Міла з заўважным задавальненнем кухарыла пры пліце. Для яе гэта была ўцеха, нешта новае ў жыццёвай манатоннасці. А яшчэ яна і сама была не супраць пазабавіцца са зграбным, сімпатычным хлопцам. Ёй не хапала мужчынскай ласкі і пяшчотных дотыкаў. Дзяўчына жыла незалежна і ведала, што з Ясем не згубіць сваёй свабоды. Ён быў для яе добрым, надзейным сябрам. Але Мілка нават не спадзявалася, што ён стане ейным каханкам ці мужам. Яна раскусіла яго даўно і цудоўна ўсведамляла, што ў галаве ў хлопца яшчэ гуляе вецер.
Першую ноч на волі Ясь правёў так, як ніколі не ўяўляў нават у марах. За ўсё ягонае жыццё гэта быў самы пікантны эратычны досвед. Магчыма, таму, што яны зусім не саромеліся, не баяліся ніякіх наступстваў, іх не скоўвала ні прытворства, ні нейкі разлік. Яны шчодра дарылі адно аднаму свае пяшчоты, былі разняволеныя і адкрытыя… А гэтага амаль не бывае ў «нармальным» жыцці.
2
ПАЎЛІНАВЫЯ ПЁРКІ
Мілы паміраў з голаду. З галаднечы і ад смагі. Калі арыштавалі Барана, яго карміла Маруся Лобава. Яна прыносіла сабаку есці з літасці, хоць ні Ясь, ні Алік не прасілі яе пра гэта. Потым, калі бальшавікі ўжо гаспадарылі ў горадзе, Маруся атрымала ліст ад мужа з Масквы. Пісьмо было пільнае, справа важная, і жанчына мусіла тэрмінова з’ехаць. Яна паспела, аднак, накупляць шмат розных харчоў для Яся і занесці іх у турму. Да перадачы яна далучыла запіску, а ліст да хлопца пакінула ў ягонай кватэры, ключ ад якой аддала Паўлінцы. Сваё жытло яна замкнула і ключ забрала з сабою.
Уладжваючы ў спешцы і мітусні безліч спраў, яна зусім забылася пра сабаку і нікога не папрасіла дагледзець жывёліну, хоць і ведала ад Яся, што Паўлінка ненавідзіць Мілага і не будзе пра яго клапаціцца.
Паўлінка ж засталася адна ў доме, дзе некалі жылі шэсць чалавек. Яна крыху баялася ўночы, але дзверы мелі добрыя замкі, а шыбы засцерагаліся аканіцамі. Таму вечарам яна заўсёды замыкалася, а на раніцу, папырскаўшыся парфумай з рэзкім пахам, ішла ў краму. Праводзілі і сустракалі яе вочы Мілага, поўныя галоднага бляску і нянавісці.
Па начах сабака выпаўзаў з буды на ўсю даўжыню ланцуга і старанна вынюхваў, ці няма побач хоць нейкай ежы. Ён даследаваў кожны лапік, кожны сантыметр даступнай яму тэрыторыі і заўсёды пераконваўся, што нічога ядомага там не было. Аднак ён не здаваўся і шукаў. Калі выпаў снег, Мілы мог прынамсі сагнаць смагу, якую ён пераносіў найгорш і праз якую яго не раз ліхаманіла. Але потым есці хацелася яшчэ мацней.
Мілы не мог даўмецца, чаму не прыходзіць Баран. Тужыў па ім страшна. У адну з начэй пачаў выць. Ад скавытання прачнулася Паўлінка. Жанчына лаялася, пераварочваюся з боку на бок і не магла заснуць. Яна была прымхлівая. Яе напоўніў страх. «Сабакі выюць на нечую смерць». У цэлым жа доме жыла толькі яна адна. Гэты страх перамог у ёй нянавісць да жывёлы. «А можа, ён скуголіць з голаду?» — сама сябе супакойвала Паўлінка. А сабака выў, скардзіўся ўсяму свету на людскую подласць, на тых, хто забраў у яго вольнасць і асудзіў на галодныя пакуты, на павольную смерць. І ён екатаў, галасіў енчыў…
Паўлінка не вытрымала. Устала з ложка і хацела абліць сабаку вадою. Але падумала: «Будзе ж яшчэ болей выць». Са злосцю рванула дзверцы кухоннай шафкі. На самай ніжняй паліцы ляжаў вялікі бохан вясковага хлеба. Неяк яна купіла яго ў запас на базары ў селяніна, мяркуючы, што з уваходам у горад бальшавікоў хлеб знікне. Але пакуль можна было спакойна набыць нават белыя булкі. Абы грошы былі. Бохан высах і зрабіўся як камень, яго нельга было ўкроіць нажом, а з аднаго боку нават пакрыўся цвіллю. Паўлінка ўзяла хлеб, адчыніла дзверы і кінула цяжкі бохан у цемру, у бок дварняковай буды. Сабака глуха забурчэў і забрахаў, выдаючы абрывістыя гукі. Паўлінка вярнулася ў пакой і залезла пад цёплую коўдру. Выццё сабакі спынілася.
Мілы доўга не чапаў хлеба. Яго мучыў голад, вабіла ежа, аднак ненавісны пах Паўлінкі не дазваляў наблізіцца да бохана. Звярок дасканала чуў яго тонкім нюхам. Асцерагаўся падману. Аднак праз некалькі гадзін пусты трыбух перамог. Сабака хціва ўпіўся зубамі ў цвёрдую хлебную скарынку.
Гэты бохан хлеба не даў яму памерці.
Ідучы раніцай у краму, Паўлінка не пабачыла нават хлебнай крошкі. Тое, чаго не здолеў з’есці, Мілы зацягнуў у буду.
Пасля Барановага арышту Паўлінцы нават у галаву не прыйшло дапамагчы яму ў турме. Наадварот, яна сама мела да яго прэтэнзіі, што цяпер на ейныя плечы легла пакупка дроваў, капуста засталася не квашанай, і бульбы загадзя таксама ніхто не набыў. Яна скардзілася на гэта Лідзіі Балі: