Выбрать главу

Яся выклікалі з камеры толькі пасля абеду. Разам з ім у канцылярыі знаходзіліся яшчэ тры вязні. З усёй учарашняй партыі, якая складалася блізу з 20 чалавек, толькі іх пастанавілі адарыць свабодай. Пад наглядам усяго аднаго вартаўніка іх адправілі ў Следчы аддзел. Там іхныя даныя ўнеслі ў кантрольныя фармуляры, зрабілі ім фатаграфіі з нумарамі на грудзях для следчых альбомаў, узялі адбіткі пальцаў і, зарэгістраваўшы, адпусцілі. Ясь быў апошні. Яму аддалі канфіскаваныя рэчы. Там было ўсё, апрача партсігара. Пра яго нават ніхто і не заікнуўся.

Хлопец выйшаў на вуліцу. Нейкі момант ён стаяў на ходніку і на ўсе грудзі дыхаў вольнасцю. Вечар быў цёмны і халодны. Мінакоў амаль не было відаць. Ясь нібы асалавеў ад волі. Магчымасць пайсці куды хочаш прыгаломшыла яго… Хлопец разважаў, што яму цяпер рабіць.

Спачатку ён меркаваў падацца ў трушчобу[12] да Цыпы на Нізкі рынак. Але падумаў, што, найхутчэй, нікога там не застане. А трэба было паразносіць малявы, зашытыя ў ягонай вопратцы. Ісці дадому яму не хацелася, бо было невядома, якая там у час ягонай адсутнасці запанавала сітуацыя. Ужо другі месяц аб Марусі Лобавай не было ні слыху ні дыху. «Пэўна, зрабілася вялікай камісаркай». На Камароўку было задалёка. А як жа хацелася есці!

Яму ўспомнілася Мілка. Для яе ён меў акурат запіску ад брата, якога больш не было ў жывых. Мілка жыла адна і да таго ж зусім недалёка. Ясь засунуў рукі ў кішэні і спешна пашыбаваў уперад без паліто, калоцячыся ад холаду.

Мілу ён застаў удома. Яна здзівілася ягонаму з'яўленню. Але і радасці не хавала. Пра смерць брата яна ўжо ведала. Яся, з якім пазнаёмілася раней, яна запомніла як вясёлага і добрага Ігнатавага калегу. Нечаканы госць расказаў ёй пра спробу масавых уцёкаў з турмы, пра смерць ейнага брата і пра сваё вызваленне. Не забыўся запытацца ў дзяўчыны, як дае сабе рады.

— Усё добра, — адказала Міла. — Пяку булкі і прадаю на вакзале. Зарабляю нішто сабе.

Ясь пачаў выпорваць з адзення запіскі. Іх было больш за дзясятак. Знайшоўшы кавалак паперы ад Кулікоўскага, аддаў яго дзяўчыне. З горам напалам яны расчыталі дробныя грымзолі, выпісаныя алоўкам. Перакупшчыкі і калегі былі вінныя Кулікоўскаму ладную суму грошай. Ясь паабяцаў Мілцы дапамагчы спагнаць іх. Яны раіліся пра гэта, як раптам дзяўчына стукнула сябе ў лоб:

— Мы тут тары-бары разводзім, а ты, пэўна, галодны?

— Ой, так. З дванаццатай гадзіны, пасля турэмнай баланды, макавай расінкі ў роце не было.

— Добра. Зараз згатую вячэру. Але, можа, пераадзенешся. Пэўна, куслівых бландзінак набраўся ў вязніцы.

— Не, жывога срэбра[13] не маю. Неяк усцярогся. Нашая камера была, надзіва, чыстая. Але памыўся б з дарагой душой.

— Зараз усё будзе. Няма Ігната, то я ўжо табою займуся.

Ясь крыху саромеўся, не хацеў рабіць ёй клопату, але, калі сказаў дзяўчыне пра гэта, яна тупнула нагой:

— Але ж мне гэта ў радасць. Нічога не кажы, бо раззлуюся.

Яна мігам наліла ў чыгун вады. Запаліла ў пліце. Потым, дастаўшы з братавых рэчаў бялізну і адзежу, сказала Ясю:

— Я цяпер выскачу, куплю нешта на зуб, а ты, калі вада нагрэецца, бяры ды мыйся. І пераапраніся. Як слаўна, што ты завітаў.

І выйшла.

Кватэрка Мілы была невялікая. Адзін пакойчык і кухня. Але жытло было чыстае і ўтульнае. Ясь пачуваўся тут добра. Адной з прычын, чаму ён сюды прыйшоў, а ўласна галоўнай прычынай, была думка пра Мілку як пра жанчыну. Яна падабалася яму заўсёды. Пасля больш як двух месяцаў вымушанага цэлібату ў турме адзін толькі выгляд кабеты змушаў ягонае сэрца біцца часцей. Ён ведаў, што Лобавай няма. З апошняй перадачай атрымаў ад яе запіску:

«Я мушу ехаць у Маскву. Пастараюся хутка вярнуцца».

Гэта было адразу ж пасля ўваходу бальшавікоў у горад. З таго часу яна больш не азывалася.

Калі вада нагрэлася, Ясь памыўся і ўбраўся ва ўсё свежае. Мілы доўга не было. Хлопец нават пачаў хвалявацца. Шкадаваў, што дазволіў ёй выйсці адной, бо ноччу яе магла спаткаць нядобрая прыгода. Нарэшце пад акном пачуліся ейныя крокі. Яна вярнулася румяная, з ускудлачанымі валасамі.

— А што ж так доўга?

— Надта ж хацелася раздабыць крыху гарэлкі. Ты ж столькі часу не піў. Трэба замачыць тваё вызваленне.

— Ты мне болей да душы, чымся гарэлка, — адважыўся на шчырасць Ясь.

— Хіба таму ты й прыйшоў?

— Не толькі таму…

— Ясна… Кожны з вас прахвост… Адзін, можа, меней, другі болей… Ведаю вас, як аблупленых… Ат, што і казаць… Іншых-то я ганю ў каршэнь, як сабак шалудзівых, але ты мне дык нават і падабаешся… Добра, што за нос вадзіць не спрабуеш… Памагай! Жратва хутчэй будзе.

вернуться

12

Трушчоба — маліна, зладзейскае сховішча.

вернуться

13

Жывое срэбра (бландзінкі) — вошы.