— Пайшоў вон, сукін сын!
І борзда зацюхкаў нагамі па сходах уверх. Адчыніў дзверы ў кабінет старшыні гарвыканкама. Родзін парадкаваў дакументы на стале. Крыху затлумленым позіркам глянуў на каменданта, які з напускйой пачцівасцю весела загаманіў:
— Добры вечар, таварыш! Я ўражаны вашай працавітасцю. Хоць таксама часта працую цэлымі начамі.
Родзін нешта невыразна прабурчэў.
— Я хацеў бы да вас звярнуцца з адною справай, — цягнуў камендант. — Я лічу, што варта было б арганізаваць курсы палітасветы для чыноўнікаў усіх гарадскіх устаноў. Яны маглі б адбывацца ў групах. Мне патрэбная толькі вашая дапамога, каб знайсці адпаведнае памяшканне. І яшчэ…
Але Родзін абыякава адказаў стомленым голасам:
— Прабачце, таварыш, але на мяне, калі ласка, не разлічвайце.
Крывашэін прыкінуўся збітым з тропу:
— Чаму? Мэта настолькі важная…
— Таму, што я заўтра выязджаю ў Маскву на іншую пасаду. Учора атрымаў паведамленне. Заўтра складаю абавязкі.
Крывашэін напусціў на твар смутную міну.
— Спачуваю вам, таварыш!
— Чаму? Мне больш падабаецца Масква, чымся Менск.
— Але так раптоўна атрымаць па загрыўку… Нейкіх дроваў вы, пэўна, наламалі…
Родзін моўчкі глядзеў у камендантаў твар і разгублена разважаў, што той чаўпе. А Крывашэін прыдумаў сабе, што старшыня гарвыканкама спалохаўся, таму прыжмурыўся і павучальна прамовіў:
— Ніколі не трэба скакаць вышэй галавы і ўсаджваць нос у кожную дзірку!
— Не разумею. Пра што вы, таварыш?
— А пра тое, што тут часнаком нясе. Палес-ты-на… Трэба будзе добра праветрыць. Усяго найлепшага, таварыш. Кланяйцеся Маскве.
І не падаўшы Родзіну рукі, выйшаў на калідор. Пры гэтым так грукнуў дзвярыма, што аж тынк пасыпаўся са сцяны. Пасвістваючы, бойка збег са сходаў. Упхнуўся ў аўтамабіль.
— Куды? — запытаўся кіроўца.
— Вакол плошчы!
Шафёр ведаў, што наравісты камісар не любіць паўтараць сваіх загадаў, таму адразу ж завёў рухавік. Машына пачала кружляць па шырокай плошчы, прычым, калі яна мінала гарвыканкам, Крывашэін уставаў з месца і гучна крычаў у бок адчыненага акна Родзіна:
— А ку-ку!
На сёмым коле Родзін вызірнуў з акна. Камісар, набліжаючыся ў машыне да гарвыканкама, склаў далоні каля вуснаў у рупар і асабліва моцна зяўкнуў:
— Ку-ку!
«Звар’яцеў, мусіць», — падумаў Родзін.
Міліцыянт, які стаяў на варце пасярэдзіне маставой, кожны раз, калі побач праязджала машына, выцягваўся з павагай у струнку і трывожна паглядаў на вялікі аўтамабіль, які шалёным віхрам імчаў наўкола плошчы. Нарэшце машына спынілася перад гатэлем «Еўропа». Крывашэін уляцеў у хол.
Толькі тады міліцыянт выдыхнуў з палёгкай і гаркнуў у вуха бабулі, якая цялёпкалася праз вуліцу:
— А ку-ку!
Тая скаланулася, развярнулася і спешна паклыпала назад.
— А ку-ку!
Гэтым часам камісар ляцеў калідорам у пакой нумар трынаццаць, у якім пасля высялення Старцава зрабілі грунтоўны рамонт і паставілі дыхтоўную мэблю для… Філіпа Лысага.
Блатны быў акурат у сябе. Хвіліну таму ён закончыў шліфаваць крук шабера і схаваў інструмент разам з іншымі прыладамі, якія сёння забраў з Цылінай трушчобы, пад вечка піяніна.
Ён акурат мыў рукі пасля працы, калі пачуў лёгкі стук у дзверы.
— Запаўзай! — кінуў, не паварочваючы галавы ад умывалкі.
Дзверы адчыніліся, і праз іх з прамяністай усмешкай на твары ў пакой праслізнуў камісар. Выпрастаўся, шчоўкнуў абцасамі, узяў пад казырок і ўрачыста агаласіў:
— Таварыш дэлегат! Дазвольце далажыць, што мярзотніка Родзіна адразу ж прыбралі пасля аднаго кіўка вашага шаноўнага пальца. Заўтра складае паўнамоцтвы і выязджае ў Маскву!
Крывашэін меркаваў, што гэта менавіта Філіп Лысы паўплываў на перавод Родзіна, выканаўшы просьбу каменданта і ўзяўшы ад яго хабар. Філіп Лысы пазяхнуў і, надзьмуўшы вусны, працягваў паласкаць рукі.
— Адкліканы ў Маскву! Адкліканы ў Маскву! — радасна паўтараў Крывашэін.
— Чорт яго і там знойдзе і так далей, — скаментаваў Філіп.
Камісар ляпнуў сябе па сцёгнах.
— Як піць даць знойдзе! Асабліва, калі вы, таварыш, захочаце.
Філіп Лысы адвярнуўся ад умывалкі і падаў каменданту мокрую далонь. Той яе паціснуў. Філіп пачаў выціраць рукі.
— Як я магу, таварыш, засведчыць вам маю ўдзячнасць? — пытаўся камісар.
— Скажы, што ты дурнаваты!