Некалькі разоў Настка дапамагала Ясю ў рызыкоўнай зладзейскай працы. Пераносіла прылады, крадзеныя рэчы, дамаўлялася са скупшчыкамі, перадавала лісты Ясевым калегам. З уласнай ініцыятывы яна зрабіла ў дрывотні хвацкую хованку на трэфныя рэчы. Яна адгарадзіла вузкую частку дрывотні пры адной з вонкавых сценак дошкамі, добра дапасаваўшы іх да папярэчных слупкоў. Але за кучай дроў, унізе, знаходзілася адна свабодная дошка, якую можна было, ведаючы механізм, лёгка выцягнуць. Праз гэтую адтуліну можна было бокам улезці ў хованку паміж дзвюма сценкамі. Ясю гэтая прыдумка вельмі спадабалася, і ён адразу ж пачаў ёю карыстацца. А Настка ганарылася сваім вынаходніцтвам.
Найбольш даймала Яся кепская матэрыяльная сітуацыя. Калі б ён жыў адзін, то не вельмі б пра гэта турбаваўся, але цяпер трэба было клапаціцца пра Настку. Гэта і выдаткі на кватэру змушалі яго ліхаманкава шукаць працу. А з гэтым было штораз цяжэй. Ясь задавольваўся хоць чым. Краў нават бульбу, каб не купляць.
Прыкладна ў гэты час Ясь даведаўся, што яго шукае Філіп Лысы з нейкай важнай справай. Калі хлопец завітаў да яго, Філіп распавёў яму, што можна правярнуць адну добрую работу — «выдру». Яе знайшоў Ажур. Вялося пра тое, што сакратар фінаддзела гарвыканкамма штодзённа хадзіў на пошту па грошы. Яму выдавалі звычайна вельмі вялікія сумы — некалькі дзясяткаў мільёнаў. З гарвыканкама, які месціўся на Саборнай плошчы, да пошты на вуліцы Губернатарскай было вельмі блізка, таму сакратар адпраўляўся туды пехатою, а дзеля аховы браў аднаго чырвонаармейца з карабінам. Грошы ён насіў у мяккім брызентавым чамаданчыку, перацягнутым раменьчыкамі.
Злодзеі правялі нараду. Ясь даведаўся, што сакратар выходзіць на пошту звычайна блізу дзявятай гадзіны раніцы. Маладзён пастанавіў асабіста даследаваць ягоны маршрут і прадумаць план. Назаўтра ўранні, пасля восьмай гадзіны, ён быў каля гарвыканкама. Як толькі прабіла дзявятая, праз парадныя дзверы з гмаху выйшаў мужчына ў цывільным цёмным гарнітуры і шэрай шапцы з брыльком. Пад пахай у яго быў брызентавы чамаданчык. Следам за ім крочыў жаўнер з перакінутым праз плячо карабінам. Ясь пайшоў за імі ходнікам па іншым баку вуліцы. Неўзабаве яны апынуліся ля пошты. Сакратар і чырвонаармеец увайшлі ў будынак праз галоўны ўваход. Ясь падаўся за імі. На пошце чырвонаармеец застаўся ў агульнай зале, а сакратар схаваўся за перагародкай, а адтуль яго прапусцілі ў пакой, дзе знаходзілася каса. Праз пятнаццаць хвілін ён выйшаў адтуль і ў суправаджэнні чырвонаармейца, які маршыраваў ззаду, падыбаў Губернатарскай вуліцай у бок Саборнай плошчы. Чамадан быў перацягнуты раменьчыкамі. Чыноўнік трымаў яго за скураную ручку. Ясь ізноў джгаў супрацьлеглым бокам вуліцы і правёў іх ажно да гарвыканкама. Потым вярнуўся і, пачаўшы ад вуліцы Багадзельнай, уважліва і дакладна праверыў усе выхады з дамоў на вуліцу і ўнутраныя двары, напружана абдумваючы план дзеянняў. Але яму, як на злосць, нічога не прыходзіла ў галаву. Без энтузіязму ён паплёўся на прызначанае спатканне з Філіпам Лысым.
Нядоўгае абмеркаванне расклала ўсё па паліцах. Філіп Лысы будзе чакаць у аўтамабілі на пачатку вуліцы Багадзельнай, недалёка ад яе вылету на Губернатарскую. Калі сакратар будзе мінаць паварот на Багадзельную, Ясь падляціць да яго ззаду, вырве чамадан і ўскочыць у аўто, якое адразу ж ірване з месца. Машына стаяла б увесь час з заведзеным рухавіком. Але нельга было ўзяць кітайца, камендантавага шафёра. Блатныя мусілі прыкінуць, хто са сваіх хлопцаў умее кіраваць аўтамабілем. Неспадзеўкі Філіп ляпнуў сабе далонню ў лысы лоб: