Больш не магу даць цяпер. Хіба потым. Добра, пане доктар? — Тоська аберуч абхапіла ягоную далонь і залётна глядзела яму у вочы.
Фельчар прыабняў яе.
— А больш нічога вы мне не дасце?
Тоська падняла бровы ўверх.
— А што б Вы яшчэ хацелі?
— Тое, што можа прагнуць мужчына ад такой прыгожай кабеты.
— Разумею, шаноўны доктар. Але гэта немагчыма. Вы ж як спецыяліст ведаеце… Я на трэцім месяцы цяжарнасці, і лекар забараніў. Таму я пра Аліка і турбуюся, бо як дзіця пакінуць без бацькі. Алё ўсё можна ўладзіць. У мяне ёсць сястра. Малодшая за мяне на два гады. Пекная, як ружа. Яна для майго шчасця і для Алічка на ўсё гатовая. Але вы такі відны мужчына, што кожная ахвотна згадзілася б. Я так зраблю, што яна яшчэ сёння прыйдзе да вас на ноч. Яна такая гарачая дзяўчына, што толькі абрадуецца. А мне ну ніяк нельга. Добра, пане доктар?