Выбрать главу

— Хто хоча з ёй пазабавіцца? — кіўнуў галавою на Запольскую і ложак.

Іншы адказаў:

— Зашмат гонару для такой курвягі!

І тое, чаго Марыся больш за ўсё баялася, абмінула яе. Яна ўздыхнула з палёгкай. У гэты момант нехта скінуў са стала люстра, адзінага Марысінага сябра падчас гнятлівых вечароў… Яно разбілася на дробныя кавалачкі.

Пяцёра мужчын правялі ператрус крамы і кватэры. Іхныя рухі былі хуткія і спраўныя. Сам вобшук трываў доўга. Раніцаю кватэра выглядала як сметніца.

Запольскай загадалі адамкнуць падвал. Там таксама ўсё перарылі. Адзін цывільны доўгім стальным прутам поркаў у зямлю, шукаючы закапаных рэчаў. Потым пачаў тыцкаць жалязякаю ў зямлю на калідоры. Марыся назірала за ім з заміраннем сэрца. Каля самых дзвярэй была закапаная бляшанка з золатам, якое ёй даў Ажур. Яна ведала дакладнае месца. Стрыжань быў усё бліжэй. Сціснула рукі ў кулакі. «Знойдуць». Шчуп увайшоў у тое месца. Паглыбіўся… Нічога. Зноў поркнуўся… Нічога. Пайшоў далей…

«Цуд!»

Запольская не верыла, сваім вачам. Прут мусіў уперціся ў металічную бляшанку. Яна не ведала, што Ажур перад сваім выездам выкапаў золата і забраў з сабою. Ён не хацеў яе турбаваць сваім планам далёкага падарожжа на поўдзень, каб знайсці ім абаім ціхае прыстанішча.

Калі вобшук быў закончаны, мужчыны паклікалі старшыню кватэрнага камітэта. Запячаталі дзверы і аддалі яму ключ.

— Галавой адказваеш за гэтую кватэру! — сказаў яму адзін з агентаў.

Старшыня камітэта, трасучыся ад страху, узяў ключы. Язык прыклеіўся яму да паднябення. Ён не чакаў, што і на яго ўпадзе цень Надзвычайнай камісіі.

Туманным ранкам аўтамабіль выехаў з падворка ў бок ЧК. Марыся сядзела на заднім сядзенні паміж двума агентамі. З ейных вуснаў сарвалася адно ледзь чутнае слова: «Бывай!»

11

БЕНЕФІС ФІЛІПА ЛЫСАГА

Пасля доўгай і цяжкай вандроўкі, віхляння між варожымі лагерамі, Ажур нарэшце дабраўся з расійскага поўдня ў Маскву. Ён пераадолеў шмат цяжкасцяў і дакладна вывучыў дарогі, якімі планаваў вывезці Марысю з Менска. Цяпер ён вельмі непакоіўся і нерваваўся. Ён усведамляў, што Марыся можа не знаходзіць сабе месца і думаць немаведама што пра ягоны лёс. Ён заўсёды быў вельмі пунктуальны, а цяпер спазняўся на два тыдні. Але, нягледзячы на вялікія намаганні ды высілкі, яму гэтак і не ўдалося вярнуцца раней. Ён мусіў перакрочваць дзіўныя межы, якія змяняліся ледзь не штодзённа. Пераапранаўся, змяняў дакументы. Адзін раз прадзёрся праз фронт паміж белымі і чырвонымі. Пад Масквой ягоны цягнік сышоў з рэек, праз што загінула мноства людзей. Ажур быў ранены, што праўда, лёгка, але і так мусіў хадзіць у бінтах.

Ад закупкі паперы ён адмовіўся. Гэта заняло б у яго мінімум яшчэ тыдзень часу. Пастанавіў вярнуцца без грузу і паведаміць уладам, што транспарт у дарозе, а за атрыманы задатак даставіць у гарадскія ўстановы рэшту паперы, якая яшчэ заставалася на складзе ў Запольскай. Яе кошт быў прыкладна роўны велічыні задатку. Гэтак ён хацеў давесці да канца свае справы ў Менску, а пасля выехаць з Марысяй на Каўказ.

Ажур ехаў з Масквы цягніком «далёкага прызначэння», які складаўся са старых таварных вагонаў. У іх кішма кішэла ад людзей. Дахі і буферы таксама былі занятыя. Падарожжа з Масквы трывала два дні.

Чым бліжэй цягнік пад’язджаў да Менска, тым большая трывога грызла Ажура. Нарэшце Менск. Забітыя людзьмі пероны і вакзал.

Быў вечар. Ажур чым хутчэй паспяшаўся ў гатэль «Наварасійскі». Раздзеўся, з горам напалам вымыўся ў вялікай мядніцы, бо інакш ані ў гатэлі, ані ў іншых месцах горада нельга было памыцца. Паправіў бінты на плячы. Змяніў бялізну і адзенне. Свой падарожны гарнітур і бялізну ён укінуў у кафляную печку, якая стаяла ў куце. Падклаў некалькі паленцаў дроў і падпаліў. Адзенне аж варушылася ад вошай, цэлыя зграі якіх напаўзлі на Ажура падчас падарожжа. Пасля злодзей кулём вылецеў у горад.

Ажур нічога не баяўся. У яго былі добрыя дакументы, якія гарантавалі яму бяспеку сярод чырвоных. Ён быў упэўнены: калі б раптам нейкі шухер, то ягоныя доўгія ногі не падвялі б. Ён цудоўна размаўляў па-расійску. У яго быў дазвол на зброю і правераны пісталет пры сабе. Аднак ягонае нутро мітрэнжыў нейкі неспакой. Ён не мог пазбыцца прадчування, што сталася нешта кепскае. Гэта змусіла яго яшчэ хутчэй заперабіраць нагамі.

Мінуў браму, двор, калідор. У змроку ціхенька — як заўжды — пастукаў у дзверы. Унутры заўсёды адразу ж раздаваліся лёгкія, шпаркія крокі, А цяпер было ціха… Занадта ціха… Пастукаў мацней… Нічога… Запаліў ліхтарык. «Можа, Марыся некуды выйшла і пакінула цыдулку на дзвярах?»