— Дык Ажур кіруе машынай, што будзь здароў і так далей.
— Але калі ён не захоча падключыцца да работы? — сказаў Ясь.
— Папросім яго, бо інакш «выдры» не зробім. Ён сядзе за стырно. Будзе мець пры сабе ствол. Я пайду з табой, а як сакратар будзе падыходзіць да Багадзельнай, абганю вас, сяду ў машыну, падрыхтую дзверцы і так далей. Таксама вазьму ствол. А як пачнецца страляніна, то так дамо па пер’і ўтраіх, што ім і не захочацца.
Ясь ведаў, што, ладзячы «выдру», блатныя часта сыплюць у вочы ахвярам табаку або молаты перац. Згадаў пра гэта ў размове з Філіпам.
— Толькі так, не іначай. Я б яшчэ яму тоўчанага шкла дадаў і так далей, — шырока пазяхнуў Філіп.
Калі Ясь і Філіп расказалі пра задумку Ажуру, той толькі прысвіснуў і нейкі час нічога не адказваў. Потым запытаўся:
— А як машына?
— Што машына? — не зразумеў Філіп.
— Засвеціцца адразу ж.
— Зробім так: перад работай я перавярну нумар на другі бок, або зусім здыму.
— Трэба зварганіць іншы нумар і замазаць зоркі гразюкай.
Адчувалася, што Ажур не вельмі хінецца да гэтай работы. Але, відаць, ён не хацеў адмовіць хлопцам, якія без яго не далі б рады з «выдрай». Акрамя таго, ён ведаў, што ў Яся цяпер не моцна звініць у кішэні і хлопец перабіваецца з хлеба на квас. Гэта змусіла яго пагадзіцца.
Філіп Лысы задаволена пацёр рукі. Але тут жа схамянуўся, напусціў на твар сур’ёзную, абыякавую маску і пазяхнуў. Злодзей раптам успомніў, што мусіць трымацца свайго стылю.
Прыяцелі абмеркавалі ўсе дэталі. Былі вызначаныя тэрміны і месца сустрэчы. Філіп пачасаў у «Еўропу», каб па тэлефоне выклікаць аўтамабіль. Яны хацелі праехацца маршрутам, якім збіраліся ўцякаць пасля справы. Хоць работа здавалася даволі пэўнай, яны нічога не хацелі рабіць усляпую. Імкнуліся прадбачыць кожную дробязь.
Ясь пайшоў на Камароўку. Купіў там чвэрць кілаграма табакі. Вельмі старанна яе прасушыў і перацёр камячкі, каб яна была як мага больш лётнай. Падрыхтаваў стары пінжак і светлы фільцавы капялюш, каб сведкі нападу не маглі апісаць адзення, у якім ён ходзіць штодзень.
Заўтра ранкам па дзявятай гадзіне сакратар фінаддзела, як звычайна, выбраўся на пошту па грошы для гарвыканкама. Ззаду за ім валок ногі маркотны, абыякавы чырвонаармеец. Полы ягонага доўгага плашча, колеру старых вошай, боўталіся ў яго між нагамі. Вялікія падраныя чаравікі тармазілі рух. Ён клыгаў у іх, як у лыжах па голым бруку.
Сакратар гарвыканкама атрымаў восемсот тысяч рублёў, расклаў пачкі ў чамаданчыку, замкнуў яго і перацягнуў раменьчыкамі. Усё разам важыла блізу пяці кілаграмаў. Пакунак быў невялікі, таму змясціў яго пад пахай. Махнуў рукою сваёй ахове і ўпэўнена пакрочыў з пошты. У гарвыканкам ён не надта спяшаўся, таму цёпкаўся памалу. Ззаду за ім на адлегласці некалькіх крокаў апрача ягонага канваіра ішлі двое: Філіп Лысы і Ясь. Абодва яны былі з пісталетамі. Ясь меў у правай кішэні пінжака добра высушаную табаку. Ёю ён намерваўся сыпануць сакратару ў вочы.
Рух на вуліцы, якая была цэнтральнай артэрыяй горада, быў вялікі. На ходніках аж раілася ад людзей, якія брылі ў розных кірунках. Сярод іх было шмат вайскоўцаў і чыноўнікаў, багата школьнай моладзі.
Нашае таварыства набліжалася да павароту на вуліцу Багадзельную. Філіп Лысы штурхануў Яся локцем, кіўнуў яму галавою і, абагнаўшы сакратара гарвыканкама, шпарка сігануў уперад. Звярнуў улева. Там ужо стаяў заведзены аўтамабіль. Нумар, залеплены граззю, нельга было расчытаць. Брудам была абляпаная ўся кабіна. За стырном сядзеў Ажур. Філіп улез у машыну і, пакінуўшы дзверы прыадчыненымі, назіраў праз заднюю шыбу за рагом вуліцы. Праз пару секундаў кінуў Ажуру:
— Увага!
Ажур павёў галавою на знак згоды і мацней счапіў пальцы на стырне.
Ясь, збліжаючыся да павароту, зачэрпнуў з кішэні прыгаршчу табакі і перасыпаў яе ў левую далонь. Ён крыху нерваваўся, але быў настроены дзейнічаць у любых акалічнасцях. Параўнаўся з чырвонаармейцам.
Калі сакратар пачаў пераходзіць маставую, Ясь шпаркім рухам знізу ўверх сыпануў жаўнеру ў твар жменю табакі. Чырвонаармеец спыніўся і пачаў церці вочы кулакамі. Ясь выскачыў уперад. Табаку з левай рукі змясціў у правую. Зрабіў раптоўны скок і борзды кідок у твар сакратара. А потым аберуч ушчаперыўся за канец чамаданчыка і з усёй сілы яго тузануў.