Ночы зрабіліся для яе страшныя і доўгія. Дні таксама цягнуліся, здавалася, цэлую вечнасць. Вечарамі яна ставіла люстра на стале і размаўляла з ім, як з жывой істотай. Але люстра маўчала, паказваючы ёй толькі штораз бляднейшы твар і ўсё больш запалыя вочы.
«Люстра, скажы мне!.. Злітуйся!.. Я не магу так жыць!.. Ужо тры тыдні… Пакажы хоць нешта пра яго!..»
Але ў адказ была цішыня, у якую часам упляталася толькі буркатанне варанка.
«Люстра…»
На чацвёртым тыдні адсутнасці Ажура вуліцай Захар’еўскай імчаў аўтамабіль. У ім сядзеў камендант Крывашэін. Ён быў крыху п’яны і злы. Прабегся вачыма па замкнёных крамах, заўважыў адчыненую вітрыну магазіна Запольскай. Там ляжалі роўненька раскладзеныя каляровыя алоўкі. Крывашэін загадаў кіроўцу спыніцца. Увайшоў у краму. Не прывітаўшыся, рэзка запытаў:
— Ці ёсць папера для пісальнай машынкі?
Запольская ўстала з-за прылаўка.
— Прыватным асобам я прадаю толькі каляровыя алоўкі і пакавальную паперу.
— Я не пытаюся пра алоўкі і паперу ў сральню, я пытаюся пра паперу для пісальнай машынкі, — закіпеў камендант.
— У мяне ёсць крыху паперы для машынкі, але я не магу яе прадаць. Гэтая крама працуе для гарадскіх устаноў. Уладальнік выехаў па тавар, а без яго я вам нічым не дапамагу.
— Не дапаможаш? Ну, то я табе так дапамагу, што мала не пакажацца!
Крывашэін грукнуў дзвярыма і выйшаў з крамы. На хвілю прыпыніўся і прачытаў прыклеенае на дзвярах пасведчанне з круглай пячаткай гарвыканкама, якое інфармавала, што крама забяспечвае гарадскія ўстановы і вызваляецца ад падаткаў, канфіскацыі тавараў і рэквізіцыі… Унізе пад словамі «старшыня гарвыканкама» стаяў подпіс Родзіна.
— А гэты жыдзяра яшчэ тут? У Маскву з ім або ў Палестыну!
Крывашэін зноў адчыніў дзверы ў краму, сарваў дакумент і падзёр яго на кавалкі.
— Што вы робіце?! — спалохана ўскрыкнула Запольская.
— Што хачу! І з табой магу тое самае зрабіць! Я камендант горада!
І выйшаў, зноў ляснуўшы дзвярыма, але гэтым разам яшчэ мацней. З шыбы пасыпалася шкло.
Запольская склала далоні і з жахам глядзела на кавалкі паперы, якія ляжалі пры выхадзе.
«Божа, навошта я адмыкала гэтую краму! Трэба было сядзець з зачыненымі дзвярамі, пакуль бы Янка не вярнуўся!»
Крывашэін паехаў у ЧК. Там зайшоў да кіраўніка палітаддзела. Гэта быў ягоны дружбак па п’янках і гулянках. Яны падтрымлівалі адзін аднаго і супольна правярнулі не адну цёмную справу. Напрыклад, ачысцілі ад буржуяў патрэбныя ім кватэры. Рабілася гэтак: буржуяў адпраўлялі ў турму, а адтуль на расстрэл на Камароўку. Пасля гэтага выносіліся рэчы. І кватэру прызначалі (часта за высокі хабар) таму, хто на яе прэтэндаваў. Існавала яшчэ шмат іншых спосабаў абабраць людзей і здабыць грошы, упрыгожанні і рэчы, або звесці асабістыя ці чужыя парахункі, натуральна, за добрую плату. Кіраўнік палітаддзела быў заняты. Працы ў яго заўсёды хапала, бо ЧК у Менску імкнуўся давесці цэнтральным уладам сваю стараннасць адпаведнай колькасцю арыштаў і смяротных пакаранняў. Але для каменданта ён знайшоў час: папрасіў прысутных чыноўнікаў выйсці з кабінета і прапанаваў каменданту крэсла:
— Сядай! Што новага?
— У мяне асабістая справа. Хачу, каб ты прыбраў адну буржуйскую сучку.
— Што за яна? Замала дала ці зашмат?
— Проста хачу яе правучыць. Занадта лычык задзірае. Трымае краму, мае тавар, але адмовілася мне прадаваць. Ведае, што я не заплачу ёй па спекуляцыйных цэнах, таму…
— Ага, спекулянтка!
— Яшчэ якая! Пэўна, там і золатка знойдзецца. Толькі шлёндру трэба добра прыціснуць… Але гэта мяне не цікавіць… Гэта твая праца.
— Як імя і прозвішча?
— Марыя Запольская… Вуліца Захар’еўская, дом нумар 37, кватэра два… крама канцылярскіх тавараў.
Калега каменданта занатаваў звесткі на паперчыне і засунуў яе пад чарнільніцу.
— Сёння ўночы правядзём вобшук, а праз тыдзень ці два — да сценкі.
— Дзякуй і да пабачэння. У мяне столькі спраў, а яшчэ тая сволач мой час забрала.
Яны парукаліся, і Крывашэін пакінуў будынак ЧК.
Пасля візіту Крывашэіна Марыся Запольская апусціла жалюзі ў вокнах крамы і замкнула дзверы. Пайшла ў кватэру. Яе ахапіў страх. Не ведала, што рабіць, але адчувала пагрозу, якая навісла над ёю, ейнай свабодай, жыццём і шчасцем. Яна была нібы спаралізаваная. Думкі блыталіся ў галаве. Нарэшце спешна пераадзелася ў сваю самую найгоршую сукню, каб выглядаць як мага бядней. Сабрала ўсе грошы, якія мела ў кватэры, і схавала іх у грудзях. Замкнула кватэру і рушыла ў горад.