Але замест запіскі ён пабачыў на дзвярах дзве чырвоныя пячаці, а паміж імі шнурок. Упершыню ў жыцці. Ажур запанікаваў. Як прыкуты, глядзеў на гэтыя страшныя знакі, нібы на дамавіну сваёй каханай, на Марысіну труну. Электрычны ліхтарык свяціў увесь час.
Ажур ішоў па двары і ціха насвістваў вальс. Першы раз за месяц ён зноў свістаў. Пастукаўся ў кватэру да дворніка. Блатны ўмеў лёгка заваёўваць людскі давер. У яго гэта выходзіла само сабой. Ён зычліва і шчыра ставіўся да ўсіх. Натуральная абаяльнасць і ў некаторай ступені шчодрасць таксама схілялі да яго. Дворнік заўсёды сардэчна ставіўся да яго і Марысі, ніколі не адмаўляючы, калі патрэбная была дапамога.
У дворніка аж выцягнуўся твар, калі ён пабачыў Ажура.
— Гэта вы?! А ў нас такое няшчасце!
— Што здарылася?
— Пані Запольскую арыштавалі чэкісты. Уночы прыехалі і забралі.
— Даўно?
— Тры дні таму. Кватэру апячаталі, а ключ аддалі старшыні дамавога камітэта. Сказалі, што ён галавой за тую кватэру адказвае. Можа, і вам не варта было тут з’яўляцца. А чаму вы не прысядзеце?
Ажур сеў.
— Можа, вы ведаеце, за што яе арыштавалі?
Дворнік развёў цёмнымі ад працы рукамі.
— Ніхто не ведае… Грабуць нават ні за што… Вядома, які цяпер час. Як нічога не зменіцца, то ўсіх вывезуць і расстраляюць. Цяжка жыць і марны лёс… Мяне два разы выклікалі ў ЧК, каб я даносіў, калі нешта заўважу ў камяніцы. Сказалі, калі не данясу, то і мяне забяруць. Але я не надта са скуры луплюся. Запозна мне ўжо быць Юдам. Не прывыклы я да гэтага.
Ажур слухаў і ціха свістаў. А ў галаве таўкліся думкі. «Перадусім трэба даведацца, дзе Марыся… А калі яе ўжо няма сярод жывых… Не. Мусіць жыць… Так хутка яны не пускаюць у расход. З тыдзень пасядзіць».
Устаў і моцна паціснуў руку дворніку.
— Дзякуй вялікі.
— Можа, жадаеце падсілкавацца ці пераначаваць? Дык калі ласка. Цяпер позна. Страх хадзіць па горадзе.
Але Ажур не мог спакойна ўседзець. Яго некуды гнала, смылела, каб нешта рабіць, каб ратаваць Марысю. У галаву прыходзілі Цыпа, гаспадыня трушчобы, Жаба і Філіп Лысы. Усе мелі свае сувязі і маглі яму дапамагчы. На гарвыканкам не было чаго разлічваць. Там у яго было слабае апірышча, калі Марысю і так ужо арыштавалі.
Філіп Лысы жыў найбліжэй, таму Ажур прыбавіў ходу, кіруючыся да гатэля «Еўропа», дзе быў ужо двойчы. На шчасце, застаў блатнога ў сябе. Той ляжаў на акуратна засцеленым ложку ў вопратцы і брудных ботах. Спаў. Быў п’яны. Ажур пабудзіў яго.
— Што за халера і так далей… — гэта былі першыя Філіпавы словы.
Але ўміг пазнаў Ажура, пазяхнуў і, пачэсваючы лысаватую галаву з высокім ілбом, сеў на ложку. Ажур пачаў спакойна і падрабязна расказваць яму пра стварэнне крамы, дамову з гарвыканкамам, выезд дзеля закупкі паперы, вяртанне, апячатаныя дзверы і размову з дворнікам. Філіп ведаў Марысю і вельмі паважаў. Яго вельмі ўсхвалявала гэтая справа.
— Ведаеш што, — сказаў ён калегу. — Нешта мне світае ў галаве, але не магу думаць, галава трашчыць і так далей. Трэба выпіць. Гэта дапаможа, — дастаў з шафкі бутэльку гарэлкі.
Прапанаваў Ажуру:
— Вып’еш?..
— Не хачу. Я не піў ужо месяц і цяпер не хачу.
— За здароўе Марысі!
Філіп выпіў сам, паморшчыўся, запаліў цыгарэту і на хвіліну задумаўся. Потым усміхнуўся і загаварыў:
— Ведаеш што, дружа? Мяне хлопцы шануюць, любяць, але думаюць, што мне пятай клёпкі бракуе. А я толькі складна гаварыць не ўмею, а кожную справу тут трымаю, — паказаў на далонь, якую сціснуў у кулак. — Твая справа для мяне таксама ясная. Цяжка дапетрыць, што тут і як, але я клянуся, што я тваю Марысю выцягну і так далей… Даю слова!
Філіп разлічваў на сваё знаёмства з Крывашэіным. Быў упэўнены: калі прыцісне каменданта, то здолее вызваліць Марысю. Таму цяпер яму хацелася крыху паіндычыцца і пахваліцца сваімі магчымасцямі перад паважаным фірмовым блатным. Зрэшты, ён сапраўды да канца не ведаў, які спосаб дзеяння дасць найлепшы эфект.
Яны пачалі раіцца. З усіх бакоў абсмоктвалі кожную дэталь. Зрабілі наступныя высновы. Па-першае, на Марысю зусім нічога не было, у кватэры не апаролі нічога, што яе б кампраметавала. Па-другое, крама і тавары знаходзіліся ў распараджэнні гарадскіх уладаў, а Марыся працавала на бальшавіцкія ўстановы. Па-трэцяе, трэба было абавязкова дазнацца, ці жывая яшчэ Марыся і дзе яе ўтрымліваюць. Хто загадаў яе арыштаваць? Якая была прычына затрымання?
Толькі высветліўшы ўсе абставіны, можна было б выбраць спосаб, як ратаваць Марысю. П’янаваты Філіп вальнуў сабе кулаком у грудзі і з пафасам прамовіў: