Прычым ён торгнуў занадта моцна, бо аслеплены сакратар акурат падняў руку, каб працерці вочы. Ясь ледзь не ўпаў. Скочыў на ходнік. Праз імгненне быў каля машыны і ўлез у сярэдзіну. Філіп захлопнуў за ім дзверцы.
— Газу!
Аўто рванула з месца.
Ніхто з мінакоў на вуліцы не сцяміў, што адбылося. Сакратар цёр кулакамі вочы і бесперастанку крычаў:
— Трымай! Трымай! Трымай!
Але гэта не выклікала ніякай рэакцыі. Усе проста дадалі ходу і часцей пачалі перабіраць нагамі, асцерагаючыся, каб не трапіць у нейкую авантуру. Жаўнер паклаў карабін на бруку і таксама намагаўся прачысціць вочы.
Тым часам аўто выехала акружной дарогай на вуліцу Захар’еўскую. Потым павярнула на Даўгабродскую. І прыпынілася ў зацішным месцы. Ясь высеў і пачухаў дадому, каб пераадзецца. Грошы пакінуў у машыне. Філіп Лысы мокрай анучай старанна ачысціў ад гразі нумар і кабіну, на якой зноў выступілі чырвоныя зоркі і надпіс: «Камендантура».
Паехалі на вуліцу Вясёлую. Па дарозе Філіп Лысы адамкнуў чамаданчык і пераклаў грошы ў тэчку. Чамадан абкруціў пакавальнай папераю і перавязаў шнурком.
Машыну вярнулі ў гараж. Ажур і Філіп Лысы пайшлі ў гатэль «Наварасійскі». Ажур жыў там і далей.
Праз гадзіну з’явіўся Ясь. Быў свежапаголены і адзеты як звычайна — сціпла, але чыста.
Грошы падзялілі на тры часткі. Кожны атрымаў сваю долю. Брызентавы чамаданчык спалілі ў печы. Жалезныя часткі, акоўку і замок Філіп Лысы выкінуў у яму драўлянай прыбіральні на падворку.
Усе сляды і магчымыя доказы нядаўняй «выдры» былі ліквідаваныя. Супольнікі разышліся. Ясь быў задаволены і здабытай гатоўкаю, і сваім дзёрзкім чынам, здзейсненым разам са зладзейскімі тузамі.
Барана, заўсёды ўраўнаважанага, спакойнага, нібы нават млявага, які заўсёды ўмеў стрымліваць, хаваць і маскаваць свае пачуцці і думкі, у той дзень ажно скаланула ад нечаканасці: яго выклікалі з камеры на калідор. Там чакаў турэмны фельчар.
— Баран?
— Так.
— Аляксандр?!
— Так.
— Прашу прайсці са мной!
«Чаго яшчэ хоча гэты мудазвон?»
Яны пакрочылі ў канцылярыю, якая знаходзілася ў крыле недалёка ад турэмнай брамы. Там у малым пакойчыку месціўся імправізаваны на скорую руку лекарскі кабінет. Фельчар звярнуўся да вязня:
— Што табе баліць?
— Нічога.
— А страўнік ніколі не балеў?
— Часам трахан баліць.
Барану засвітала ў галаве, што незвычайная фельчарава цікавасць да ягонага здароўя можа мець нейкую важную падаплёку. Ён дадаў:
— А часам дык так моцна, што нельга вытрываць.
— А як з рэўматызмам?
— Жыць не дае. Ногі гэтак выкручвае. Бывае, цэлымі тыднямі з ложка не сходжу.
Фельчар дастаў тэрмометр, патрос яго, усунуў вязню пад паху і пачаў нешта парадкаваць у шуфлядзе. Баран выцягнуў тэрмометр і, не зводзячы вачэй з фельчара, абхапіў адзін яго канец пальцамі і пачаў як дуж церці шкло аб порткі, каб нагрэць прыладу. Глянуў на шкалу. Слупок ртуці паказваў 41. Разагрэў замоцна, таму пстрычкамі пачаў збіваць ртуць уніз. Сагнаў да 39 градусаў з рыскамі. Яшчэ зашмат. Баран хацеў, каб прылада паказвала невялікую гарачку. Максімум 37,5. Але фельчар устаў з-за стала. Баран маланкава ўсунуў тэрмометр пад паху. Фельчар праверыў паказанні на шкале і буркнуў сабе пад носам:
— Пакажы язык!
Потым паклаў далонь на лбе пацыента і сказаў:
— Сёння цябе перавядуць у шпіталь.
Баран вярнуўся ў камеру. Ён зразумеў, што хлопцы з вольнасці спрабуюць яго вызваліць з кічы. Не ўяўляў, як і якімі шляхамі яны дзейнічаюць, але быў у іх упэўнены. Пасля абеду яго адправілі ў турму на Грушаўскую. Там былі дзве камеры для хворых. Адна для заразных, другая для ўсіх астатніх. Хворых абслугоўвалі вязні з кароткімі тэрмінамі. Лячыў ці, хутчэй, толькі абследаваў хворых той самы фельчар.
Камеры былі малыя — на чатыры ложкі. Заразны аддзел быў пусты. У іншай камеры ляжаў вязень, які падчас працы на кухні абварыў сабе кіпнем твар і рукі. Паслугач быў толькі адзін. І нават ён, уласна кажучы, нічога асаблівага не меў да работы. Толькі прыносіў хворым ежу з кухні жаночай турмы.
Шпіталь, калі яго можна было так назваць, днём быў адкрыты, і хворыя маглі выходзіць на надворак: па ваду да студні або ў прыбіральню.
Увесь гэты стары, занядбаны будынак быў абгароджаны невысокім драўляным плотам. Над ім вісела некалькі радоў калючага дроту, расцягнутага між жалезнымі слупамі. Падворак пільнаваў узброены наглядчык. У браме стаяў яшчэ адзін вартаўнік. Там у маленькім флігелі знаходзілася канцылярыя жаночай турмы.