— Ну, добра.
— А Аліка вы перашлеце на Грушаўскую?
— Заўтра ўжо там будзе.
— Без падвоху?
— Для мяне гэта плёвая справа. Што я загадаю, тое і будзе!
— Ах, які вы мілы! Я адразу, як толькі вас пабачыла, пазнала, што вы найлепшы чалавек у свеце. І я да вас як да брата прыйшла. Дзякуй вялікі. Дык сёння ўвечары прыйду да вас з сястрою. Застаняцеся задаволены. Бо з мяне кепская пацеха.
І сапраўды, а дзявятай гадзіне вечара Тоська з’явілася ў фельчара зноў, прывёўшы пад руку пастаялку аднаго з публічных дамоў на Нова-Краснай. Яе звалі Танька Чорт. Было ёй каля дваццаці гадоў, але выглядала яна на пятнаццаць. Мініяцюрная, няўрымслівая, з вялікімі чорнымі вачыма і смуглай скурай… Цвярозая, яна была ціхмянай і мілай — вады ў лыжцы не замуціць, — але нападпітку любіла сварыцца і біцца, адсюль і мянушка Чорт. Да гэткага амплуа, зрэшты, вельмі пасавалі чорныя валасы, вочы і бровы. Танька была крыху блатная, бо мела некалі каханка-злодзея, які цяпер сядзеў у турме. На ролю Тосьчынай сястры яе прызначыў Філіп Лысы, якога ведалі і ад якога былі ў захапленні амаль усе дзяўчаты на Нова-Краснай. Філіп шмат часу адвёў на інструктаж, як Танька мусіць сябе паводзіць з фельчарам. Кемлівая дзяўчына ўсё зразумела лётам.
— Я яго вось так абкручу! — дзяўчына абвяла правай далонню вакол выстаўленага ўказальнага пальца левай рукі.
— Памятай, Танька, уратуеш нам залатога хлопца!
— Добра, добра…
Надвячоркам Тоська дапамагла Таньцы падрыхтавацца да выступу. Запляла ёй гладка расчасаныя і падзеленыя праборам валасы ў тугую касу. Танька адзела прыцягнутую аднекуль Тоськай сукенку гімназісткі і чорны фартушок. На ногі насунула тоўстыя ніцяныя рэйтузы і абулася ў высокія чаравікі. Бялізна ў яе была звычайная, танная. Ані пудры, ані памады, ані парфумы. Калі Танька была гатовая, Тоська агледзела яе з усіх бакоў і выбухнула смехам.
— Ты выглядаеш як трынаццацігадовая сікуха!
— Што вы кажаце? — Танька акругліла вочы і прыклала палец да куточка вуснаў.
А потым гулліва падміргнула і стала ў стойку на руках.
— Сапраўдны чорт! — вынесла свой вердыкт Тоська. — Толькі глядзі, каб не абламацца, бо хлопцы табе не даруюць!
У адказ Танька паказала язык і задзерла ўверх сукенку.
— Вар’ятка!
— Але не бязмозглая.
Фельчар атарапела разглядваў Тосьчыну сястру. Ён не быў упэўнены, што гэта акурат пра яе гаварыла папярэдне ягоная дзіўная госця. Танька нясмела падала яму руку і зрабіла лёгкі рэверанс. Мужчына разгубіўся. Тоська дастала з торбачкі невялікую пляшку каньяку і прапанавала выпіць. Кілішкаў у фельчара не было. А шклянка была толькі адна. Праз хвілю ён згадаў, што мае банькі для хворых. Таму каньяк разлілі ў банькі. Тоська ўрачыста прамовіла:
— За здароўе майго каханага Алічка!
Фельчар і Тоська выпілі. Таня нават не дакранулася да «кілішка».
— А барышня? — запытаўся фельчар.
— Я не п’ю.
— З намі не п’еш, — заважыла Тоська. — А са сваімі смаркачамі з гімназіі жлукціш гарэлку толькі так, як ваду. Выпі кілішак!
— Я баюся!
— Чаго ты баішся? Як я дазваляю, дык пі!
— А што мама скажа?
— Ты сама хутка мамай будзеш.
Танька глынула і ўдавана папярхнулася. Павярнула галаву да фельчара і сказала:
— Я больш люблю салодкае, цукеркі, напрыклад.
— Я зараз куплю. Ведаю адно месца.
— Не трэба, не варта, — тармазіла яго Тоська. — Шкада грошай.
— Для такой прыгожай барышні нічога не шкада!
І фельчар маланкай вылецеў з пакоя. Танька сарвалася з месца і выпнула азадак у бок дзвярэй. А калі гаспадар вярнуўся, яна зноў сціпленька сядзела пры стале на самым краі крэсла. Фельчар, стараючыся быць галантным, высыпаў перад ёй пакунак з кілаграмам цукерак.
— Ах, які вы добры! Мне ніколі столькі цукерак не куплялі. Гэта ўсё для мяне?
— Натуральна.
— Вялікі вам дзякуй!
Тоська ўставіла свае пяць капеек:
— Яж казала, што доктар — цудоўны чалавек, а ты баялася!
— Бо я ж не ведала, што гэта доктар і што такі файны. Аж мяне дрыжыкі бяруць.
Танька ўсім сваім выглядам паказвала, што есць цукеркі са сквапнасцю. А Тоська з паразуменнем усміхнулася фельчару і зноў напоўніла банькі каньяком.