Баран пачуў гул рухавіка за плотам. Быў напагатове, бо адчуваў, што збліжаецца момант уцёкаў. Чакаў сігналу.
Калі аўто спынілася, Ясь падбег да дзверак, праз якія вылазіў Філіп.
— Усё добра. Мангол чакае ля студні.
У завулку не было ніводнай чужой душы. Склад дошак ужо даўно не працаваў. Таму перашкодаў не было зусім. Ажур выхіліўся з машыны і назіраў за дзеяннямі калег. Каля яго на пасажырскім сядзенні ляжалі два пісталеты.
Філіп Лысы і Ясь узялі жэрдкі і кожны з іх стаў непадалёк ад аднаго з двух слупоў, якія ўзвышаліся ў гэтым месцы над плотам. Яны паразумеліся адзін з адным позіркамі і зладжана зачапілі цвікамі верхні дрот. Пацягнулі яго долу, а адначасова з ім яшчэ тры ніжэйшыя рады дроту, аслабленага Ясем напярэдадні ўвечары. Гэты ўчастак плоту цяпер быў вольны ад самай цяжкай для Барана перашкоды.
Ажур тры разы прасігналіў.
Баран выпрастаўся на нагах. Наглядчык стаяў, павярнуўшыся да яго спінай, на адлегласці блізу трыццаці крокаў. Да плота было не далей за дзесяць метраў. Вязень пераадолеў гэты адрэзак за некалькі секундаў. Ушчаперыўся рукамі за верхні край плота і падцягнуўся ўверх.
У тую самую хвілю з тылу залямантавала адна з жанчын:
— Глядзіце! А людцы! Што ён робіць?
Кабета не ўсведамляла, што здае вязня. Яна проста на ўвесь голас выказала сваё здзіўленне. Наглядчык павярнуўся і вырваў з кабуры пісталет. Стрэліў, амаль не цэлячыся. Баран акурат у гэты момант саскочыў на другі бок плота. Філіп Лысы і Ясь адпусцілі дрот, а жэрдкі перакінулі праз паркан на супрацьлеглым баку завулка.
Праз імгненне яны былі ў машыне. Баран сеў спераду побач з Ажурам. Аўтамабіль ірвануў з месца.
Ззаду бухалі стрэлы. Наглядчык усляпую валіў у плот. Ён раз’ятрыўся не на жарты.
Блатныя ад’ехалі без перашкод.
Філіп Лысы пацёр далоні і сказаў Ясю:
— Але клёва ў нас выйшлі дзве «выдры» адна за адной.
— Як гэта?!
— Ну, першая з грашыма. А другая сёння з Манголам.
І Філіп пазяхнуў ад усяго сэрца. Фірмоваму злодзею не да твару нечым захапляцца і паказваць сваю ўсхваляванасць.
— Першая работа — гэта расійская «даліна». А другая — гэта сапраўдная «выдра», — скаментаваўЯсь.
Філіп пагардліва выпнуў вусны.
— От, трындзіш абы-што…
9
КРОЎ І БРУД
Сцюдзёны вецер матляў аканіцы, тармасіў дахі, свістаў на вуліцах, пераносіў аблокі пылу. Кароткая летняя ноч была цёмная, хоць вока выкалі.
Навокал савецкага кааператыва нумар 11, які забяспечваў бальшавіцкіх чыноўнікаў і работнікаў скупымі харчовымі пайкамі і мізэрнымі рэчамі, кружлялі таемныя цені. Гэта былі Казік Марацкі, Баран, Ясь і электраманцёр Мікалай Мішчанка, які знайшоў гэтую работу і паклікаў на яе хлопцаў. Ён даведаўся, што напярэдадні ў кааператыў даставілі муку, соль, запалкі, цыгарэты і алей. Сярод запасаў былі нават скураныя падэшвы, мыла і цукеркі. Тавары выдавалі асабліва заслужаным бальшавіцкім работнікам па спецыяльных картках. Усё гэтае дабро засталося ад немцаў, якія, пакідаючы горад, не паспелі яго вывезці.
Пры кааператыве была кватэра кіраўніка, дзверы з яе вялі ў краму. Работу трэба было выканаць з боку галоўнага ўвахода. Перш за ўсё ў вялікім ахоўным шчыце, які прыкрываў праўдзівыя дзверы, яны прасвідравалі цэлую сістэму адтулін, каб прасунуць рукі і зняць крукі ды масіўную жалезную завалу. Гэта заняло процьму часу. Пры гэтым арудаваў Казік Марацкі як найбольш дасведчаны ў такой рабоце. Нарэшце цяжкі, велічэзны шчыт можна было адвалачы набок. Праўдзівыя дзверы таксама трэба было свідраваць, бо знутры яны былі добра абароненыя. Яны зрабілі здолу досыць буйны праём і праз яго прасвідравалі ўсяго некалькі дзірак у апошніх, лёгкіх дзвярах. Потым нажом выразалі дзвярную панэль.
Марацкі ад гэтай справы моцна стаміўся. Дапамагаў яму Коля Мішчанка. Ясь і Баран у якасці свечак[24] вартавалі з двух бакоў вуліцы. Ва ўсіх была зброя. Калі лаз быў гатовы, Мішчанка, які выйшаў з дому босы, запоўз усярэдзіну. Аднак і знутры дзверы цяжка было адамкнуць. Гэта нарабіла б шмат шуму, а за сценамі крамы спалі людзі. І так вялікай удачай было, што блатныя праклалі ход у краму, не прыцягнуўшы нічыёй увагі. Таму трэба было выкарыстаць лаз як адзіны шлях, праз які можна было вынесці здабычу. Казік Марацкі таксама разуўся і ўлез у краму. Удваіх яны ўзяліся за справу. Ясь і Баран звонку забіралі падаваныя тавары і адносілі іх за рог дома, каб яны не ляжалі з боку вуліцы. Злодзеі выбіралі толькі самыя дарагія і неабходныя рэчы. У хуткім часе праца была закончаная. Але і да канца ночы было ўжо блізка.