Выбрать главу

Баран дасведчаным вокам ацаніў сітуацыю: курнік, а не турма! Ён прадчуваў, што нядоўга будзе тут гасцяваць, але пакуль чакаў, што будзе далей.

Назаўтра яго выклікалі ў канцылярыю. Пабачыў там фарсіста апранутую Тоську Сароку. Калі Баран пераступіў праз парог, Тоська падбегла да яго і кінулася яму на шыю. Баран адчуў, што яна нешта ўсунула яму ззаду пад каўнер блузы. Наглядчыца незадаволена папярэдзіла Сароку:

— Нельга абдымацца з арыштантамі.

— Але ж гэта мой жаніх, і да таго ж хворы. Вы такая прыгожая, а такая суровая!

Тоська падміргнула Барану. Наглядчыца загадала яму сесці на лаве, а сама ўселася побач на зэдліку. Яна пераглядала харчы, якія Тоська прынесла Аліку. Кава з малаком у бутэльцы, белы хлеб, кілбаса, сотня папіросаў, кілаграм яблыкаў. Парэзала кілбасу. Паламала хлеб на некалькі кавалкаў. Агледзела бутэльку пад святло. Потым устала з месца.

— Спатканне закончанае!

Тоська развіталася з Бараном чулым «нявесціным» пацалункам. Ветліва падзякавала наглядчыцы і знікла. Баран забраў прадукты і скіраваўся ў аддзел хворых. Там з-за каўняра дастаў скручаную некалькі разоў і перавязаную ніткай цыдулку. Сеў каля акна. Паперка была запоўненая дужымі, выразна прапісанымі, як у газетных загалоўках, літарамі. Калегі з волі ведалі, што Мангол не здолеў бы разабраць іншага пісьма. Баран прачытаў па складах:

«У СЕРАДУ, АДРАЗУ ПА АБЕДЗЕ, ІДЗІ ДА СТУДНІ ПА ВАДУ. ДРОТ НА ПЛОЦЕ ЗА СТУДНЯЙ БУДЗЕ АСЛАБЛЕНЫ. ЯК ПАЧУЕШ ТРЫ РАЗЫ СІГНАЛ АЎТАМАБІЛЯ, БЯЖЫ АДРАЗУ ДА ПЛОТА. ПАМОЖАМ. БУДЗЕ ЧАКАЦЬ МАШЫНА І МЫ ТАКСАМА.

АЖУР».

Баран адчуў сябе выратаваным. Яго перапаўняла ўдзячнасць да верных сяброў. Накінуўся на ежу. А калі пацягнуў з бутэлькі каву, адчуў смак і пах алкаголю. У пляшцы была моцная гарэлка, зафарбаваная гарбатай і малаком. Упершыню за некалькі месяцаў Баран напіўся гарэлкі. Алкаголь разагрэў яго. Ежа падмацавала. Мангол паліў папіросу за папіросай. Яму было добра. Ён думаў пра Паўлінку. Нягледзячы ні на што, ён не мог выкінуць яе з сэрца. Дзяўчына была адзінай аздобай ягонага зладзейскага лёсу, і ён не мог ад яе адмовіцца. Ён сніў яе і бачыў у сваіх марах.

х х х

Серада была ўжо заўтра.

З самай раніцы Баран быў гатовы да ўцёкаў. Ягоны зрок адразу выхапіў, што паміж двума слупамі на плоце за студняй калючы дрот вісеў свабадней. Яго лёгка можна было апусціць уніз. Ён здагадваўся, што калегі зробяць гэта перад самымі ўцёкамі, у акрэслены час, калі ён будзе побач са студняй. А знакам для адыходу меўся быць згаданы аўтамабільны сігнал. Паркан быў невысокі. Чалавек сярэдняга росту мог сягнуць рукамі да яго верху.

Дакладна ў 11:45 з гаража камендатуры на вуліцы Захар’еўскай выехаў легкавік. Яго замовіў па тэлефоне з гатэля «Еўропа» дэлегат Азія. Дзяжурны ў той жа момант выслаў шафёра. Аўтамабіль затрымаўся ля параднага ўвахода ў гасцініцу. Неўзабаве ў дзвярах паказаўся Філіп Лысы. Пабачыўшы яго, кіроўца расплыўся ў вітальнай усмешцы ад вуха да вуха. Ён багоміў свайго шчодрага шэфа. Філіп загадаў везці яго ў сталоўку нумар 1. Колісь там быў рэстаран «Селект». Але затрымацца ён папрасіў пры наступнай браме. Там у глыбіні падворка была завэдзганая з выгляду кавярня, справы ў якой, аднак, квітнелі. Але госць, які б там замовіў каву, чуўся б там не ў сваёй талерцы. Вечарамі гэтую кавярню наведвалі цэлыя натоўпы. Гарэлка тут лілася ракой, а халодных закусак прадавалі цэлыя тоны. Бізнес, натуральна, быў нелегальны, але карыстаўся ўсебаковай падтрымкай і апекай уладаў. Філіп Лысы махнуў кіроўцу, каб той крочыў за ім. Яны прайшлі праз першую залу, дзе за столікам сядзеў Ажур. У наступнай зале Філіп замовіў для шафёра чвэртачку гарэлкі і гарачую кілбасу. Сам жа кульнуў пры бары вялікую шклянку жытнёвай самагонкі. Заплаціў за ўсё і загадаў кіроўцу чакаць ягонага вяртання. І выйшаў з кавярні.

Ажур ужо сядзеў у аўтамабілі за стырном. Яны рушылі ўперад. Было 13:20. У хуткім часе машына заехала на вуліцу Грушаўскую і павярнула ў вузкі завулак побач з вялікім складам дошак. Там чакаў Ясь. Каля паркана ляжалі дзве жэрдкі з убітымі на канцах цвікамі. Гэта былі свайго роду багры. Ясь праз дзірку ў плоце цягам апошніх пятнаццаці хвілін назіраў, што дзеялася на турэмным двары. Ён бачыў, як Баран пасля абеду выйшаў з турэмнага будынка. Вязень нёс у руках ручнік. Прысеў каля студні на кукішкі і пачаў яго мыць. Наглядчык не звярнуў на яго ніякай увагі. Ён быў заняты зняволенымі жанчынамі, якіх выводзіў па чарзе з камераў на шпацыр.