Агенту прыемныя былі гэтыя выбухі Паўлінчыных пачуццяў, але ён лічыў, што яшчэ не надышоў час скарыстацца ейным нажыткам. Таму ён валаводзіў, умерана цягнуў з яе грошы і бараніў сваю незалежнасць. Ён быў славалюбны і меў вялікія амбіцыі. Таму не хацеў звязвацца на ўсё жыццё са звычайнай мяшчанкай. Ён марыў пра выгоды, багацці і жанчыну з вышэйшых колаў, гэтаксама як некалі Толік прагнуў ажаніцца з графіняй. Тое, што мела Паўлінка, не задавольвала ягонага апетыту. Ён нават крыху саромеўся сваёй каханкі з простанароддзя. Адмаўляў, калі яна прасіла яго пайсці з ёю на шпацыр або ў кіно. Прыходзіў да яе ён досыць рэдка і толькі вечарамі. Калі Паўця неяк засумавала і прыйшла да яго ў Следчы аддзел, то ён вывеў яе на калідор і аблаяў.
— Каб гэта было мне апошні раз! Я не хачу непрыемнасцяў, не жадаю, каб мяне паднялі на смех.
— Чаму, Косцік? Ці я нейкая гарбатая, ці кульгавая, ці нейкая жабрачка? Што ты кажаш?!
— Не хачу — і кропка. Калі вельмі трэба, то можаш прыйсці да мяне на кватэру. Я заўсёды раніцай дома да дзявятай. Альбо пакінь ліст. Але ў аддзел больш ніколі не прыходзь.
Але Паўця, нягледзячы ні на што, усё больш прывязвалася да свайго новага палюбоўніка.
А вясна квітнела. На змену халоднаму красавіку прыйшоў цёплы травень. Разложысты куст бэзу, які рос направа ад уваходу ў Паўціну кватэру, упрыгожыўся цяжкімі гронкамі кветак. А ва ўсе бакі ад яго, далёка, разыходзіўся лёгкі, прыемны пах. Бэз цвіў акурат пад акном Ясевага пакоя. Пад акном кватэры, у якой весела гаспадарыла Настка.
Дзяўчына была шчаслівая. Яна, канешне, бачыла, што Ясь яе не кахае. Але яна ведала таксама, што хлопец вельмі яе цэніць як сваю жыццёвую таварышку. Не было таямніцай для яе, што яна дорыць Ясю шмат асалоды як жанчына. У той жа час Настка была вельмі тактоўнай. Не навязвалася яму. Неяк нават сказала:
— Даражэнькі! Не саромейся мяне. Я ведаю, што я простая дзяўчына і табе са мной нудна. Калі маеш якую іншую, то можаш яе і дадому прывесці. Нічога табе не скажу, і нічога ад цябе не чакаю, і не хачу.
Ясь глядзеў на яе з захапленнем і напаўняўся штораз большай пашанаю і даверам. Яна была шчырая, спакойная, ураўнаважаная, а Ясю вельмі падабаліся гэтыя якасці. Разам з тым яго моцна цягнула да Насткі як да жанчыны. У яе было прыгожае, моцнае, развітае цела. А тое, што з ёй можна было паводзіць сябе проста, свабодна, без агаворак, толькі распальвала хлопца і рабіла ягоную здаровую цягу да Насткі яшчэ мацнейшай.
Апошнім часам ягоная матэрыяльная сітуацыя пагоршылася. Праз чырвоны тэрор трэба было сядзець ціха. Знайсці нейкую працу было неверагодна цяжка, бо канкурэнцыя вырасла да фантастычных памераў. Кралі ўсе з верхніх эшалонаў улады, кралі і бальшавіцкія пешкі, а звычайныя жыхары дарэшты збяднелі. Таму трэба было перакінуцца на ўрадавыя ўстановы і бальшавіцкіх «акул». Рынкі былі пустыя, гандаль скараціўся, сяляне нічога не прывозілі ў горад на продаж. Нават дроў. Цяпер найлепшай работай быў крадзеж харчовых прадуктаў, бо іх можна было выменяць на патрэбныя рэчы. За соль, напрыклад, можна было купіць усё. За кілаграм солі давалі кілаграм цукру або масла. Толькі ў нешматлікіх закусачных і шынках, якія працавалі ў цэнтры горада пад аховай уладаў, можна было смачна з’есці і выпіць. Там за вялізныя грошы прадавалі ўсё: ад шампанскага і шакаладу да марфіну і какаіну. Але на гэта патрэбныя былі агромністыя сумы. Месячнага заробку рабочага або дробнага чыноўніка не хапіла б на аплату аднаго прыстойнага абеду.
Шмат прафесійных злодзеяў перайшло на бандытызм. Усё роўна, калі б іх злавілі, пакаранне было аднолькавае — смерць. Таму ніякіх дакораў сумлення яны не мелі. А лягчэй было працаваць са зброяй, чымся толькі са зладзейскімі прыладамі і спрытам. Павялічылася колькасць рабункаў. Вечарамі і начамі ў горадзе грымелі выстралы. Часам страляніна была такой інтэнсіўнай, што нагадвала ваенныя дзеянні.
Ясь і Казік Марэцкі ўжо нейкі час мелі маліну на вуліцы Сляпянскай. У якасці супольнікаў яны знайшлі сабе двух братоў: Мікалая і Андрэя Мішчанкаў. Мікалай быў электраманцёрам і, дзякуючы сваёй прафесіі, добра ведаў горад і разнастайныя ўстановы. Таму ён мог лёгка, не звяртаючы на сябе ўвагі, знаходзіць розныя работы і выведваць магчымасці. Другі брат, сталяр Андрэй, даўно падтрымліваў кантакты з блатнымі. Браты ў злачынным свеце мелі добрую рэпутацыю. А паколькі іх не ведалі тайныя агенты, яны лёгка маглі весці супрацу з прафесіяналамі і падкідваць ім работу.
Звычайна раніцай Ясь ішоў да Мішчанкаў. Казік Марацкі жыў у іх ужо даўно, прапісаны пад несапраўдным прозвішчам. Ён ведаў крыху сталярнае рамяство, а Андрэй меў майстэрню, якая, праўда, ледзь ліпела, але давала Марацкаму магчымасць мыліць вочы суседзям і выдаваць сябе за сталяра. Ясь любіў сядзець там цэлымі днямі. Разам дружбакі планавалі работы. Браты рабілі адтуль часам праверачныя выхады ў горад. І ўсе яны былі вельмі асцярожныя — даражылі добрай малінай. Сабака Мілы пасяліўся ў прыбудоўцы, куды складалі розныя непатрэбныя рэчы. Ясь зладзіў там яму выгоднае логава і дбаў, каб Мілы заўсёды быў накормлены. Дзівіла яго, што сабака дагэтуль не прыручыўся, хоць і падпускаў Яся да сябе бліжэй, чым іншых. Вечарамі Ясь, калі не была прадбачаная ніякая авантура, вяртаўся дадому, дзе яго нецярпліва чакала Настка. Хлопца бянтэжыла ейнае вернае, адданае сяброўства. Кеміў, што за гэтым хаваецца больш глыбокае пачуццё, пра якое Настка маўчыць. Ён усведамляў, што не можа заплаціць ёй той самай манетай, і пераймаўся праз гэта. У ім расло адчуванне віны перад добрай, рахманай дзяўчынай. Ён намагаўся абыходзіцца з ёю як мага больш мякка і далікатна, каб апраўдаць словы, якія яна шматкроць паўтарала: «Мой любы». Клапаціўся пра яе, думаў пра яе і быў з ёй надзвычай пяшчотны. Аднойчы ён нават пастанавіў як мага радзей выкарыстоўваць яе як жанчыну, але гэтае рашэнне расплывалася ў нябыце кожную ноч, якую Ясь праводзіў дома, пад уплывам ягонай буйнай фантазіі і гарачага тэмпераменту.